Жыхары райцэнтру Лельчыц Гомельскай вобласьці паведамілі Свабодзе, што зь іх райцэнтру і суседняй вёскі праз каранавірус забралі каля сотні чалавек.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Абноўлена 14:29. Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Гомельскай вобласьці пацьвердзіў 5 зарэгістраваных выпадкаў захворваньня каранавіруснай інфэкцыяй. 4 зь іх працягваюць лячэньне.
Учора афіцыйна пацьвердзілі COVID-19 толькі ў дырэктара адной з гаспадарак. Як стала вядома ад інфармаванай крыніцы Свабоды, сёньня каранавірус пацьвердзілі ў пяці жыхароў вёскі.
Пра сытуацыю ў райцэнтры Свабодзе расказаў адзін зь мясцовых жыхароў, які прасіў не называць ягонага імя. Паводле крыніцы, у нядзелю і панядзелак (29 і 30 сакавіка) зь Лельчыц і вёскі пад імі вывозілі «кантактаў першага ўзроўню» дырэктара гаспадаркі. У іх лік трапілі і супрацоўнікі райвыканкаму — упраўленьня сельскай гаспадаркі на чале з начальнікам.
«Дырэктар гаспадаркі прысутнічаў на плянэрках у райвыканкаме. І сам праводзіў нарады ў калгасе. Каля 60 чалавек павезьлі на Гомель, каля 30 засталіся ў Лельчыцах. Сытуацыя складаная тым, што мясцовыя мэдыкі кантактавалі зь ім, дырэктарам, бяз сродкаў аховы, і цяпер яны таксама ў групе рызыкі, працаваць няма каму. Таму працуюць яны — хоць цяпер у ахоўных касьцюмах», — паведаміў жыхар райцэнтру.
Ён дадаў, што яшчэ ўчора 30 сакавіка вядома было пра тры пацьверджаныя выпадкі каранавірусу. Усе заражаныя — жыхары вёскі, якія працуюць у гэтай гаспадарцы. Раніцай 31 сакавіка стала вядома, што цяпер пяць чалавек — работнікі гаспадаркі — маюць станоўчы аналіз на каранавірус.
У Гомельскім аблвыканкаме Свабодзе паведамілі, што на гэты момант ня маюць інфармацыі.
«Усю інфармацыю, якую мы маем, разьмяшчаем на сайце раённай газэты і выканакаму», — сказала карэспандэнту Свабоды намесьніца старшыні Лельчыцкага райвыканкаму Натальля Шышканава. Новай інфармацыі на пазначаных сайтах мы не знайшлі.
Атрымаць камэнтар у Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе не ўдалося.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ