Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася гіпотэза пра сувязь паміж сьмяротнасьцю ад COVID-19 і прышчэпкай супраць сухотаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканскія эпідэміёлягі заявілі, што знайшлі сувязь паміж сьмяротнасьцю ад COVID-19 у розных краінах і тым, як даўно і наколькі шырока ў іх ужывалі вакцыну БЦЖ, якую выкарыстоўваюць для барацьбы з сухотамі. Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя на партале medRxiv.

«Краіны, у якіх унівэрсальная вакцынацыя з дапамогай БЦЖ не была прынятая, у тым ліку Італія, Нідэрлянды і ЗША, наймацней пацярпелі ад COVID-19», — пішуць навукоўцы.

Паводле іх, вакцынацыя БЦЖ зьнізіла ўзровень заражэньня вірусам. На думку дасьледчыкаў, камбінацыя паніжанай сьмяротнасьці і захворваньня можа зрабіць гэтую прышчэпку адным з галоўных інструмэнтаў у барацьбе з COVID-19.

У рамках дасьледаваньня навукоўцы правяралі, наколькі вакцынацыя БЦЖ сама па сабе можа ўплываць на распаўсюд каранавірусу і рызыку сьмерці ад інфэкцыі ў самых уразьлівых слаях насельніцтва. Акрамя таго, вывучаўся ўплыў узроўню жыцьця жыцьця ў краіне і разьвіцьця сыстэмы аховы здароўя на распаўсюд і сьмяротнасьць COVID-19.

Высьветлілася, што тэмпы распаўсюджваньня каранавірусу і ўзровень сьмяротнасьці залежаць у тым ліку і ад эканамічных паказчыкаў. Але пры гэтым у шэрагу краінаў, у прыватнасьці ў ЗША, Іране, Італіі, Бэльгіі, Нідэрляндах і іншых эўрапейскіх дзяржавах, гэта было ня так.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Ва ўсіх гэтых краінах або ніколі масава не ўжывалі вакцыну БЦЖ, альбо яе пачалі выкарыстоўваць адносна нядаўна. Аўтары дасьледаваньня лічаць, што гэта паўплывала на тое, што ў гэтых краінах частата выпадкаў заражэньня ў чатыры разы вышэйшая, чым у сярэднім па сьвеце. Аналягічныя былі і паказчыкі ўзроўню сьмяротнасьці, адзначае «​РИА Новости»​.

Акрамя таго, дасьледчыкі лічаць характэрнай статыстыку распаўсюду каранавірусу ў Кітаі, дзе БЦЖ сталі выкарыстоўваць у 50-я гады, але падчас «культурнай рэвалюцыі» 1966М1976 гадоў масавая вакцынацыя была спыненая. На думку аўтара дасьледаваньня Аарона Мілера, гэта рашэньне адыграла сваю ролю ў зьяўленьні ўразьлівай праслойкі насельніцтва, і паспрыяла распаўсюджваньню COVID-19 на першых этапах разьвіцьця эпідэміі.

  • У Беларусі прышчэпку БЦЖ робяць немаўлятам, яна знаходзіцца ў календары абавязковых прышчэпак.
  • Паводле рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, вакцынацыю робяць у першыя дні жыцьця дзіцяці. Дзеці павінны атрымаць адну дозу вакцыны БЦЖ як мага раней пасьля нараджэньня. Немаўлятам, якія мелі пасьля нараджэньня кантакт з хворым на сухоты, вакцынацыю БЦЖ праводзяць пасьля завяршэньня шасьцімесячнага прафіляктычнага курсу лячэньня ізоніазыдам.
  • На сайце medRxiv, дзе апублікавалі вынікі дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў, адзначаецца, што гэтае дасьледаваньне яшчэ не сэртыфікаванае экспэртнай ацэнкай, што яго нельга выкарыстоўваць у клінічнай практыцы.
  • medRxiv — сэрвэр папярэдняга друку для дасьледаваньняў у галіне аховы здароўя. Ён бясплатна распаўсюджвае поўныя, але яшчэ не апублікаваныя рукапісы ў галінах мэдыцыны, клінічных дасьледаваньняў і сумежных навук пра здароўе. Яго заснавалі Лябараторыя Cold Spring Harbor, BMJ і Ельскі ўнівэрсытэт.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG