У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу расьце. Суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі карантын або надзвычайнае становішча, закрылі межы і пасажырскія транспартныя зносіны.
Польшча
- Колькасьць выпадкаў — 150
- 3 чалавекі памерла
- У краіне абвешчаная сытуацыя эпідэмічнай пагрозы
- Ад нядзелі 15 сакавіка на 10 дзён закрываюцца межы, спыняюцца міжнародныя паветраныя і чыгуначныя зносіны
- Вернуты кантроль на ўсіх межах
- Усе грамадзяне, якія вяртаюцца ў Польшчу, мусяць прайсьці 14-дзённы карантын
- Зачыненыя гандлёвыя цэнтры, працуюць толькі прадуктовыя крамы і аптэкі
- Зачыненыя рэстараны, кавярні, бары
- Зачыненыя ўстановы культуры — кіно, тэатры, філярмоніі і музэі
- Адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, забараняюцца сходы з удзелам больш чым 50 чалавек, у тым ліку і багаслужбы
- Ад панядзелка 16 сакавіка зачыніліся ўсе навучальныя ўстановы — ад дзіцячых садкоў да ўнівэрсытэтаў
Латвія
- Колькасьць выпадкаў — 34
- 12 сакавіка ўрад увёў на месяц надзвычайнае становішча
- Да 14 красавіка закрытыя ўсе навучальныя ўстановы
- На 4 тыдні адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, неарганізавана можна зьбірацца да 50 чалавек і разыходзіцца пасьля 23.00
- Ад аўторка 17 сакавіка на два тыдні спыненыя ўсе міжнародныя пасажырсксія транспартныя зносіны — авіяцыйныя, чыгуначныя, марскія, аўтобусныя
- Амбасады і кансуляты перастаюць выдаваць уязныя візы замежнікам
Літва
- Колькасьць выпадкаў — 14
- Ад панядзелка 16 сакавіка ў краіне на два тыдні ўводзіцца карантын
- Забаронены ўезд у краіну замежнікаў і выезд грамадзянаў Літвы за мяжу
- Зачынены кавярні, рэстараны, крамы (апрача прадуктовых і аптэк)
- Усе навучальныя ўстановы надалей застаюцца зачыненыя
- Забароненыя ўсе мерапрыемствы — як у закрытых памяшканьнях, так і ў адкрытай прасторы
- У касьцёлах адмененыя багаслужбы
- Забароненае наведваньне хворых у шпіталях і вязьняў у турмах
Украіна
- Колькасьць выпадкаў — 5
- 1 пацыентка памерла
- У краіне абвешчаны карантын ад 12 сакавіка да 3 красавіка:
- Ад панядзелка 16 сакавіка на два тыдні забаронены ўезд замежным грамадзянам, кансуляты прыпынілі выдачу ўязных віз
- Ад аўторка 17 сакавіка на два тыдні будуць спыненыя міжнародныя пасажырскія авіязносіны
- Забаронена наведаньне вучнямі навучальных установаў
- Забаронена правядзеньне масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 200 чалавек ( у Кіеве — 60 чалавек)
Расея
- Колькасьць выпадкаў — 63
- Чакаецца, што Пуцін абвесьціць рэжым падвышанай небясьпекі па ўсёй краіне. Адмененыя будуць заняткі ў школах і ў ВНУ, уведзены рэжым самаізаляцыі, зачыненыя тэатры і кінатэатры.
- У Маскве, Пецярбургу, Маскоўскай, Ліпецкай, Курскай, Ульлянаўскай абласьцях, Краснадарскім краі і ў Карэліі абвешчаны асаблівы рэжым павышанай гатовасьці
- Спыненыя чыгуначныя зносіны з Украінай і Малдовай
- Спынены пропуск у Расею замежнікаў праз расейска-польскую і расейска-нарвэскую мяжу
- У Маскве ад панядзелка ў школах уведзены свабодны рэжым наведваньня
- У Маскве на месяц увялі забароны на масавыя мерапрыемствы (больш за 5 000 чалавек)
Чэхія
- Колькасьць выпадкаў — 298
- Ад 16 да 24 сакавіка па ўсёй краіне абвешчаны карантын
- Абмяжоўваецца вольнае перамяшчэньне грамадзянаў, за выключэньнем жыцьцёва важных сытуацый — праца, накупы, лячэньне
- Ад 14 сакавіка на 10 дзён закрыты ўсе рэстараны і крамы за выключэньнем прадуктовых, аптэк і крам на аўтазапраўках
- Ад 16 сакавіка забаронены ўезд замежнікаў у Чэхію і выезд грамадзянаў Чэхіі за мяжу
- Закрыты школы
- Цалкам закрытыя спартовыя аб’екты, фітнэс-залы, басэйны, салярыі, саўны, музычныя клюбы, бібліятэкі і галерэі
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ