Брытанскі актор, пісьменьнік і драматург Стывэн Фрай пракамэнтаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі з нагоды пандэміі каранавірусу.
Фрай напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры: «Неверагодную злоснасьць Лукашэнкі доўга ігнаравалі альбо "замяталі ў кут" урады, якім варта было б ведаць лепш, але гэта новы ўзровень хлусьні, тэрору і нялюдзкасьці. Беларусь сапраўды пакутуе...»
Гэтак Фрай адрэагаваў на допіс мастацкай кіраўніцы Беларускага свабоднага тэатру Натальлі Каляды, дзе яна цытуе словы Лукашэнкі, які назваў цяперашнюю пандэмію COVID-19 «псыхозам».
«Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавірус называю няйначай, як псыхозам, — перадавала 19 сакавіка БелТА заяву Лукашэнкі. — І ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псыхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ