18 сакавіка беларускі рубель патаньнеў адносна даляра адразу на 7 капеек. Цяпер 1 даляр каштуе 2,4413 рубля. Чаму так адбываецца і на якой адзнацы ён спыніцца, расказвае эканаміст Дзьмітры Крук.
Эканаміст Дзьмітры Крук зьвязвае гэта з падзеньнем расейскага рубля, выкліканым зьніжэньнем цэнаў на нафту.
«Гэта зьвязана са зьніжэньнем цаны на нафту, што ўплывае на расейскі валютны рынак, а гэта ў сваю чаргу ўплывае на нас. Калі такая сытуацыя будзе захоўвацца, то беларускі рубель будзе таньнець далей. Сёньня на нафтавым рынку адбываецца цэнавая вайна і цяжка прадказваць, як будзе далей. Нафта можа вырасьці ў цане і праз тыдзень, і празь месяц, і праз паўгода. Калі гэта надоўга працягнецца, то на адкат рубля ў цане гэта не паўплывае», — мяркуе Дзьмітры Крук.
17 сакавіка ўвечары барэль нафты маркі Brent на біржы каштаваў 28,9 даляра, цана нафты маркі WTI упала ніжэй за $28 за барэль. Гэтае падзеньне наймацнейшае са студзеня 2016 году.
На Маскоўскай біржы расейская валюта абвалілася да максымуму за апошнія чатыры гады: курс даляра ўшчыльную наблізіўся да 80 рублёў. Эўра зафіксаваўся на ўзроўні 85 рублёў.
У валютным кошыку Нацыянальнага банку Беларусі расейскі рубель складае 50%.