На працэсе ў Савецкім раённым судзе, дзе слухаецца справа аб кіданьні «кактэйлю Молатава» ў будынак менскага сьледчага ізалятара і лямпачак з фарбай — у будынак Менгарсуду, пачаў даваць паказаньні другі з абвінавачаных у гэтых нападах, анархіст Іван Комар.
Падсудны не прызнаў сваёй віны і патлумачыў, чаму даваў прызнальныя паказаньні падчас сьледзтва.
«Перад кожным допытам мяне адводзілі на неафіцыйныя гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіК (Галоўная ўправа па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС. — РС), прычым ніхто з тых, хто вёў са мной размовы, не прадстаўляўся», — расказаў суду Іван Комар.
Паводле падсуднага, ад яго патрабавалі прызнацца ў нападах на ізалятар на вуліцы Валадарскага і на Менгарсуд, зьбівалі і пагражалі згвалтаваньнем. Ціск пачаўся ўжо назаўтра пасьля затрыманьня, якое адбылося 20 кастрычніка 2019 году.
«21 кастрычніка мяне зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, у камэру, якую ўсе завуць „прэс-хатай“ — дзе выбіваюць паказаньні. Там сядзеў мужчына 30–40 гадоў. Ён паклікаў мяне і сказаў, што я буду пісаць тое ў паказаньнях, што ён скажа», — працягваў Іван Комар.
Паводле падсуднага, той мужчына меў на грудзях татуіроўкі ў выглядзе крылаў. Іван Комар сказаў, што мужчына ўдарыў яго ня менш за 10 разоў, зьняў футболку і сказаў, што будзе яго гвалціць. Таксама мужчына пагражаў, што яго перавядуць у камэру, дзе сядзяць 15 ягоных сяброў, і там гвалтаваньне працягнецца. Пасьля гэтай пагрозы Іван пагадзіўся даваць такія паказаньні, якія дыктаваў той чалавек.
«Аказалася, аднекуль ён вельмі добра ведаў абставіны нашай крымінальнай справы», — заўважыў у судзе Іван Комар.
Адносна абвінавачаньня ва ўдзеле ў нападзе на ізалятар на вуліцы Валадарскага і на будынак суду на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча Іван Комар сказаў, што пагадзіўся толькі зьняць на відэа тое, што будзе рабіць ягоны сябар Мікіта Емяльянаў. Таксама падсудны прызнаў, што перад акцыяй каля суду купіў і перадаў Емяльянаву лямпачкі і фарбу. На пытаньне суду, чаму ён не паведаміў у міліцыю пра заплянаваныя Емяльянавым акцыі, Іван Комар адказаў: «Бо гэта мой сябар».
Паводле Комара, ён быў супраць «падобных мэтадаў», таму і ня браў у акцыях удзелу асабіста, але падтрымліваў іх мэту — пратэст супраць перасьледу палітвязьняў, у тым ліку Зьмітра Паліенкі.
Допыт Івана Комара працягнецца 11 лютага. Меркавана, у той жа дзень пачнуцца і судовыя спрэчкі.