Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карантын не перашкода. Беларусы працягваюць будаваць дарогі ва Ўкраіне


Тут і ніжэй фота: Служба аўтамабільных дарог у Ровенскай вобласьці адмыслова для Свабоды
Тут і ніжэй фота: Служба аўтамабільных дарог у Ровенскай вобласьці адмыслова для Свабоды

Дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля са студзеня пачаў будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Роўна — праца не спыняецца, нягледзячы на ўведзены з 12 сакавіка ва Ўкраіне карантын.

«Гомельскія дарожнікі працуюць у штатным рэжыме. Яны пражываюць у непасрэднай блізкасьці да аб’екта і мяжы не перасякаюць», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Службы аўтамабільных дарог у Ровенскай вобласьці Дзьмітры Леанціюк.

Паводле яго, украінскі бок ня мае ніякіх прэтэнзій да тэмпаў і якасьці будаўніцтва:

«Супрацоўнікі заехалі на тэрыторыю Ўкраіны яшчэ ў студзені, да ўвядзеньня ўсіх абмежаваньняў. І карантын ніякім чынам не паўплывае на будаўніцтва дарогі».

Дзьмітры Леанціюк дадаў, што праца беларускіх аўтадарожнікаў арганізавана такім чынам, каб максымальна пазьбегнуць блізкіх кантактаў:

«Ды і сам вытворчы працэс не прадугледжвае такіх блізкіх кантактаў. Тэхніка разьмеркаваная па ўсім аб’екце будаўніцтва, а работы праводзяцца на розных участках — недзе праводзяцца падрыхтоўчыя работы да будаўніцтва іншых інфраструктурных аб’ектаў дарогі, недзе ідзе ўкладка ці земляныя работы».

Паводле інфармацыі Грамадзкага цэнтру здароўя Ўкраіны, у Ровенскай вобласьці пакуль не зарэгістравана ніводнага выпадку заражэньня каранавірусам. Але, нягледзячы на гэта, усе прадпрыемствы вобласьці абавязаны выконваць карантынны рэжым.

«Служба аўтамабільных дарог у Ровенскай вобласьці максымальна ўвяла дыстанцыйны рэжым працы, мы спынілі асабісты прыём грамадзян, усе памяшканьні апрацоўваюцца антысэптыкам, а супрацоўнікі забясьпечваюцца ўсімі неабходнымі сродкамі абароны, – удакладніў Леанціюк. — Тое самае мы раім рабіць і нашым падрадчыкам».

Дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля летась у жніўні выйграў тэндэр на будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Роўна. Кошт працы 750 мільёнаў грыўняў (амаль 29,5 мільёна даляраў у эквіваленце). Будаўніцтва дарогі павінна завершыцца да 31 сьнежня 2022 году.

Гэты тэндэр стаў найбуйнейшым украінскім падрадам для холдынгу «Белаўтадар», у склад якога ўваходзіць гомельскі дарожна-будаўнічы трэст.

Урад Украіны заяўляе, што карантын не павінен паўплываць на рэалізацыю інфраструктурных праектаў.

«Эканомікі ніхто не спыняе. Мы выдатна разумеем, што эфэктыўны кантроль над каранавірусам — гэта таксама стабільная эканоміка і мы робім усё магчымае, каб забясьпечыць яе бесьперабойную працу», — падкрэсьліў міністар інфраструктуры Ўкраіны Уладзіслаў Крыклій.

З 16 сакавіка Ўкраіна забараніла іншаземцам уяжджаць на сваю тэрыторыю, але ня ўводзіла для сваіх грамадзян абмежаваньняў на выезд за межы. Трапіць на ўкраінскую тэрыторыю могуць толькі тыя іншаземцы, якія маюць від на жыхарства ва Ўкраіне.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG