Больш за мільярд чалавек у 50 зь лішнім краінах і тэрыторыях атрымалі просьбу заставацца дома, у той час як улады розных краін спрабуюць справіцца з глябальнай пандэміяй каранавіруса. Такія вынікі падліку, праведзенага AFP.
Каб спыніць распаўсюд вірусу, некаторыя краіны ўвялі абавязковую для выкананьня забарону на выхад з хаты, у той час як іншыя абмежаваліся рэкамэндацыямі.
Прынамсі 34 краіны і тэрыторыі ўвялі абавязковае прадпісаньне заставацца дома, якое распаўсюджваецца прыкладна на 659 мільёнаў чалавек.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Сярод іх Францыя, Італія, Аргентына, амэрыканскі штат Каліфорнія, Ірак і Руанда. Апошняй краінай, якая ўстанавіла абавязковыя патрабаваньні знаходзіцца дома, стала Грэцыя. Новыя правілы ўступілі ў сілу ў панядзелак раніцай.
Калюмбія ўводзіць абавязковую забарона на выхад з дому з аўторка, а Новая Зэляндыя — з серады.
У большасці выпадкаў людзі ўсё ж могуць выходзіць з дому, каб пайсьці на працу, купіць прадметы першай неабходнасьці або зьвярнуцца па мэдычную дапамогу.
Прынамсі чатыры краіны з агульным насельніцтвам больш 228 мільёнаў чалавек, у тым ліку Іран, Нямеччына і Вялікабрытаніюя настойліва заклікалі жыхароў заставацца ў закрытых памяшканьнях і максымальна абмежаваць кантакты зь іншымі людзьмі.
Аднак эфэкт ад гэтых неабавязковых рэкамэндацый быў абмежаваным.
Урад Вялікай Брытаніі папярэдзіў пра ўзмацненьне жорсткасьці мераў пасьля таго, як натоўпы людзей сабраліся ў парках і на пляжах ў мінулыя выходныя. Тым часам, мільёны людзей у Іране адправіліся ў паездкі, каб адзначыць пэрсыдзкі Новы год на мінулым тыдні.
Сама меней 10 краін і тэрыторый з агульным насельніцтвам 117 мільёнаў чалавек увялі камэнданцкую гадзіну і забаранілі начныя паездкі.
Такія меры прыняты ў Буркіна-Фасо, Чылі, сталіцы Філіпін Маніле, Сэрбіі і Маўрытаніі. Сірыя уводзіць камэнданцкую гадзіну зь вечару панядзелка.
Некаторыя краіны ўвялі меры па ізаляцыі асноўных гарадоў, забараніўшы людзям уязджаць або выязджаць зь іх.
Такія рашэньні прынятыя ў дачыненьні да Алматы і Нур-Султана ў Казахстане і Баку ў Азэрбайджане. Агулам у гэтых гарадах пражываюць каля 10 мільёнаў чалавек.