Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё гэта хлусьня і лухта». За што затрымалі журналіста Сяргея Сацука?


Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник»
Сяргей Сацук, галоўны рэдактар выданьня «Ежедневник»

Галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука затрымалі 25 сакавіка супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў праз падазрэньне ў атрыманьні хабару. Абвінавачаньне яму пакуль не прад’яўлена.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды расказаў брат Сяргея Аляксандар Сацук.

«Я ведаю адназначна, што ўсё гэта хлусьня і лухта. Нібыта гэта хабар за напісаньне артыкулаў. Няма неабходнасьці ў асобы, якая хоча замовіць артыкул, даваць нейкі хабар. Тым больш у асабліва буйным памеры, як яны нібыта інкрымінуюць. На сайце „Ежедневника“ ёсьць тарыф за напісаньне, за разьмяшчэньне артыкула — як рэклямнага, так і любога. Які ж тут хабар можа быць у прынцыпе? Ніякага хабару тут быць ня можа», — кажа Аляксандар.

Паводле брата, Сяргей заўсёды «пэдантычна» ставіўся да справы, ён «не дазваляў сабе нават намякаць, а ня тое што браць нейкія грошы за напісаньне артыкулаў».

«Галоўнае, чаго трымаўся Сяргей падчас працы, гэта незалежнасьці. Ён пісаў так, як бачыў сытуацыю», — сказаў Аляксандар.

Аляксандар не выключае, што затрыманьне Сяргея зьвязана з сюжэтам БТ, які паказалі 22 жніўня 2019 году.

Пра што паведамляла БТ?

У сюжэце апавядалася пра пачатак у Менскім гарадзкім судзе працэсу гучнай справы мэдыкаў. Сярод 21 фігуранта справы былі прадстаўнікі бізнэсу. Аднак большую частку сюжэту прысьвяцілі Сяргею Сацуку.

У сюжэце БТ бізнэсовец Віктар Мядзьведзкі, які праходзіў па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў, заявіў на камэру, што перадаў Сяргею Сацуку інфармацыю пра карупцыйную схему.

«На сустрэчы я перадаў Сацуку ўсю інфармацыю, якая ў мяне была аб продажах па завышаных цэнах кампаніі Macopharma; яго гэта зацікавіла, і я яму прапанаваў грошы ў канцы сустрэчы ў суме 3 000 даляраў, якія я яму перадаў», — кажа на відэа Віктар Мядзьведзкі.

БТ паказала апэратыўныя відэаздымкі з сустрэчы, якая адбылася 4 студзеня 2019 году ў офісе бізнэсоўца. Паводле БТ, Сяргей Сацук нібыта ўзяў агулам 5 тысяч даляраў за напісаньне артыкулу пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя. Гэты артыкул меў назву «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як у Беларусі зарабляюць на крыві». Ён апублікаваны 9 студзеня 2019 году.

На апэратыўнай здымцы Сяргей кажа аб прапановах у тым ліку з боку бізнэсу падтрымкі журналісцкіх расьсьледаваньняў. Сяргей нібыта сказаў: «Я вось апублікаваў, калі хочаце, кідайце туды грошы».

У артыкуле «Ежедневника» пра затрыманьне Сяргея Сацука сьцьвярджаецца, што апэратыўныя здымкі з канвэртам, які нібыта ўзяў Сяргей Сацук, былі змантаваныя «ў патрэбным ракурсе».

«Адразу ўзьнікае пытаньне: чаму Сяргея не затрымалі адразу ж пасьля атрыманьня канвэрта, так бы мовіць на гарачым, калі сочыце, фіксуеце на відэа? Чаму апэратыўная здымка трапіла спачатку на БТ і толькі праз паўгода раптам затрымалі Сяргея?» — піша «Ежедневник».

Сяргей Сацук пасьля сюжэту на БТ заявіў у інтэрвію naviny.by, што супраць яго пачалася абяцаная расправа за ягоныя артыкулы.

Журналіст расказаў, што ў канцы 2018 году чалавек (не Мядзьведзкі) прапанаваў яму цікавы матэрыял для артыкула аб карупцыі. Гэтая інфармацыя пацьвердзілася пасьля праверкі ў тым ліку з дапамогай замежных калегаў. Ён вырашыў працаваць з матэрыялам далей.

«Мне прапанавалі фінансавую падтрымку, пакрыць выдаткі майго расьсьледаваньня. Я гэтаму чалавеку сказаў, што ў рамках гэтага матэрыялу ніякіх грошай мы не бяром і ня можам браць», — сказаў Сяргей Сацук.

Паводле журналіста, у той час ён спрабаваў адкрыць на краўдфандынгавай плятформе ulej.by збор сродкаў на падтрымку журналісцкіх расьсьледаваньняў, але ягоную заяўку не прынялі. Тады ён вырашыў адкрыць уласную кампанію для збору сродкаў і напісаў пра гэта артыкул. Сацук паабяцаў, што ўсе грошы задэкляруе, і напісаў, куды можна іх пералічваць.

«Чалавеку, які да мяне прыходзіў, я так і сказаў: калі жадаеце падтрымаць нашу працу, вось туды і пералічвайце грошы. У любым выпадку я папярэдзіў, што буду апытваць у расьсьледаваньні абодва бакі, і невядома яшчэ, які артыкул атрымаецца, можа, і супраць вас павернецца», — казаў Сацук.

Паводле Сяргея Сацука, пасьля выхаду першага з двух артыкулаў пра карупцыю да яго прыйшоў чалавек, які яму сказаў, што калі журналіст ня спыніцца, яго «альбо грохнуць, альбо пасадзяць».

Сяргей Сацук сьцьвярджаў, што заўсёды адмаўляўся ад грошай за напісаньне артыкулаў.

У рэдакцыі «Ежедневника» ўпэўнены, што Сяргей ня браў ніякіх 5 тысяч даляраў, іх ніхто не прапаноўваў, што ніякага хабару не было, а затрымалі Сяргея, бо ён «не паслухаў папярэджаньняў, у чым можна пераканацца, прачытаўшы яго апошнія артыкулы».

Што цяпер зь бізнэсоўцам Віктарам Мядзьведзкім?

Аляксандар кажа, што Сяргей аб’яўляў збор сродкаў на падтрымку журналісцкіх расьсьледаваньняў і «той чалавек выказаў пажаданьне падтрымаць» іх. Але што тычыцца 5 тысяч даляраў, пра якія гаворыцца ў сюжэце БТ, то «такіх сумаў няма».

«Пасьля таго, як ён узьвёў паклёп на Сяргея, па нашых зьвестках, яго выпусьцілі з-пад варты. Потым да нас паступіла інфармацыя, што ён ужо ў Аўстрыі», — сказаў Аляксандар Сацук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG