Прыём дакумэнтаў на візы ў амбасадаў і візавых цэнтрах Польшчы і Літвы прыпынены ў сувязі з уведзеным у краінах карантынам з прычыны каранавірусу COVID-19. Адпаведныя абвесткі зьявіліся на сайце амбасадаў.
Як гаворыцца на сайце амбасады Польшчы ў Беларусі, з 17 па 27 сакавіка зьмяняюцца ўмовы прыёму грамадзян у некаторых аддзелах установы.
Прыпыняецца:
- Прыём дакумэнтаў на «карту паляка», а таксама прыём i выдача ўсiх дакумэнтаў, зьвязаных з «картай паляка».
- Прыём вiзавых анкет, а таксама заяваў пра паўторны разгляд вiзавых спраў — у консульскім аддзеле ў Менску, а таксама ва ўсіх пунктах прыёму візавых заяваў, якія яго абслугоўваюць (візавыя цэнтры ў Гомлі і Магілёве). Горадзенская i Берасьцейская консульскiя акругi таксама прыпыняюць прыём дакумэнтаў. Выключэньне — толькі для надзвычайных сытуацый.
- Па справах грамадзянства i юрыдычных пытаньнях прымаюць выключна ў надзвычайных сытуацыях, якiя немагчыма вырашыць без дапамогі консула.
У амбасадзе Літвы паведамілі, што прымаць дакумэнты на літоўскую візу ня будуць з 16 да 30 сакавіка 2020 году як у самой амбасадзе, так і ў візавых цэнтрах Літвы.
«У сувязі з абвяшчэньнем карантыну на тэрыторыі Літвы з 16 па 30 сакавіка ўключна, прыём дакумэнтаў на атрыманьне візаў прыпынены на ўвесь пэрыяд карантыну», — гаворыцца ў паведамленьні сайце амбасады.
З 14 сакавіка быў прыпынены прыём і разгляд заяваў на атрыманьне візаў ва ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтвах Чэхіі, уключаючы візавыя цэнтры. Меры таксама датычацца сваякоў і чальцоў сем’яў грамадзян Эўразьвязу. Консульскі збор не вяртаецца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ