Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» патрабуе вызваліць журналіста Сяргея Сацука


Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» (архіўнае фота)
Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник» (архіўнае фота)

Неадкладна вызваліць галоўнага рэдактара інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука і зьняць зь яго ўсе абвінавачаньні заклікала міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», якая базуецца ў Францыі.

У заяве выказваецца пратэст у сувязі з «кампаніяй запалохваньня, якая праводзіцца беларускімі ўладамі» і адзначаецца, што журналісту-дасьледчыку пагражае 10 гадоў пазбаўленьня волі «за крытыку стратэгіі прэзыдэнта супраць эпідэміі COVID-19».

«Гэты арышт выглядае як перасьцярога СМІ, якія ставяць пад пытаньне палітыку беларускіх уладаў у сфэры аховы здароўя. Мы патрабуем неадкладнага вызваленьня Сяргея Сацука і зьняцьця ўсіх абвінавачаньняў супраць яго. Такая крыміналізацыя журналістыкі ў Беларусі стварае непрымальную атмасфэру самацэнзуры», — адзначыла кіраўніца аддзелу Ўсходняй Эўропы і Сярэдняй Азіі «Рэпартэраў бязь межаў» Жанна Кавэлье.

Арганізацыя нагадвае, што ў яе сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы за 2019 год Беларусь займае 153-е месца сярод 180 краін.

Tut.by адзначае, што адносна справы Сацука з боку праваахоўнікаў «сёмы дзень маўчаньня». Прэс-сакратар Камітэту дзяржаўнага кантролю сказаў парталу, што «пакуль камэнтароў па гэтай тэме няма».

Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю 25 сакавіка пад Менскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічую краму. Пазьней стала вядома, што ў дачыненьні Сацука распачатая справа паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманьне хабару паўторна, альбо шляхам вымаганьня, альбо групай асобаў з папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры; санкцыя — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі).

Цяпер журналіст знаходзіцца ў менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. 26 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрус у рэдакцыі «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнтацыю, супрацоўнікаў выданьня дапыталі ў якасьці сьведак у справе.

У другой палове дня 27 сакавіка супрацоўнікі ДФР правялі ператрусы ў прыватным доме галоўнага рэдактара «Ежедневника» і канфіскавалі дакумэнты і тэхніку. Ператрус правялі таксама ў суседзяў Сацука, куды напярэдадні ягоная дачка Ганна аднесла свой працоўны ноўтбук і пляншэт.

Родныя і калегі Сацука зьвязваюць ягонае затрыманьне з прафэсійнай дзейнасьцю. «Эўрарадыё» апублікавала ліст «Як у Беларусі заказваюць журналістаў», якое Сяргей Сацук прасіў апублікаваць у выпадку свайго затрыманьня.

Камітэт дзяржкантролю па-ранейшаму адмаўляецца ад камэнтароў аб гэтай справе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG