Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі прафэсар астрафізыкі ў італьянскай Пэскары пра тое, як эпідэмія мяняе пляны навукоўцаў


Мэдыкі суправаджаюць пацыента з каранавірусам у шпіталь. Рым, 16 сакавіка 2020 году
Мэдыкі суправаджаюць пацыента з каранавірусам у шпіталь. Рым, 16 сакавіка 2020 году

Рыгор Верашчагін апошнія паўтара дзясятка гадоў жыве і працуе ў італьянскім горадзе Пэскара на Адрыятычным узьбярэжжы. Ён прафэсар Міжнароднага цэнтру рэлятывісцкай астрафізыкі (ICRANet, International Center for Relativistic Astrophysics Network), аўтар шэрагу кніг і навуковых працаў. Свабода пацікавілася, як карантын уплывае на ягоную дзейнасьць і побыт.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Астрафізыка капітулявала перад эпідэміяй

На канец красавіка ў Менску плянавалася вялікая міжнародная канфэрэнцыя ў пытаньнях, зьвязаных з тэарэтычнай фізыкай i астрафiзыкай. 41-гадовы Рыгор Верашчагін асабіста апякуецца прасоўваньнем гэтай галіны ў Беларусі на прынцыпова новы ўзровень, ён адзін з арганізатараў форуму.

Рыгор Верашчагін
Рыгор Верашчагін

Аднак праз пандэмію каранавірусу канфэрэнцыю давялося пераносіць — папярэдне на верасень. Гэта з разьлікам, што за лета сытуацыя з пандэміяй будзе ўзятая пад кантроль.

«Падзеі такога маштабу складана арганізаваць, але куды горш, калі трэба нешта карэктаваць у дарозе, — кажа навуковец Свабодзе. — І гэта сур’ёзны выклік, бо аўтаномныя дасьледаваньні — адно, а асабістае кантактаваньне — зусім іншае. Безь яго ў навуцы аніяк. Так, фармальна Беларусь не закрывала межы, але міжнародны статус азначае ўдзел дэлегатаў зь іншых краінаў. А яны такой магчымасьці пазбаўленыя. З гэтага, уласна кажучы, і пачалося. Яшчэ нават не было той хвалі вірусу, а ўдзельнікі ўжо паведамілі, што ня змогуць прыехаць, бо ім рэкамэндавана застацца дома».

Самому Рыгору Верашчагіну прыезд у Менск цяпер таксама ня надта патрэбны — гэта просты шлях пад двухтыднёвы карантын у інфэкцыйным шпіталі.

Пэскара — цэнтар аднайменнай правінцыі рэгіёну Абруцца. Горад стаіць на супрацьлеглым беразе ад Рыму, ён даволі далёка ад Лямбардыі, дзе знаходзіцца асноўны агмень каранавірусу. Паводле Рыгора Верашчагіна, іхны рэгіён пандэміяй фактычна яшчэ не накрыты, таму ад прагнозаў жыхары стараюцца ўстрымлівацца — ніхто ня хоча паўтарэньня таго, што адбываецца на поўначы.

«Усё зьмяняецца вельмі хутка, наўрад ці можна прадбачыць разьвіцьцё падзеяў, — кажа ён. — У маштабах краіны сытуацыя з кожным днём усё горшая. Да катастрофы, вядома, не дайшло — сыстэма аховы здароўя яшчэ спраўляецца, хоць і зь вялікім скрыпам. Галоўнае, што было зроблена тыдзень таму, — рашэньне пра фактычны карантын. Большасьць людзей знаходзяцца дома, выходзяць толькі ў крайняй патрэбе — па лекі ці прадукты. Ёсьць надзея, што паступова гэта прывядзе да згасаньня эпідэміі. Праўда, пакуль колькасьць інфікаваных толькі расьце».

На дарогах машыны хуткай дапамогі і паліцыі

У Рыме, ілюстрацыйнае фота
У Рыме, ілюстрацыйнае фота

І хоць не ў характары італьянцаў замыкацца ў чатырох сьценах, вуліцы насамрэч пустыя, усе сядзяць дома. Маштабы эпідэміі і колькасьць ахвяраў не даюць ставіцца да сытуацыі легкадумна.

«Працуюць толькі прадуктовыя крамы і аптэкі, уся іншая дзейнасьць згорнутая, — тлумачыць навуковец. — Забаўляльныя цэнтры, бутыкі, бары, цырульні, рамонт абутку — усё, што ня першай неабходнасьці, закрыта. На дарогах рух таксама мінімальны. Затое ніякіх затораў, як раней, — лічаныя аўтамабілі. Само сабой, шмат машын хуткай дапамогі, мы якраз жывём недалёка ад шпіталя, безупынна чуем сырэны. Ну і паліцыі стала больш, гэта відавочна».

За бессэнсоўнае швэнданьне па вуліцах сілавікі могуць спыніць і выпісаць штраф. Адразу ж узьнікнуць пытаньні да групы людзей: зьбірацца ў кампаніі забаронена. У сутнасьці, застаецца адно — хуткія перабежкі да крамы і назад.

Паліцыя на апусьцелай плошчы Сан Марка ў Вэнэцыі
Паліцыя на апусьцелай плошчы Сан Марка ў Вэнэцыі

Дзеля справядлівасьці — у карантыне ня толькі тыя жыхары, у той ці іншай ступені ізаляваная амаль што ўся краіна.

«Паветраныя зносіны практычна ўсе спыненыя, — удакладняе суразмоўца. — Дзе ня самі, то парупіліся суседзі. Тая ж Аўстрыя аднабаковым чынам перакрыла дарожны рух на магістралях. Цягнікі пакуль ходзяць, хоць ужо абвесьцілі пра скарачэньне маршрутаў. Але іх лепей было б зусім закрыць, каб не ствараць масавасьць. Некаторыя міжгароднія аўтобусы таксама ёсьць. То бок нешта засталося, хай і ў моцна ўрэзаным варыянце. Цікава, што ў горадзе грамадзкі транспарт ходзіць у звычайным рэжыме — праўда, амаль што пусты».

Паводле Рыгора Верашчагіна, да 3 красавіка закрылі сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Аднак зь вялікай доляй упэўненасьці можна прагназаваць, што тэрміны падоўжаць: пакуль сытуацыя не нармалізуецца, рызыкаваць здароўем малых неабачліва.

«Навучаньне ў школе дыстанцыйнае: кожны дзень даюць сьпіс заданьняў, якія дзецi мусяць выканаць, — тлумачыць ён. — На практыцы ў масе сваёй гэта выглядае так, што бацькі міжволі ператвараюцца ў настаўнікаў, бо прымусіць вучыцца завочна досыць складана. Гэта ня лічачы таго, што і самім таксама трэба пасьпяваць папрацаваць. Так што ў хатнім фармаце ёсьць і свае аб’ектыўныя хібы».

У шпіталі горада Крэмона ў правінцыі Лямбардыя, найбольш ахопленай каранавірусам
У шпіталі горада Крэмона ў правінцыі Лямбардыя, найбольш ахопленай каранавірусам

Лад жыцьця і адкрытасьць інфармацыі б’юць па статыстыцы

Для самога навукоўца няма прынцыповай розьніцы, дзе працаваць — у офісе ці дыстанцыйна. Адзінае, як ён ужо казаў, — малыя дзеці вымушаюць занадта часта адцягвацца на хатнія клопаты.

«У маім выпадку ўсё адносна нядрэнна, — працягвае беларус. — У міжнароднай арганізацыі, дзе я працую, значная частка дзейнасьці і без таго дыстанцыйная. Я займаюся астрафізыкай — тэорыя, назіраньні.

Адпаведна патрэбныя кампутар, інтэрнэт, я магу працаваць з дому. Але ж тым, хто мае свае невялікія бізнэсы (а гэта значная частка сфэры камэрцыi, турызму), зараз цяжка. Бо для Італіі наагул характэрныя прадпрыемствы ці фірмы з малой колькасьцю занятых — сямейнікі, сябры, знаёмыя».

Як кажа Рыгор Верашчагін, праходжаньне піку захворваньняў на каранавірус у Італіі калегі-навукоўцы з мэдычнай галіны прагназуюць толькі ў канцы сакавіка ці ў пачатку красавіка. Гэта значыць, бліжэйшым часам статыстыка шпіталізаваных і, як вынік, сьмяротных выпадкаў будзе заставацца такой жа высокай.

Бэргама, Італія, 16 сакавіка 2020 году
Бэргама, Італія, 16 сакавіка 2020 году

Чаму менавіта Італія стала арэнаю найбольш жорсткага выпрабаваньня хваробай? Нават Кітай, дзе пагроза эпідэміі была непараўнальна вышэйшая, здолеў яе спыніць. Апэніны хоць і стараюцца, але бітву пакуль прайграюць.

«Вельмі шмат фактараў, якія адрозьніваюць італьянцаў ад тых жа кітайцаў, — дзеліцца назіраньнямі беларускі астрафізык. — З аднаго боку, iтальянцы вельмi камунiкабэльны народ: блізкія кантакты, сустрэчы з роднымi і знаёмымi — неад’емная частка iхнага штодзённага побыту. Зь іншага боку, працягласьць жыцьця ў Iталii адна з найбольшых у сьвеце — пры тым, што якраз людзi сталага ўзросту пераносяць COVID-19 цяжэй за моладзь. Але спыніць эпідэмію тут намагаюцца ўсімі сіламі, гэта несумненна».

Паводле апэратыўных мэдычных зьвестак, у Італіі сярэдні ўзрост інфікаваных каранавірусам — 63 гады, а памерлых пацыентаў — 79,5 года. Ва ўмовах пандэміі апошнія і ёсьць самай уразьлівай групай рызыкі. Ва ўсім сьвеце колькасьць хворых на каранавірус перасягнула адзнаку 200 000. Найбольш іх ад пачатку году зафіксавана ў Кітаі — звыш 80 000, больш за 3 200 сьмяротных вынікаў. Але там тэмпы эпідэміі ўдалося зьвесьці да мінімуму: калі на піку гэты паказьнік перавышаў 10 тысяч на дзень, то цяпер фіксуюць толькі адзінкавыя выпадкі.

На другім месцы ў агульнай колькасьці хворых Італія — больш чым 35 000 чалавек інфікаваныя, амаль 3 000 памерлі. Гэта істотна больш за Іран, які ідзе наступным — там захварэлі прыкладна 17 300, звыш 1 100 сьмерцяў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG