Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў пра перанос галасаваньня аб папраўках у Канстытуцыю на пазьнейшы тэрмін


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў, што ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу агульнае галасаваньне аб папраўках у Канстытуцыю, заплянаванае на 22 красавіка, будзе перанесенае на пазьнейшы тэрмін.

Уладзімір Пуцін 25 сакавіка выступіў з тэлезваротам да грамадзянаў краіны ў сувязі з сытуацыяй з каранавірусам.

Пуцін сказаў, што наступны тыдзень для расейцаў стане нерабочым з захаваньнем зарплаты. Выходныя дні будуць доўжыцца з 28 сакавіка па 5 красавіка. Пуцін падкрэсьліў, што доўгія выходныя дазволяць зьнізіць распаўсюджваньне каранавірусу.

Пуцін унёс законапраект аб папраўках у студзені неўзабаве пасьля свайго пасланьня Фэдэральнаму сходу. Папраўкі істотна пашыраюць паўнамоцтвы прэзыдэнта. Сярод іх:

  • Забарона на замежнае грамадзянства і від на жыхарства для прэзыдэнта. Прэзыдэнт ня можа займаць гэтую пасаду больш за два тэрміны (без агаворкі «запар»).
  • Пры гэтым згодна з папраўкай, прынятай на прапанову дэпутата Валянціны Церашковай, абнуляюцца папярэднія прэзыдэнцкія тэрміны для дзейнага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і трэцяга прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Іншымі словамі, Пуцін у выпадку перамогі на выбарах зможа быць прэзыдэнтам да 2036 году.
  • Права прэзыдэнта распусьціць Думу ў выпадку, калі дэпутаты тройчы не зацьвердзяць больш за траціну прадстаўленых міністраў. Прэзыдэнт можа зьмяніць кіраўніка кабінэту міністраў бязь зьмены ўраду.
  • Дадатковае прэзыдэнцкае права вэта пры падпісаньні законапраектаў. Законапраект па-ранейшаму падлягае падпісаньню прэзыдэнтам, калі ён паўторна ўхвалены дзьвюма трацінамі галасоў Фэдэральнага сходу. Аднак дададзена магчымасьць разгляду такога законапраекту Канстытуцыйным судом: калі КС прызнае законапраект канстытуцыйным, прэзыдэнт падпісвае яго ў трохдзённы тэрмін, калі не — вяртае ў Дзярждуму.
  • Прызначэньне судзьдзяў Вярхоўнага суду і Канстытуцыйнага суду Саветам Фэдэрацыі па прадстаўленьні прэзыдэнта. Зьмяняецца колькасьць судзьдзяў КС — іх будзе 11 замест 19. Паўнамоцтвы судзьдзяў ВС і КС спыняюцца па прадастаўленьні прэзыдэнта «ў выпадку ўчыненьня імі дзеяньня, што ганіць гонар і годнасьць судзьдзі», а таксама ў iншых выпадках, прадугледжаных фэдэральным законам.
  • Экс-прэзыдэнт недатыкальны, пазбавіцца недатыкальнасьці ён можа толькі па працэдуры, падобнай да працэдуры імпічмэнту. Экс-прэзыдэнт можа стаць пажыцьцёвым сэнатарам. Пажыцьцёвымі сэнатарамі таксама «могуць быць прызначаныя грамадзяне, якія маюць выдатныя заслугі перад краінай у сфэры дзяржаўнай і грамадзкай дзейнасьці».

Станам на 25 сакавіка лічба інфікаваных каранавірусам у Расеі вырасла за апошнія суткі на 163 і цяпер складае 658 чалавек, выпадкі заражэньня зафіксаваныя ў 55 рэгіёнах краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG