Дзяцей (адну 3-ю клясу і палову 4-й), а таксама настаўніц і выхавацельніцу сярэдняй школы ў вёсцы Камунар Буда-Кашалёўскага раёну на Гомельшчыне забралі ў мясцовы раённы шпіталь.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Прыехалі па іх мэдыкі ў ахоўных гарнітурах. Сказалі — на праверку. Забралі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў», — сказаў Свабодзе адзін зь мясцовых жыхароў.
Паводле ягоных словаў, раней як «кантактная асоба» ў гомельскі шпіталь трапіў хлопчык з гэтай вёскі. Ён займаўся ў СДЮШАР-4, у трэнэра, у якога выявілі каранавірус.
«Цяпер прыехалі па ўсіх, хто кантактаваў з хлопчыкам, у якога нібыта пацьвердзіўся каранавірус. Бацькам нічога не патлумачылі, дзяцей павезьлі ў Буда-Кашалёва», — сказаў мясцовы жыхар.
Агулам, па словах мясцовых жыхароў, з Камунару забралі каля 40 чалавек — дзяцей і дарослых. Іх разьмясьцілі ў інфэкцыйным і радзільным аддзяленьнях Буда-Кашалёўскага шпіталю.
«У іх узялі мазкі, абяцалі, што заўтра будуць вынікі», — дадала адна з жыхарак Камунару.
Дырэктар Камунараўскай школы Міхаіл Барысевіч сказаў, што «нічога такога ня здарылася», і параіў пацікавіцца сытуацыяй у аддзеле адукацыі і санітарнай службе. Ён адмовіўся даваць камэнтары праз тэлефон, як і казаць, колькі дзяцей і куды менавіта забралі са школы.
Намесьніца начальніка аддзелу адукацыі Надзея Раманава адказала, што «я нічога не магу вам адказаць, гэта звычайныя прафіляктычныя мерапрыемствы». Яна параіла зьвяртацца ў мясцовую санстанцыю. У Буда-Кашалёўскім раённым шпіталі пацьвердзілі, што сапраўды да іх прывезьлі дзяцей з Камунараўскай школы — «пад мэдыцынскі нагляд».
Паводле інфармацыі ад Гомельскага аблвыканкаму, на 2 красавіка ў вобласьці зарэгістравалі 11 выпадкаў COVID-19, зь іх 5 пацьверджаных і 6 імаверных.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ