Падзеі 10 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
10 сакавіка 1942 году нарадзіўся Міхась Ткачоў, беларускі археоляг і гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч. Напрыканцы 1980-х ён уключыўся ў актыўную грамадзкую і палітычную дзейнасьць. У 1986 годзе Ткачоў заснаваў у Горадні гісторыка-культурны клюб «Паходня», уваходзіў у Аргкамітэт БНФ, выступаў за аднаўленьне ў Беларусі сацыял-дэмакратыі.
Таксама ў гэты дзень
1931 — карнікі НКВД у Менску вынесьлі прысуд беларускаму паэту Ўладзімеру Жылку — пяць гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласьці. Моцна хворы паэт быў адпраўлены ў Расею, дзе неўзабаве памёр.
1939 — у Менску прэм’ерай першай савецкай беларускай опэры «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага адкрыўся будынак Дзяpжаўнага тэатру опэpы і балету Белаpyсi.
1972 — здарыўся выбух на Менскім радыёзаводзе. Загінулі, паводле розных зьвестак, ад 100 да 140 чалавек, больш за 100 пацярпелі.
У гэты дзень нарадзіліся
1926 — Васіль Супрун, заснавальнік і кіраўнік беларускага антысавецкага падпольля на тэрыторыі Заходняй Беларусі, паэт, краязнавец, археоляг.
1928 — Яўген Сідаровіч, беларускі навуковец у галіне фізіялёгіі і экалёгіі.
1933 — Серафім Андраюк, літаратурны крытык.
1940 — Чак Норыс, амэрыканскі кінаактор і майстар баявых мастацтваў.
У памяці
1861 — памёр Тарас Шаўчэнка, украінскі паэт, мастак і культурны дзяяч.
1938 — расстраляны Іван Навіцкі, рабочы зь вёскі Блевачы Бярэзінскага раёну. Арыштаваны 9 сьнежня 1937 году. Асуджаны як агент польскай выведкі. Расстраляны ў Магілёўскай турме. Больш лёсаў рэпрэсаваных беларусаў — у абноўленай «Картатэцы Сталіна» на сайце stalin-list.org.
1940 — памёр Міхаіл Булгакаў, расейскі пісьменьнік і драматург.
2005 — памёр Апанас Цыхун, беларускі пэдагог, краязнаўца, літаратар.
2011 — памёр Янка Сіпакоў, беларускі пісьменьнік, перакладчык.
2011 — памерла Сьвятлана Навумава, навукоўца, спэцыялістка ў галіне паліталёгіі і паліттэхналёгіяў.