Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі адказаў на прэтэнзіі Макея наконт тэстаў на каранавірус, транзыту і заражаных будаўнікоў АЭС


Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў, архіўнае фота
Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў, архіўнае фота

У інтэрвію Tut.by амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў адказаў на пытаньні пра рэакцыю на ранейшае інтэрвію міністра замежных спраў Беларусі Ўладзіміра Макея.

Пра тэсты на COVID-19

Макей у інтэрвію 10 красавіка казаў, што «Мы, вядома, удзячныя [Расеі за гуманітарную дапамогу], але 10 тысяч тэстаў — гэта на 2,5 дня працы», а таксама заявіў, што «расейскія тэсты ненадзейныя, яны даюць верагоднасьць выяўленьня каранавірусу парадку 60%. Так што нам цяпер гэтыя тэсты не патрэбныя».

Што адказаў Мезенцаў:

  • «Ні Расея, ні Беларусь як дзяржавы, ні мы як прадстаўнікі братніх народаў ня маем права зь лінейкай, калькулятарам лічыць, хто крыху больш за каго зрабіў крокаў насустрач, на колькі сантымэтраў стаў бліжэй адзін да аднаго, колькі кіляграмаў гуманітарнай дапамогі давёз або не давёз».
  • «[10 тысяч тэст-сыстэмаў на COVID-19] былі дастаўленыя з Масквы на, што таксама сымбалічна, беларускім рэфрыжэратары, і мы іх перадалі ў Цэнтар гігіены, эпідэміялёгіі і аховы здароўя. Многа гэта ці мала? У запыце было пазначана 10 тысяч. Было б пазначана больш, мы, напэўна, таксама хутка адказалі б на запыт, як той казаў, лічба ў лічбу».
  • «Яшчэ былі дастаўленыя 140 набораў тэст-сыстэмаў для выяўленьня каранавірусу на 14 тысяч дасьледаваньняў. Таксама пазаўчора, гэта важны эпізод, але не хачу зь яго рабіць звышпадзею або эпахальны этап, „губэрнатар“ Горадзенскай вобласьці прыняў ад Расеі 50 тысяч рэсьпіратараў „Лепесток“ высокай ступені абароны. [...] Гэта быў фармалізаваны запыт беларускага боку».
  • «Ведаючы, наколькі прыдзірліва ставіцца галоўны санітарны ўрач Расеі Ганна Папова да сваёй справы, я перакананы, і пра гэта сказала [галоўны санітарны ўрач Беларусі] Натальля Жукава, прымаючы гэтыя тэсты, што расейцы паставілі дыягнастычны матэрыял „як сабе“. І ні ў кога і нідзе не павінна быць у гэтым ніякіх сумневаў».

Пра рэакцыю расейскіх тэлеканалаў на сытуацыю з COVID-19 у Беларусі

Макей характарызаваў сюжэты расейскіх тэлеканалаў пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі як «абсалютна непрымальныя» і казаў, што расейскім каналам «лепей бы паглядзець, што робіцца ў сябе ў краіне».

Мезенцаў адказаў, што «хто разумнейшы, той маўчыць»:

«Гэта нагадвае фільм „Папялушка“, дзе мачыха лічыла: прынц паглядзеў на нас, запісвай, два разы, усьміхнуўся — адзін раз. Калі мы героі казкі, мы пойдзем па гэтым шляху, а калі мы сур'ёзныя дарослыя людзі, то мы павінны знайсьці ў сабе мужнасьць перастаць крыўдзіцца з тых нагодаў, якія таго ня вартыя. А калі нагоды сур'ёзныя, то трэба прагаворваць адзін з адным, умеючы данесьці свае пытаньні, і часам нават зьдзіўленьне, да свайго партнэра так, каб, яго не пакрыўдзіўшы, выйсьці на ўмацаваньне адносін».

На пытаньне пра тое, ці ня выйдуць Беларусь і Расея «разьведзенымі, як пары, з самаізаляцыі», Мезенцаў адказаў: ён «абсалютна ўпэўнены, што гэтага ня здарыцца».

Пра расейскіх будаўнікоў БелАЭС з падазрэньнем на каранавірус

Макей пасьля словаў «паглядзець, што робіцца ў сябе ў краіне», таксама адзначаў, што ў Ніжнім Тагіле было нуль інфікаваных новым каранавірусам (пра першага стала вядома ў дзень публікацыі інтэрвію), а «да нас зь Ніжняга Тагілу на будаўніцтва АЭС прыяжджаюць 15 заражаных каранавірусам».

Мезенцаў адказаў, што тыя будаўнікі былі правераныя ў Маскве, прайшлі 14-дзённы карантын і толькі пасьля гэтага былі дастаўленыя ў Астравец.

«Больш за тое, у Астраўцы ў іх узялі тры тэсты, і апошні ва ўсіх 15 чалавек аказаўся адмоўным, — дадаў расейскі амбасадар. — Але нават пасьля выхаду зь лякарні яны будуць яшчэ знаходзіцца на карантыне».

Пра праблемы беларусаў з транзытам праз Расею

Макей на пытаньне пра тое, якой яшчэ дапамогі Беларусь прасіла ў Расеі, згадаў, што Расея «нечакана закрыла межы» — і гэта прывяло да таго, што пэўны час беларусаў «проста выкідалі з самалёта», «сем’і разьдзялялі».

Мезенцаў пачаў адказ на пытаньне пра гэта з таго, што Лукашэнка і Ельцын падпісалі ў 1999 годзе «саюзную дамову». Журналістка Tut.by Алена Талкачова, якая брала інтэрвію, пажартавала, што «вось мы і знайшлі корань усіх праблемаў».

Расейскі амбасадар патлумачыў: тая дамова — «дзіўны дакумэнт», закліканы «зрабіць нас мацнейшымі і бліжэйшымі адзін да аднаго». Але «мы хочам пераскочыць прорву ў два скачкі».

«Вось гэтая сытуацыя праявіла, што прапісаны статус беларускага пасажыра як грамадзяніна Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі недастатковы», — адзначыў Мезенцаў.

Пасьля ён дадаў, што чуе ў інтанацыі пытаньня тое, што з расейскага боку шукаюць «недастаткова братняга стаўленьня да грамадзян Беларусі».

«Я дапускаю, што ў рэжыме стрэсу, форс-мажорных абставінаў адно зь вядомых турагенцтваў паводзіла сябе не зусім адэкватна, і ў нейкай ступені ў лічаныя гадзіны расейскім авіяперавозчыкам трэба было напрацаваць новы досьвед, — сказаў расейскі амбасадар. — Але таксама скажу, што літаральна ў лічаныя дні нарматыўная база, якая вызначала абмежаваньні на ўезд-выезд з Расейскай Фэдэрацыі, была зьмененая».

Пра цану на газ

14 красавіка Аляксандар Лукашэнка прасіў Уладзіміра Пуціна даць зьніжку на газ. Мезенцаў згадаў і гэта.

«Цягам многіх і многіх гадоў Расея, падтрымліваючы ўнікальны саюзьніцкі характар двухбаковых стасункаў, адказвае на запыты беларускага боку станоўча, даючы ўнікальную цану на нафту і нават да апошняга часу на газ, — казаў Мезенцаў. — [Газ,] вядома ж, павінен прадавацца па цане ў межах заключаных і падпісаных кантрактаў. Але гэта не выключае магчымасьці сядаць за стол перамоваў і дамаўляцца».

Мезенцаў падкрэсьліў, што рынкавыя ўгоды трэба трактаваць «ня так, як гэта выгадна аднаму з бакоў, а так, як патрабуе ўсясьветная практыка». Але сказаў, што гэта ня значыць, што газ Менску ня будуць прадаваць па ўсясьветных цэнах, ніжэйшых за ўзгодненыя цяпер.

Ён дадаў, што ў доўгай пэрспэктыве гэта можа не прывесьці да выйгрышу Беларусі, бо ўсясьветныя цэны могуць вырасьці, а «стабільнасьць і арыентаванасьць на шматгадовую супрацу заўсёды больш выгадныя за імгненную прэмію».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG