Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раней прыходзіў Барыс Дуброўскі, але ён памёр». Актывістка Ніна Багінская ў адзіночку пікетуе рэстарацыю ў Курапатах


Ніна Багінская
Ніна Багінская

73-гадовая Ніна Багінская штоаўторак прыходзіць на традыцыйную варту ў Курапатах каля рэстарацыі «Поедем поедим».

Ужо больш за два тыдні пікетаваньне рэстарацыі з штодзённага перайшло ў эпізадычны рэжым. На варту актывісты выходзяць у асобныя дні і ня больш як па 2–3 чалавекі, а то і ў адзіночку.

Ахоўніку сказала: «Парвеш сьцяг, пашыю новы. А табе будзе сорамна»

На дрэве побач з плотам рэстарацыі б’ецца на ветры невялікі бел-чырвона-белы сьцяг, пад ім вісіць стары заплечнік, але гаспадара сьцяга і заплечніка нідзе не відаць. Уваходжу на двор рэстарацыі, і толькі тут мяне сустракае Ніна Багінская. На грудзях плякат «Чамадан. Вакзал. Расея». У руках аркуш і асадка, куды актывістка заносіць нумары машын, што прыяжджаюць у рэстарацыю «Поедим поедим».

«Бачыце, толькі 15 нумароў сёньня, а раней па тры такія аркушы запаўняла. Людзей едзе ўсё меней. Не разумею, на чым рэстарацыя трымаецца, але неяк жывуць. Толькі і мы не здаёмся, — пачала Ніна Багінская расказваць пра варту каранавірусных часоў. — Даю тыя нумары нашым хлопцам. Яны вядуць улік, спрабуюць засароміць гэтых людзей, аналізуюць, адкуль прыехалі».

Ніна Багінская занатоўвае нумары аўтамабіляў, якія прыяжджаюць у рэстарацыю
Ніна Багінская занатоўвае нумары аўтамабіляў, якія прыяжджаюць у рэстарацыю

Яна расказала, як ахоўнік рэстарацыі Мікалай спрабаваў выгнаць яе з-за плота, дзе яна хавалася ад моцнага ветру, а яна ўпіралася. Тады ахоўнік пагражаў разарваць сьцяг.

«Сказала яму, хай рве, калі ня сорамна. Я ж пашыю новы і зноў прыйду. Ён думае, што калі засталася адна, дык запалохае? Не на тую нарваўся».

Лёзунг «Чамадан. Вакзал. Расея», на думку Багінскай, якраз сёньня актуальны.

«Гэты лёзунг вылучыла апазыцыя ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, калі Расея пачала патрабаваць шчыльнай інтэграцыі ад Беларусі. Гэта было ў красавіку 1995 году, якраз 25 год таму. Цяпер новы наступ на незалежнасьць Беларусі. Але лёзунг яшчэ і супроць тых мясцовых, хто дапамагае Расеі тут», — кажа Ніна Багінская.

Не баіцца каранавірусу

Жанчына ня носіць мэдычнай маскі, рукі без пальчатак. Пытаюся, ці не баіцца падхапіць тут хваробу, ці неяк засьцерагаецца?

«А чаго мне баяцца? У рэстарацыю я не хаджу, з наведнікамі кантактую праз шкло іх аўтамабіляў. Мяркую, ад каранавірусу найперш карысны імунітэт, таму, як магу, яго падтрымліваю. У тым ліку тым, што знаходжуся тут на халодным ветры, а каб не замерзнуць, хаджу, рухаюся. Мне адной нават лепш, чым у кампаніі, — ніхто не замінае думаць», — кажа Ніна Багінская.

Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» пачалося амаль два гады таму, на пачатку чэрвеня 2018 году. Пратэстоўцы дамагаюцца закрыцьця ўстановы, якая, на іх думку, пабудавана ў ахоўнай зоне Курапатаў праз карупцыйную схему.

На агульных сходах прадстаўнікоў апазыцыйных партый і арганізацый з удзелам асобных абаронцаў Курапатаў ня раз пастанаўлялі, што пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» будзе працягвацца, пакуль яе не зачыняць. Але ў сакавіку сытуацыя зьмянілася. З прычыны каранавірусу некаторыя актывісты пачалі прапускаць варты, пікетаваньне зрабілася нерэгулярным.

Ніна Багінская кажа, што ёй было б цяжка сысьці безь перамогі, але калі б такое рашэньне было прынята, яна б падпарадкавалася. Хоць спадзяецца, што такога не адбудзецца.

«Як вырашыць моладзь, у асноўным яна тут запраўляе. Я ж гатовая змагацца далей. Ведаю, што апроч мяне выходзяць Зьміцер Дашкевіч, Ганна Шапуцька з мужам Віктарам, магчыма яшчэ хто. Я адказная за аўторак і працягваю сваю справу рабіць. Раней прыходзіў па аўторках Барыс Дуброўскі, ён заўсёды быў са сьцягам, зь ім было цікава і пагаварыць, але ён памёр. Вельмі шкадую, добры быў чалавек і вельмі сумленны».

«Нават міліцыянты дапамагалі ў рэанімацыі Барыса, ліхтарыкамі сьвяцілі»

Барыс Дуброўскі, архіўнае фота
Барыс Дуброўскі, архіўнае фота

Ніна Багінская была апошняй, хто кантактаваў з абаронцам Курапатаў Барысам Дуброўскім. Яна згадвае падзеі 17 сакавіка, калі той у апошні раз дзяжурыў у Курапатах і па дарозе з варты памёр, фактычна ў яе на руках.

«Мы аддзяжурылі, усё было нармальна. Барыс згарнуў сьцяг, сабралі рэчы, пайшлі да прыпынку. Звычайна я іду адразу адсюль пад кальцавую і па тым баку іду да прыпынку, а ён любіў хадзіць праз Галгофу. Але ішлі ж разам, і я пагадзілася прайсьці ягоным маршрутам. Прайшлі, ужо былі за кальцавой, ішлі міма таго месца, дзе стаялі намёты, калі апошні раз баранілі Курапаты ад будоўлі. А ён якраз у той дзень надзеў новыя красоўкі і казаў, што намуляў нагу. І вось ідзём, ужо непадалёк ад вуліцы Мірашнічэнкі, як Барыс паваліўся са сьцежкі наўпрост на хмызьняк. Кінулася яму дапамагаць, каб выцягнуць, падняць, а ён не варушыцца».

Багінская расказвае, што на дапамогу прыйшлі людзі. Хтосьці зь іх нават пазнаў у Дуброўскім абаронцу Курапатаў. Выклікалі хуткую, зьявіліся міліцыянты.

Рэстаран «Поедем поедим»
Рэстаран «Поедем поедим»

«Тыя нават дапамагалі лекарам, усё ліхтарыкамі ад тэлефонаў сьвяцілі. Дзяўчаты з хуткай да апошняга за Барыса змагаліся, рабілі яму штучнае дыханьне, устаўлялі ў рот трубку ад нейкага меха, спрабавалі запусьціць дыханьне. Можа, дзьве гадзіны гэтак было, але потым прызналі, што ўсё, памёр. Вельмі добры быў чалавек».

Дырэктарка рэстарацыі сфатаграфавала карэспандэнта Свабоды падчас размовы зь Нінай Багінскай і занатавала нумар яго аўтамабіля.

А 19 гадзіне вечара ў рэстарацыі «Поедем поедим» не было ніводнага наведніка. На ўваходзе стаяла адміністратарка, уздоўж сьцяны некалькі афіцыянтаў, але за сталамі — пуста. На першым ад уваходу століку наведнікаў чакалі велікодныя булкі — па 12 рублёў за булку. «Аўтарская работа», — патлумачыла вялікі кошт велікодных булак адміністратарка «Поедем поедим».

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG