Нягледзячы на пашырэньне эпідэміі каранавірусу, у Менску працягваюцца рэпэтыцыі параду на 9 траўня. Аляксандар Лукашэнка заклікае правесьці мерапрыемства «на найвышэйшым узроўні». Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў кажа, што рашэньне мае быць палітычным. Свабода пагаварыла з вэтэранамі, якія прапануюць сёлета сьвяткаваць Дзень Перамогі дома, а не на парадзе.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Валянціна Баранава, 96 гадоў: «Не сышоўся ж клін толькі на гэтым 9 траўня!»
Жыхарка Горадні Валянціна Баранава пайшла на фронт у 18 гадоў радысткай. Прайшла ўсю вайну, Перамогу сустрэла ў Празе. Яе ўзнагародзілі нагрудным знакам «За жаночую мужнасьць». У мірны час працавала настаўніцай музыкі. Мае трох дзяцей, шэсьць унукаў, праўнука.
Штогод энэргічную спадарыню Валянціну запрашалі на сьвяточныя імпрэзы з нагоды Дня Перамогі. Аднак сёлета яна мяркуе, што варта застацца дома.
«Як мы можам рызыкаваць жыцьцём людзей, нашых землякоў?! Урэшце, не сышоўся ж клін толькі на гэтым 9 траўня!» — эмацыйна кажа вэтэран.
Яна мяркуе, што адзначаць сьвята можна ў любы час.
«Мы ж 75 гадоў жывём пад мірным небам. Што яшчэ нам трэба? Цудоўны горад, жыхары нашага гораду ўсе апранутыя цудоўна. Я ня ведаю, мне здаецца, машын поўна, немагчыма прайсьці. Дамы прыгожыя. Каля дамоў цудоўная тэрыторыя дагледжаная», — разважае жанчына.
На ейную думку, яшчэ нядаўна каранавірус падаваўся беларусам жартам, людзі не разумелі ягонай небясьпекі.
«Дый імя яшчэ якое — „карона“ — зрабілі гэтаму праклёну, вірусу. Адкуль ён толькі ўзяўся? Зусім нядаўна... і зьвестак такіх не было, каб нехта ў нас заразіўся. А там, што робіцца там, „за бугром“...», — перажывае суразмоўніца.
Цяпер, мяркуе спадарыня Валянціна, варта прыслухацца да «разумных галоваў» і «слухаць, што ў іншых дзяржавах робіцца».
«Мы не павінны сваё нешта прыдумляць... Цяпер, калі слухаеш перадачу, то першае пытаньне — гэта праблема з гэтай хваробай. І калі заклікаюць нас, асабліва старых, быць дома, нікуды не выходзіць, то мае дачка і сын у адзін голас кажуць мне: „Мама, мы цябе нікуды ня пусьцім“... Мне дачка сказала: „Мама, калі ты крышку наш паважаеш, калі ты шкадуеш нас, то ты нікуды ня пойдзеш“», — кажа жанчына.
Яна згаджаецца з навукоўцамі, што старыя найбольш уразьлівыя да гэтай хваробы, але заўважае, што церпіць і моладзь.
«У нас няма па фізычным нашым складзе, узроставым, унутраных сілаў, якія б змагаліся з гэтай інфэкцыяй... Мабыць, думка гэтая ідзе ад людзей, якія зьвязаныя з дасьледаваньнем асаблівасьцяў гэтай інфэкцыі. Відаць, вывучылі ўжо, як рэагуюць старыя, як рэагуюць маладыя. У маладых ёсьць, напэўна, нейкі запас сілаў, якія будуць змагацца з гэтай інфэкцыяй. Хоць цяпер, вось глядзіце, у прыклады прыводзяць і моладзь», — шкадуе жанчына-вэтэран.
Спадарыня Валянціна мяркуе, што і іншыя вэтэраны падтрымаюць яе думку.
«Можа, сапраўды, трэба пашкадаваць нашых старэнькіх. Нягледзячы на тое, што мы будзем рвацца наперад — а мы будзем рвацца наперад, хто на нагах. Толькі назавіце мне, колькі ў нас на нагах... Нас засталося надта мала, а далей ідуць ужо ўдзельнікі вайны, дзеці вайны. Іх таксама трэба берагчы».
Фэлікс Шкірманкоў, 94 гады: «Кіраўніцтва дзяржавы прыкрываецца заявамі пра клопат аб вэтэранах»
94-гадовы вэтэран вайны са Слаўгараду (райцэнтар на Магілёўшчыне) Фэлікс Шкірманкоў пятнаццацігадовым падлеткам пайшоў у партызаны. Падчас адной з апэрацыяў на чыгунцы быў паранены, летаком яго вывезьлі з партызанскай зоны ў Расею.
Па сканчэньні Маскоўскай вайскова-інжынэрнай вучэльні яго накіравалі на 4-ы Ўкраінскі фронт. Перамогу сустрэў у чэскім горадзе Оламаўцы. За вайну атрымаў чатыры раненьні.
Ён найстарэйшы сябра Партыі БНФ. Піша вершы і прозу. Выдаў 32 кнігі. Яго рэгулярна запрашаюць удзельнічаць у раённых імпрэзах да гадавіны Перамогі.
Шкірманкоў лічыць, што праводзіць парад падчас эпідэміі немэтазгодна.
«Тым, хто зьбіраецца на яго ісьці, варта задумацца пра ўласную бясьпеку. Сродкі, якія ўлада зьбіраецца патраціць на парад, трэба пусьціць на набыцьцё неабходнага для барацьбы з хваробаю. Кіраўніцтва дзяржавы выкарыстоўвае гадавіну Перамогі ў сваіх палітычных інтарэсах, прыкрываючыся заявамі пра клопат аб вэтэранах і памяцьцю пра іхныя заслугі», — кажа ўдзельнік вайны.
Да 75-годзьдзя Перамогі Фэлікс Шкірманкоў выдаў зборнік сваіх твораў, прысьвечаны подзьвігу народу ў Другой усясьветнай вайне. Ён кажа, што зьвяртаўся па дапамогу да мясцовай улады, каб наклад кніжкі быў большы і яе маглі атрымаць усе бібліятэкі Беларусі. Чыноўнікі абяцалі зварот разгледзець.
Не дачакаўшыся адказу, Фэлікс Шкірманкоў выдаў кніжку «Шляхамі памяці» накладам 100 асобнікаў за свае 2400 рублёў.
«Вось гэта і ёсьць сапраўднае аблічча цяперашняй улады і яе стаўленьне да такіх, як я, аўтараў Перамогі, — выказваецца ён. — Мне здаецца, што я заслужыў хоць бы чыноўніцкага ліста ў адказ на свой зварот».
Міхаіл Вайман, 94 гады: «Нам і так цяжка, а тут жа яшчэ трэба ратавацца»
94-гадовы жыхар Магілёва Міхаіл Ісакавіч Вайман удзельнічаў у вайне супраць Японіі пасьля разгрому нацыстаў у Эўропе. Штогод яго запрашаюць адзначыць гадавіну Перамогі ўдзелам у парадзе. Апошні раз удзельнічаў у ім напярэдадні свайго 90-годзьдзя, і яму не спадабалася, што за ўазікамі з вэтэранамі ехалі машыны хуткай дапамогі.
На ягоную думку, ад правядзеньня параду, калі навокал каранавірус, варта адмовіцца наагул — дзеля здароўя саміх вэтэранаў.
«Уявіце сабе, — тлумачыць ён, — у закрытай машыне, дзе 6 чалавек вэтэранаў, і вірус. Нам і так цяжка, а тут жа яшчэ трэба нечым ратавацца. Якія мы будзем пасьля параду...»