Гэта вынікае зь ліста міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, які быў накіраваны ў Рэспубліканскую канфэдэрацыю прадпрымальніцтва, піша БелаПАН.
Міністар у лісьце адзначае, што ў сёньняшняй эканамічнай сытуацыі беларускі ўрад праводзіць працу «па прыцягненьні максымальнага аб’ёму зьнешняга фінансаваньня ў краіну».
Па лініі аховы здароўя рыхтуюць праекты ўказаў аб прыцягненьні пазыкі ў 90 мільёнаў эўра ад Сусьветнага банку для куплі неадкладных мэдыцынскіх тавараў, прэпаратаў, абсталяваньня. Аналягічную працу вядуць з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам (плянуюць пазычыць каля 50 мільёнаў эўра), гаворыцца ў лісьце.
Акрамя гэтага, паведамляе міністар, для падтрымкі прадпрыемстваў, асабліва малога і сярэдняга бізнэсу, вядуць перамовы з крэдыторамі, каб павялічыць бягучыя крэдыты, а таксама ўзяць новыя. Паводле Мінэканомікі, ад Сусьветнага банка плянуюць прыцягнуць каля 100 мільёнаў эўра на праграмы па крэдытаваньні малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі.
Для падтрымкі плацежнага балянсу Беларусь пачала кансультацыі зь Міжнародным валютным фондам аб прыцягненьні грошай у рамках інструмэнта хуткага фінансаваньня: папярэдне гаворка ідзе пра суму каля 900 мільёнаў даляраў ЗША на 2020–2021 гады. Вядуць таксама перамовы з Эўразьвязам і Сусьветным банкам.
На думку эканамістаў, калі пандэмія каранавірусу зацягнецца, гэта будуць не апошнія звароты Беларусі да крэдытораў у 2020 годзе. «Для падтрымкі эканомікі і рэфінансаваньня даўгоў давядзецца зьвяртацца ў гэтым выпадку і да заходніх, і да ўсходніх крэдытораў», — падкрэсьліў у камэнтары БелаПАН старшы аналітык Forex Club Валеры Палхоўскі.