Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Велікодны падарунак нашым чытачам. Выйшаў у сьвет вялікі «Каліноўскі на Свабодзе»


«Каліноўскі на Свабодзе»
«Каліноўскі на Свабодзе»

Больш за 800 старонак, дзясяткі аўтараў, сотні герояў. 20 гадоў кансалідацыі беларусаў вакол свайго нацыянальнага героя і 20 гадоў змаганьня ўладаў супраць памяці пра яго.

Беларусь, вядома, не Ўкраіна, дзе падчас пандэміі ўключылася, як кажуць самі ўкраінцы, «майданная энэргетыка». Але самапомач беларусаў уражвае. Фірмы шыюць маскі, рэстараны гатуюць мэдыкам бясплатна, людзі зьбіраюць грошы і сам гэты народны карантын варты таго, каб назваць яго фэномэнам. Ну ня ўпала ж гэта ўсё зь неба і паўстала не на пустым месцы.

А было так...

У траўні 1995 году ўлады нанесьлі беларускай нацыі сакрушальны ўдар — рэфэрэндум, які мусіў зьнішчыць беларускую мову і гістарычную памяць. Дзяржава ў той дзень рашуча аддзяліла сябе ад грамадзтва, а грамадзтва надоўга ўвайшло ў кому і паныласьць. Мусіла вырасьці новае пакаленьне беларусаў ва ўмовах, калі немагчыма было зьвязваць свае спадзяваньні з уладамі, а разьлічваць толькі на сябе.

Грамадзтва патроху кансалідавалася, зьбірала грошы на кнігі, імпрэзы, сацыяльную дапамогу. І ўсё гэта з часам нарастала, нібы сьнежны ком. Найбольш яскрава і змагарна самапомач праяўлялася вакол імя Кастуся Каліноўскага і паўстаньня 1863-64 гадоў. Апагеем гэтай кансалідацыі стала ўрачыстае пахаваньне паўстанцаў летась у лістападзе. Сотні бел-чырвона-белых сьцягоў, тысячы ўдзельнікаў. І хоць ладзіла пахаваньне Літоўская дзяржава, гэта была відавочна беларуская падзея.

Па аналёгіі з украінскай «майданнай энэргетыкай» сёньняшні беларускі народны карантын можна назваць «каліноўскай энэргетыкай». Ва ўмовах, калі дзяржава кінула мэдыцыну адзін на адзін зь бядой, уключылася беларускае грамадзтва, якое аказалася гатовым да такіх выпрабаваньняў.

У новай кнізе ёсьць паказальная гісторыя Станіславы Гусаковай. У кастрычніку 2012 году гэтая віцебская актывістка прыехала на другі канец краіны, у горад Сьвіслач, каб разам зь іншымі ўшанаваць памяць Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў. У Сьвіслачы ёсьць адзіны ў Беларусі помнік герою і каля яго штогод на Дзяды зьбіраюцца актывісты з усёй краіны.

Каля помніка герою Станіслава сказала: «Я вельмі ўсьцешана, што сюды трапіла, паколькі лёс маёй сям’і цесна зьвязаны з Каліноўскім. Мой прапрапрадзед быў сасланы пасьля паўстаньня, а я пасьля выбараў 2006 году навучалася па праграме Каліноўскага. І вось цяпер я вярнулася і прыехала на зямлю, дзе жыў чалавек, якому я абавязаная лёсам сваім і сваёй сям’і».

За ўдзел у імпрэзе Станіславу Гусакову, а таксама Алеся Крата і Вітольда Ашурка арыштавалі і асудзілі на трое сутак (усе астатнія ўдзельнікі ўшанаваньня памяці былі пакараныя штрафамі). Выйшаўшы на волю, Станіслава пакінула на сайце Свабоды такі камэнтар:

«Велізарны дзякуй усім, хто за нас перажываў, а асабліва спадару Юрасю Глебіку і ягонай жонцы за цёплы прыём, за начлег, за падтрымку і ўсялякую дапамогу!»

Тэма арыштаў і штрафаў у новай кнізе — скразная, але не адна. Важная тэма — дасьледаваньне і асэнсаваньне асобы героя і ўсяго Паўстаньня. Пра гэта — у тэкстах Сяргея Абламейкі, Уладзімера Арлова, Сяргея Астраўцова, Вінцука Вячоркі, Васіля Герасімчыка, Алеся Краўцэвіча, Вячаслава Ракіцкага, Міхася Скоблы, Алеся Смаленчука, Сяргея Харэўскага ды шмат іншых аўтараў.

І тут пастаянным рэфрэнам — умяшаньне дзяржавы, імкненьне сьцерці імя героя з гістарычнай памяці. Дзяржава скасоўвае ордэн Каліноўскага, руйнуе помнікі паўстанцаў, называе паўстаньне «польскім», ухваляе малебны за Мураўёва-вешальніка. Але раптам улады натыкаюцца на магутную кансалідацыю беларусаў і ўсё ж такі прысылаюць на пахаваньне віцэ-прэм’ера Петрышэнку з прамовай. Няма сумневу, што і сёньня, бачачы беларускую самапомач і народны карантын, улады ўвядуць такі карантын на дзяржаўным узроўні.

Як сказана ў новай кнізе, «змаганьне за Каліноўскага стала першай вайной за Беларусь у 21 стагодзьдзі, якая скончылася перамогай».

Сёньня змаганьне супраць каранавірусу становіцца другой такой нашай вайной.

  • Замовіць новую кнігу можна тут.
  • Чытаць у фармаце PDF можна тут.


З улікам складанай эпідэміялягічнай сытуацыі выкананьне замоваў зойме болей часу, чым звычайна. Спадзяемся на вашае разуменьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG