Ад каранавірусу ў Беларусі выздаравелі 172 чалавека. Міністэрства аховы здароўя Беларусі абнавіла статыстыку па хворых на каранавірус.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі на 11 красавіка. Інфармацыя апублікаваная ў тэлеграм-канале міністэрства. Каранавірус выявілі ў 2226 чалавекі, на лячэньні 2031 чалавек, 23 чалавекі памерлі, 172 — выздаравелі. За суткі агульная колькасьць захварэлых вырасла на 245 чалавек.
У 52 пацыентаў каранавірус праходзіць са ўскладненьнямі, яны падключаныя да апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ