Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не баюся!» Зяленскі абняў людзей пад каранавірусным карантынам і асабіста адпусьціў іх


Украінскія мэдыкі спынілі назіраньні стану здароўя іншаземцаў і ўкраінцаў, эвакуаваных у лютым з кітайскага гораду Ўханю і насуперак пратэстам мясцовых жыхароў разьмешчаных у адным з санаторыяў Палтаўскай вобласьці.

Паводле заключэньняў лекараў, усе эвакуаваныя і іх праважатыя здаровыя і могуць вяртацца дадому.

На завяршэньне абсэрвацыі (карантыну), якая доўжылася 14 дзён у Новых Санжарах на Палтаўшчыне, прыехалі амаль усе найвышэйшыя асобы Ўкраіны, акрамя прызначанага напярэдадні прэмʼер-міністра Ўкраіны Дзяніса Шмыгаля:

  • прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі,
  • сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў,
  • міністар унутраных справаў Арсен Авакаў,
  • галоўны санітарны лекар Украіны Віктар Ляшко.

«Зычу вам здароўя і дзякую вам, што вы вытрывалі гэтыя два тыдні», — сказаў Уладзімір Зяленскі, зьвяртаючыся да эвакуаваных.

Прэзыдэнт Украіны падзякаваў кіраўнікам мясцовай улады за арганізацыю абсэрвацыі, мэдыкам і асабіста экс-міністру аховы здароўя Заране Скалецкай, якая вырашыла застацца ва ўмовах карантыну, каб паспрыяць спыненьню пратэстаў мясцовых жыхароў. Уладзімір Зяленскі падыйшоў да экс-міністра і абняў яе са словамі: «Я не баюся». Жэст выклікаў у прысутных воплескі і сьмех.

Уладзімір Зяленскі павіншаваў аднаго з эвакуаваных хлопцаў з днём нараджэньня, які той адзначае сёньня, і падарыў яму прэзыдэнцкі гадзіньнік.

Як пратэставалі мясцовыя жыхары

Украінскі самалёт, які 19 лютага вылецеў з кітайскага гораду Ўханю, эпіцэнтру распаўсюджаньня небясьпечнага вірусу, ня змог праз туман прызямліцца ў заплянаваны час у Харкаве і вымушаны быў вярнуцца ў Кіеў на дазапраўку. У гэты час, калі ўжо стала вядома, што усіх эвакуаваных размесьцяць у санаторыі Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ў Новых Санжарах, мясцовыя жыхары выйшлі на акцыю пратэсту.

У часе пратэстаў адбыліся сутыкненьні з паліцыяй, у выніку чаго былі дзясяткі затрыманых і пацярпелых. Супрацоўнікі праваахоўных органаў Украіны разблякавалі дарогу да санаторыю ў Новых Санжарах у Палтаўскай вобласьці і забясьпечылі праезд аўтобусаў з эвакуаванымі з Кітаю грамадзянамі.

Тады ж, каб супакоіць мясцовых жыхароў, Зарана Скалецкая (на той час міністарка аховы здароўя Ўкраіны) заявіла, што будзе знаходзіцца ў мэдыцынскай установе з усімі эвакуаванымі цягам 14 дзён.

Абсэрвацыю ў Новых Санжарах праходзілі 45 украінцаў і 27 іншаземцаў разам з экіпажам самалёту і мэдыкамі, якія суправаджалі рэйс.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG