Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сухоты


Гісторыя чалавецтва мае, як торт, некалькі слаёў. Ёсьць Вялікая Гісторыя, тая, якую вучаць у школах і ўнівэрсытэтах, якую дасьледуюць акадэмікі, на аснове якой пякуцца хрусткія манаграфіі; на яе паверхні ружавеюць ад сораму кветачкі разнастайных легендаў, блішчаць глязураваныя заканамернасьці і тырчаць арэшкі знакамітых імёнаў. Ёсьць гісторыя прыватная: мэмуары, успаміны, дакумэнты, старыя фотаздымкі, што ўвабралі ў сябе ўсю жоўць і ўвесь смутак нечай асобнай памяці.

Але самы цікавы зь іх ніжэйшы, найтанчэйшы слой, смак якога ня кожны адчуе: дробязі, якія не спатрэбіліся ні Вялікай Гісторыі, ні гісторыям прыватным, усялякія неістотнасьці, якія тым ня менш адбываліся – цяпер іх можна хіба толькі дадумаць. Мне падабаецца раскладваць гісторыю на вось такія маленькія, нябачныя па-за мікраскопам фрагмэнты: уяўляць сабе, напрыклад, сьпіны першых вэнэцыянцаў, што міжволі пацепваюцца, адчуваючы на сабе позіркі нябачных гунаў, якія кормяць сваіх коней па той бок лягуны. Ці вось яшчэ: сярэднявечныя дзеці, якія пабывалі на “смаленьні ведзьмы” – што ім сьнілася ў ноч пасьля вогненнай экзэкуцыі, ці ладзілі яны потым такія публічныя кары для сваіх цацак?

І – адно з улюбёных пытаньняў: хто былі тыя людзі, якія заразілі сухотамі Кафку і Багдановіча? Чым яны займаліся, колькі гадоў ім было, дзе пасьпелі пабываць, ці перажылі заражаных імі літаратараў?... Ці Кафка і Багдановіч былі інфікаваныя яшчэ да нараджэньня? І каго Кафка і Багдановіч здолелі заразіць да сваёй сьмерці? Усё гэта хвалюе зусім ня менш за Вялікую Гісторыю, дзе рэдка знаходзіцца месца снам, пахам, адрыжкам, макроце, плянам на вечар, мікабактэрыям і скарыстаным трамвайным квіткам.

Кафку і Багдановіча, пры ўсім іхным вонкавым непадабенстве, злучае ня толькі тая дзіўная акалічнасьць, што творчасьць абодвух я вельмі паважаю.

Так, абодва сталі пасьля сьмерці клясыкамі літаратуры, абодва былі “песьнярамі” болю, гораду, адзіноты, абодва былі надзвычай тонкія натуры, абодва –
Хто заразіў Кафку і Багдановіча?
жыхары вялізных імпэрыяў (Кафка дажыў да іхнага канца, Багдановіч – амаль дажыў), абодва былі пры жыцьці малавядомымі літаратарамі і кніг выдалі зусім няшмат: чатыры зборнікі Кафкі супраць “Вянка”. Кафка ў позьні пэрыяд свайго жыцьця зацікавіўся юдаізмам і адчуў сябе нарэшце яўрэем; выхаваны ў вялікарускім духу Багдановіч раптам стаў беларусам. Абодва вучыліся на юрыстаў – Кафка ў Карлавым унівэрсытэце, Багдановіч – у Яраслаўскім Дзямідаўскім ліцэі – хаця займацца хацелі выключна літаратурай. Але самае цікавае ня гэта. Самае цікавае, як заўжды – мэдыцына.

Gray's Anatomy

Абодва хварэлі на сухоты і ад іх памерлі – і акурат на парозе перамогі чалавецтва над гэтай хваробай, перамогі няхай і няпоўнай, але ўсё ж досыць пераканаўчай. Сухоты зрабілі на творчасьць кожнага агромністы ўплыў, нібы і Кафка, і Багдановіч пісалі свае тэксты пад тую самую сумную, велічна-невылечную музыку.

У 1882, за год да нараджэньня Кафкі і за дзевяць гадоў да нараджэньня Багдановіча, немец Робэрт Кох адкрыў нарэшце тубэркулёзную бацылу. Такім чынам, у новага пакаленьня людзей зьявіўся шанец, і цяпер усё залежала ад спрытнасьці навукоўцаў.
Усё залежала ад спрытнасьці навукоўцаў.
У 1890, калі Кафка наведвае школу, Кох стварае тубэркулін, водна-гліцэрынавую выцяжку тубэркулёзных культур, і ўводзіць яе сваёй супрацоўніцы і будучай жонцы. У 1902 у Бэрліне праходзіць першая міжнародная канфэрэнцыя па сухотах, Багдановіч паступае ў ніжагародзкую мужчынскую гімназію. Празь некалькі гадоў аўстрыец Пірке прапануе рабіць надскурныя пробы на сухоты, а француз Манту – унутрыскурныя.

На першым этапе сухоты часта працякаюць безсымптомна. Таму невядома, калі адбыўся сам факт заражэньня – калі яно ўвогуле было. Ад сухотаў памерла ў 1896 маці Багдановіча Марыя, таму, магчыма, ён заразіўся ад яе. Ад чаго памерлі зусім малымі дзецьмі двое братоў Кафкі, невядома.

Сухоты адкрыліся ў Багдановіча ў 1909, ён у гэты час вучыцца ў гімназіі ў Яраслаўлі. Ён ужо напісаў: “…і разрытаю магілай вее сумна на мяне”, пра тое, што “ўсё зьнікла і ўплыло”. Вусатыя нашаніўскія дзядзькі меркавалі, відаць, што гэткі холад узяўся проста ад звычайнага юнацкага рамантычнага захапленьня сьмерцю, якое хутка міне. І таму псэўданім Багдановічу прыдумалі звонкі, малады, бурапенны, як піва: Максім Крыніца.

У Кафкі сухоты адкрыліся ў 1917 пасьля лёгачнага кровазьліцьця. У тым годзе ён напісаў “Сельскага лекара”, “Стук у браму”, “Шакалаў і арабаў”, працягваў працаваць над “Працэсам”. Плённы быў час. Праз два гады французы Кальмэт і Герэн адкрыюць штам для тубэркулёзнай вакцынацыі чалавека.

Эдвард Мунк. Хворае дзіця, 1907

Цікава: захварэўшы, Кафка пражыў яшчэ сем, а Багдановіч восем гадоў – прыкладна аднолькава. Абодва памерлі не на радзіме. Кафка – у санаторыі пад Венай, Багдановіч – у Крыме.

Лячэньне на курортах і ў санаторыях тады лічылася ледзь ня самым эфэктыўным сродкам змаганьня з тубэркулёзам. У той час ужо ведалі, што рост сухотных бактэрыяў запавольваецца пры добрым забесьпячэньні лёгкіх кіслародам, таму яны і любяць ствараць свае калёніі ў верхніх частках лёгкіх, куды кіслароду трапляе менш.

Кажуць, Кафка памёр ад зьнясіленьня – болі ў горле не давалі яму магчымасьці есьці,
Абодва памерлі не на радзіме.
а карміць унутрывенна тады яшчэ не навучыліся.

"Што найбольш мучыла Багдановіча, цяжка сказаць. А вось як паэта перад ягонай сьмерцю апісвае невядомы мне А.Цітоў : “Ён часам увесь неяк загараўся… …падазроны румянец выступаў на маладым твары…”.

Хаця альтэрнатыўная гісторыя – справа бессэнсоўная, але цяжка ўстрымацца ад спакусы і не зазначыць, што сьмерць ад сухотаў ня дала магчымасьці Кафку дажыць да галакосту, а Багдановічу – да сталінскага тэрору (усё ж хочацца верыць, што сапраўдным “савецкім паэтам” ён ня стаў бы).

Часам я думаю: на якой мове яны размаўляюць на тым сьвеце, Кафка і Багдановіч? Дакладна не на ідышы, Кафка яго пачаў вучыць толькі незадоўга да сьмерці, а Багдановіч, хаця напэўна і чуў у Менску, але сам не гаварыў. Мусіць, па-француску. Кафка валодаў францускай, Багдановіч таксама.

У 1919 была адкрытая знакамітая БЦЖ. Ужо ў трыццатых гадах, празь дзесяць гадоў пасьля сьмерці Кафкі, супрацьтубэркулёзная вакцынацыя стала праводзіцца масава,
Што да турмы – вось яна, азірніцеся.
а ў 1943 Ваксман і Шац вынайшлі стрэптаміцын – першы эфэктыўны хіміятэрапэўтычны сродак для лячэньня сухотаў. У часы Кафкі ад сухотаў гінула ня менш людзей, чым ад раку. Цяпер у сьвеце штогод інфікуюцца 8-9 мільёнаў чалавек, памірае ад сухотаў 2-3 мільёны. Галоўнымі прычынамі заражэньня лічацца стрэс, курэньне, дыябэт, знаходжаньне за кратамі.

Хутчэй за ўсё, курылі і Кафка, і Багдановіч. Стрэсаў жа ў іх дакладна хапала. Што да турмы – вось яна, азірніцеся. Яны абодва напісалі пра яе ўсё, што маглі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG