Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я адразу зразумела, што гэта каранавірус». Дырэктарка лунінецкага «Эўраопта» не змагла трапіць у шпіталь у сваім горадзе


Ілюстрацыйнае фота. Адна зь беларускіх крамаў «Эўраопт»
Ілюстрацыйнае фота. Адна зь беларускіх крамаў «Эўраопт»

28 супрацоўнікаў «Эўраопта» ў Лунінцы, у дырэктаркі якога знайшлі каранавірус, шпіталізавалі на карантын 4 красавіка. Чакаецца, што краму адчыняць сёньня пасьля дэзынфэкцыі. У ёй будзе працаваць мабільная група зь Пінску. Дырэктарка крамы Натальля цяпер у менскай 6-й бальніцы.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Мы зь першага дня пачалі біць у званы, але нас ніхто не хацеў слухаць»

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала намесьніца дырэктаркі крамы Алена. Цяпер яна разам зь іншымі супрацоўнікамі на карантыне.

«Нас усіх ізалявалі, ва ўсіх узялі тэсты. У каго былі такія сымптомы, як кашаль ці пяршэньне ў горле, зьмясьцілі ў бальніцу ў Малоткавічы ў Пінскім раёне. А нас, 20 чалавек, завезьлі ў Пінск у скурвэндыспансэр. У нас узялі аналізы на каранавірус, чакаем вынікаў».

Паводле Алены, сем’і супрацоўнікаў крамы ў лякарню пакуль не забіралі.

«Мы сябе адчуваем добра, тэмпэратуры ні ў кога няма. Яе правяраюць два-тры разы на дзень. З Натальляй размаўлялі, яна ўжо папраўляецца».

Алена кажа, што дырэктарка крамы Натальля магла папрацаваць і на залі, але ў той пэрыяд, калі хварэла, больш знаходзілася ў сваім кабінэце.

Дырэктарка крамы Натальля, як піша inform-progulka.by, жыве ў Дзятлавічах, ёй 43 гады. Яе мужу 53 гады, ён працуе ахоўнікам на заводзе «Палесьсеэлектрамаш». У сям’і трое дзяцей. Спачатку захварэў муж, але, нягледзячы на высокую тэмпэратуру, яго не забіралі ў лякарню. Потым такія ж сымптомы зьявіліся і ў Натальлі, і ёй таксама не прапаноўвалі шпіталізацыю.

Урэшце сястра адвезла Натальлю ў Менск, дзе ёй зрабілі аналіз на каранавірус. Вынік быў станоўчы, яе шпіталізавалі.

Муж сам настаяў на шпіталізацыі, сказаў, што нікуды з бальніцы ня пойдзе. Яму зрабілі кампутарную тамаграфію і выявілі пнэўманію, хоць аналіз на каранавірус быў адмоўны.

«Крыўдна, што мы зь першага дня пачалі біць у званы, але нас ніхто не хацеў слухаць. Я адразу зразумела, што гэта каранавірус», — сказала Натальля. Адкуль яна магла заразіцца, яна ня ведае, бо за мяжу сям’я не выяжджала.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Натальля сказала, што цяпер яна ў менскай 6-й бальніцы, першыя пару дзён яе зьмяшчалі на кіслародны апарат.

«Стан мой лепшы. Мужа сёньня пераводзяць у інфэкцыйную бальніцу ў Берасьце. Яго стан крыху палепшыўся, гэта дазваляе яго транспартаваць. У мужа бралі паўторны аналіз на каранавірус, але пакуль выніку няма. Першы быў адмоўны. Муж цяпер на апараце ШВЛ, магчымасьці зь ім паразмаўляць не было».

Чаму так доўга яе і мужа не шпіталізавалі, ня бралі ў іх тэсты?

«Гэта пытаньні больш да мэдыкаў. Усё, што ў мяне накіпела, увесь боль за сваю сям’ю, за мужа, за дзяцей я выказала ў ранейшых інтэрвію».

Натальля сказала, што дзеці ізаляваныя на карантыне ў лякарні ў Берасьці, у іх узялі тэсты на каранавірус. Старэйшы сын вучыцца ў Віцебскім мэдунівэрсытэце, іх перавялі на дыстанцыйнае навучаньне. Ён цяпер у Віцебску ў інтэрнаце, дадому не прыяжджаў.

«Кантактавала дачка, яе сябры на карантыне, хто ў Берасьці, хто ў Пінску, хто ў Малоткавічах, мае бацькі, сястра, якая мяне прывезла ў Менск. Таксама 28 супрацоўнікаў і сваякоў чалавек 20».

Натальля кажа, што хоча выказаць вялікую падзяку лекарам менскай 6-й бальніцы.

«Яны тут героі. Людзі, канечне, дарэмна так сябе паводзяць, не асьцерагаюцца. За гэта потым расплачваюцца лекары. Яны малайцы, рызыкуюць сваім жыцьцём, здароўем. Яны робяць усё, падтрымліваюць, у палату заходзяць, робяць усе працэдуры, каб ратаваць людзей. Хацела б падзякаваць і лекарам Лунінецкай рэанімацыі, якія суткамі дзяжурылі, каб выправіць недапрацоўкі сваіх калег, згублены каштоўны час, што давяло мужа да такога стану. Шкада, спадзяёмся, што ўсё будзе добра».

Натальля кажа, што яна ў ізалятары адна, а ёсьць палаты на 3–5 чалавек. Дадае, што людзей з пацьверджанымі дыягназамі паступае шмат.

Чаму сям’я так позна атрымала лячэньне?

Чаму так адбылося зь сям’ёй дырэктаркі «Эўраопта» ў Лунінцы, карэспандэнту Свабоды не адказалі ні галоўны доктар Лунінецкай бальніцы Сьвятлана Хлебус, ні намесьнік старшыні Лунінецкага райвыканкаму Анатоль Захаркевіч, ні першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня па ахове здароўя Берасьцейскага аблвыканкаму Андрэй Карнялюк. Маўляў, уся інфармацыя знаходзіцца на сайтах аблвыканкаму і Берасьцейскага абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі.

На сайце ocgie.brest.by паведамляецца, што на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці выяўлена 2 станоўчыя тэсты на COVID-19: адзін у Столінскім раёне і адзін у Берасьці. Гэтыя пацыенты на лячэньні ў інфэкцыйным аддзяленьні Берасьцейскай абласной клінічнай бальніцы. Трэцяга красавіка выяўлены адзін станоўчы тэст на COVID-19 у жыхаркі Лунінецкага раёну, якая знаходзіцца на стацыянарным лячэньні ў Менску.

Па стане на 8 гадзін 6 красавіка за апошнія суткі санітарна-карантынны кантроль прайшлі 769 чалавек.

Усяго ў вобласьці з прыкметамі ВРІ шпіталізавана ў стацыянары 195 чалавек (яны прыехалі з краін, дзе зарэгістраваныя выпадкі каранавіруснай інфэкцыі, а таксама кантактавалі з хворымі). Пад мэдычным наглядам дома знаходзяцца 4,4 тысячы чалавек.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG