Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Севярынец пра каранавірус адукацыі і выхаваньня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ня так страшны вірус COVID-19, як тое, што ён робіць з людзьмі.

Адно з самых непрыемных уражаньняў апошніх дзён — уражаньне ад таго, як у школах рэагуюць на спробы некаторых бацькоў прымаць рашучыя меры супраць пандэміі. Мне шмат пішуць у прыват, я сачу за паведамленьнямі ў стужцы Фэйсбуку, я назіраю за сытуацыямі вакол тых знаёмых мне дзяцей, якія сышлі зараз на самастойнае навучаньне альбо проста ходзяць у школу ў масках.

І я чую і бачу.

  • Я бачу, як некаторыя настаўнікі дазваляюць сабе абразьлівыя камэнтары ў бок вучняў у масках.
  • Я бачу нават, як дарослыя з задавальненьнем арганізуюць цкаваньне такіх «панікёраў».
  • Я ведаю, што існуе цьвёрдая пазыцыя школ не расказваць бацькам пра іх права забраць дзяцей на карантын без рэглямэнтацыі дзён пропускаў (то бок па даведку ў паліклініку потым ісьці ня трэба).
  • Я ведаю, што ёсьць выпадкі, калі асобныя настаўнікі альбо нават адміністрацыя школы прымушаюць дзяцей на самакарантыне прыходзіць у школы, каб здаць той ці іншы прадмет вочна, матывуючы такія візыты «канцом чвэрці».
  • Я ведаю, што некаторых бацькоў шантажуюць праблемамі з вучобай, калі яны забяруць дзіця са школы на карантын.
  • Вядома таксама, што на гэтым тыдні ў некаторых школах прайшлі праверкі наведваньня вучнямі ўрокаў, і па выніках такіх праверак клясныя кіраўнікі разаслалі бацькам смскі з патрабаваньнем выйсьці ў панядзелак у школы.
  • Я бачыла на свае вочы настаўнікаў з сухім кашлем і чырвонымі вачыма на працоўным месцы: маўляў, гэта звычайная прастуда, што я буду сядзець зь ёй дома, лепей прайдуся па вуліцы туды-сюды, яна хутчэй скончыцца.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Я хацела б нагадаць сваім калегам, якія, безумоўна, лічаць, што робяць сьвятую справу па нераспаўсюджаньні панічных настрояў, пра прычыны, зь якіх бацькі пішуць заявы аб дабравольным карантыне.

Прычыны вельмі простыя. Гэтыя дзеці і іх адказныя бацькі зьніжаюць нагрузку на сыстэму аховы здароўя. Так, хутчэй за ўсё, дзеці лягчэй пераносяць каранавірус. Але яны не перастаюць ад гэтага чапляць іншыя хваробы.

Гэтыя самаізаляваныя дзеці, якія НЕ захварэюць на ангіны і ВРВІ, НЯ будуць сядзець у чэргах да дактароў і НЯ будуць адымаць час на сябе. Гэтыя дзеці зьберагуць для вас і вашых блізкіх сілы мэдпэрсаналу, бо НЯ будуць хадзіць у паліклінікі па даведкі. Гэтыя дзеці зьменшаць колькасьць чалавек у клясах, і дазволяць нам, настаўнікам, якія знаходзяцца ў групе рызыкі па каранавірусе, захоўваць неабходную дыстанцыю паміж людзьмі ў закрытым памяшканьні.

І нават пазабыўшыся на каранавірус. Скажыце, няўжо вы і па сёньня думаеце, што ваш погляд на сьвет і ягоныя выклікі — адзіна правільны для ўсіх? Калі вы лічыце, што маска — гэта прыкмета панікі, проста не насіце яе. Калі вы лічыце, што дзеці павінны сядзець у школе — адпраўляйце туды сваіх дзяцей.

У вас няма нават мінімальнага права выказваць публічна на адрас людзей, якія не парушаюць закон, свае ацэнкі і меркаваньні, выдаючы іх за агульнапрынятыя каштоўнасьці.

Цкаваць, маніпуляваць, прымушаць, хаваць інфармацыю, пераходзіць на асобы — нельга ў любым выпадку, і не толькі ў пандэмію.

І я нешта моцна сумняюся, што непарушны адукацыйны працэс, своечасова напісаныя кантрольныя альбо любая наогул трасца, якая чамусьці лічыцца важнай пасярод плянэтарнай віруснай турботы — гэта тое, чым можна потым апраўдацца перад вечнасьцю, дыхаючы праз апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG