Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лімоны па 12 рублёў. Дзяржкантроль прыгразіў крымінальнымі справамі за высокія цэны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Камітэце дзяржаўнага кантролю Беларусі (КДК) прааналізавалі, наколькі завышаныя цэны на некаторыя тавары ў беларускіх крамах, і ўзяліся за іх стрымліваньне, паведамляе сайт КДК.

Паводле маніторынгу КДК, у красавіку адпускныя цэны на некаторыя прадукты павысілі як імпартэры, так і айчынныя вытворцы. Напрыклад, адзін з найбуйнейшых імпартэраў гародніны і садавіны ў Беларусь у красавіку ў параўнаньні з сакавіком павялічыў адпускныя цэны на

  • лімоны — у 3,5 раза,
  • корань імбіру — у 2,6 раза,
  • пэкінскую капусту — на 46%,
  • яблыкі — на 39%,
  • белакачанную капусту — на 40%.

Іншы імпартэр павялічыў у красавіку надбаўкі на некаторую імпартную прадукцыю да 72%.

Паводле КДК, падаражэў тавар і ўраздроб. Так, у адной з магілёўскіх крам 4 красавіка 1 кг лімонаў каштаваў 10 рублёў, часныку — 12 рублёў, імбіру — 34 рублі.

На стыхійных рынках прадукты перапрадаюць яшчэ даражэй: часнык — па 18 рублёў за 1 кг, імбір — 49 рублёў, лімоны — 14 рублёў, расказалі ў КДК.

КДК знайшоў вытворцаў, якія павысілі адпускныя цэны на капусту на 17%, бульбу — на 25%, цыбулю — на 67%. Аптовая надбаўка ў асобных выпадках даходзіць да 200% і больш. Завышаюць цэны і на сацыяльна значныя тавары, якія рэгулюе МАРГ. Заняцца стрымліваньнем цэнаў 7 красавіка даручыў Камітэту дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка.

«Калі дзесьці ў розьнічных гандлёвых сетках пачнецца вольніца з цэнамі, асабліва на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам у гэты пэрыяд, рэакцыя будзе аж да завядзеньня крымінальных спраў», — заявіў Анфімаў.

Маскі — у 33 аптэках са 130, да 13 красавіка павінны быць ва ўсіх

Таксама КДК праверыў 130 аптэк, ці ёсьць там маскі. Мэдычныя маскі былі толькі ў 33 аптэках, антысэптыкі на сьпіртавой аснове — у 35, парацэтамол — у 15.

Анфімаў заявіў, што да 13 красавіка аптэкі, крамы, бальніцы і паліклінікі Беларусі павінны быць забясьпечаныя маскамі, дэзынфэкцыйнымі сродкамі і іншымі сродкамі індывідуальнай засьцярогі. Такое даручэньне на нарадзе даваў Лукашэнка.

«Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб прамысловасьць выпускала неабходны тавар у патрэбнай колькасьці, а гандаль яго рэалізоўваў зь мінімальнай нацэнкай», — сказаў Анфімаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG