Антонію Гутэрыш заявіў, што яна можа прывесьці да ўзмацненьня нестабільнасьці і канфліктаў у сьвеце.
Пандэмія каранавірусу зьяўляецца найбуйнейшым глябальным крызісам з часоў Другой усясьветнай вайны, заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, выказаўшы занепакоенасьць, што яна можа справакаваць канфлікты ва ўсім сьвеце, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Па словах Гутэрыша, маштабнасьць крызісу абумоўленая «захворваньнем, якое ўяўляе пагрозу для кожнага чалавека ў сьвеце, і эканамічным узьдзеяньнем, якое прынясе рэцэсію, якая ня мае паралеляў у нядаўнім мінулым».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Камбінацыя гэтых двух фактараў і небясьпека, што пандэмія прычыняецца да ўзмацненьня нестабільнасьці, хваляваньняў і канфліктаў — гэта тыя рэчы, якія прымушаюць нас верыць, што гэта самы складаны крызіс, зь якім мы сутыкнуліся з часоў Другой усясьветнай вайны», — заявіў ён журналістам.
У сувязі з эпідэміяй каранавірусу па ўсім сьвеце памерлі больш за 40 тысяч чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ