Украіна ўвяла агульнацыянальны карантын да 3 красавіка: спыніла ўсе віды пасажырскіх перавозак (авіяцыйныя, аўтамабільныя і чыгуначныя), увяла абмежаваньні на дзяржаўнай мяжы, у тым ліку зь Беларусьсю.
Але закрытыя межы не перашкода для ўкраінцаў, каб вярнуцца на радзіму. Улады арганізоўваюць спэцыяльныя пазаплянавыя рэйсы.
Свабода вывучала, як украінскія ўлады працуюць са сваімі суайчыньнікамі, якія апынуліся за межамі Ўкраіны ва ўмовах карантыну.
Уханскія і італьянскія пасажыры
Першая вялікая эвакуацыя адбылася ў лютым. Тады з кітайскага гораду Ухань, эпіцэнтру эпідэміі небясьпечнага вірусу, вывезьлі 45 украінцаў і 27 іншаземцаў. Насуперак пратэстам, усіх разьмясьцілі ў адным з санаторыяў Палтаўскай вобласьці на абсэрвацыю. Праз 14 дзён мэдыкі канстатавалі адсутнасьць у іх каранавірусу і выпісалі.
15 сакавіка ва Ўкраіну адмысловым самалётам з італьянскай Вэнэцыі вярнуліся яшчэ 123 украінцы. Яны выехалі з Італіі аўтобусамі, але на мяжы са Славеніяй аўтобусы не прапусьцілі, бо краіна ўжо закрыла свае межы. Украінскім уладам спатрэбіліся суткі, каб арганізаваць спэцыяльны рэйс і вывезьці ўсіх ахвотных. Цяпер яны ва Ўкраіне — усе эвакуаваныя падпісалі абавязаньні добраахвотна самаізалявацца цягам 14 дзён.
Каб атрымаць дапамогу, варта зарэгістравацца. Але неабавязкова
Каардынацыяй усіх дзеяньняў па вяртаньні ўкраінцаў з-за мяжы займаецца Міністэрства замежных спраў. Цягам літаральна некалькіх дзён стварылі электронную сыстэму добраахвотнай рэгістрацыі грамадзян Украіны пры падарожжах за мяжу «Друг». Людзі павінны запоўніць электронную анкету, у якой мусяць пазначыць кантакты, сваё прозьвішча і сваіх спадарожнікаў, маршрут, пэрыяд знаходжаньня за мяжой і кантактную асобу ва Ўкраіне.
Створаная цяпер сыстэма будзе дзейнічаць стала — гэта дазволіць дапамагчы ўкранцам, якія ў часе свайго знаходжаньня за мяжой апынуліся ў любой надзвычайнай сытуацыі — ад стыхійнага ліха да сацыяльных ці ваенных канфліктаў.
У выпадку надзвычайнай сытуацыі ў месцы знаходжаньня ўкраінца гэтая сыстэма аўтаматычна адправіць на тэлефон або электронную пошту актуальную інфармацыю з альгарытмам дзеяньняў. Адначасова амбасада ці консульства зьвязваецца з тымі кантактнымі асобамі ва Ўкраіне, якія пазначаныя ў анкеце.
Гарачыя тэлефонныя лініі бясплатныя
Адначасова Міністэрства замежных спраў штодзённа паведамляе нумары гарачай тэлефоннай лініі і просіць сродкі масавай інфармацыі дадаваць іх ва ўсе тэматычныя матэрыялы. Такая консульская дапамога ажыцьцяўляецца цягам 24 гадзін у суткі. Паводле дамоўленасьці паміж Міністэрствам замежных спраў Украіны і ўкраінскімі апэратарамі мабільнай сувязі, званкі з мабільных тэлефонаў у роўмінгу на гарачую лінію МЗС ажыцьцяўляюцца бясплатна.
Дапамога ня толькі ў эвакуацыі
Адначасова ўкраінскія дыпляматы пачалі дамаўляцца з краінамі, зь якіх украінцы ня могуць выехаць з прычыны карантыну, а дазвольныя дакумэнты на іхнае знаходжаньне ці тэрмін дзеяньня візы заканчваюцца.
Міністэрства замежных спраў абяцае дапамагчы вырашыць усе гэтыя праблемы, каб ўкраінцы пазьбегнулі штрафаў ці санкцый за парушэньне тэрмінаў знаходжаньня, улічваючы форс-мажорныя абставіны.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ