Пра сьмерць Барыса Дубоўскага паведаміла ў «Фэйсбуку» ўдзельніца курапацкай варты Натальля Саматыя.
Натальля Саматыя шукае сваякоў Дуброўскага. Тых, хто зь імі знаёмы, просіць патэлефанаваць на мабільны +375257875535 ці хатні 2434032 нумар.
Яна расказала «Новаму часу», што Барыса Дуброўскага ўчора шукалі ўдзельнікі варты ў Курапатах. Нехта чуў, што на вуліцы Мірашнічэнкі ўпаў мужчына. Саматыя пачала тэлефанаваць Дуброўскаму — спачатку ніхто не адказваў, пазьней падняла слухаўку жанчына-сьледчая і паведаміла ёй, што Дуброўскі памёр учора на вуліцы Мірашнічэнкі, і папрасіла, каб знайшлі яго сваякоў. Цяпер цела Дуброўскага знаходзіцца ў моргу.
Ніна Багінская расказала, што 17 сакавіка вярталася з Дуброўскім у 19 гадзін з «курапацкай варты». Спадар Барыс упаў на траву са сьцяжынкі, людзі, якія былі побач, выклікалі хуткую. Дактары спрабавалі яго рэанімаваць, але ён ужо памёр.
Паводле Натальлі Саматыі, пару тыдняў таму Барыс Дуброўскі таксама падаў на вуліцы. Тады яго ўгаворвалі выклікаць хуткую, але ён адмовіўся.
Барыс Дуброўскі ўдзельнічаў у курапацкай варце цягам двух гадоў, хадзіў туды двойчы на тыдзень — па аўторках і пятніцах. Заўжды стаяў з 16 да 20 гадзін. Ён кепска чуў, але езьдзіў падтрымліваць паплечнікаў у суды, а сёлета сам быў аштрафаваны за ўдзел у сьнежаньскіх акцыях за незалежнасьць Беларусі. Год таму на варце Барыса Дуброўскага пабілі наведнікі рэстарана «Поедем поедим».
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты