Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША і жонка Трампа ўручылі прэміі «За мужнасьць» уцякачцы з кітайскіх «лягераў перавыхаваньня»


Сайрагуль Саўытбай, этнічная казашка з Сіньцзяну, зьбегла з Кітаю і стала адной з першых, хто распавёў пра «лягеры перавыхаваньня» і перасьлед, які зазналі мусульманскія меншасьці ў гэтай краіне. 4 сакавіка Саўытбай была ўзнагароджаная ў ЗША міжнароднай жаночай прэміяй «За мужнасьць».

Пра гэта паведамляе тэлеканал «Настоящее время». Цырымонія прайшла ў Вашынгтоне, узнагароду Саўытбай уручылі дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо і жонка прэзыдэнта ЗША Мелані Трамп.

Акрамя яе прэмію атрымала таксама армянская журналістка Люсі Качаран, якая шмат пісала пра праблемы хворых дзяцей і выступала супраць гвалту ў сям’і, а таксама азэрбайджанская юрыстка Шахлая Гумбатава. Гумбатава абараняла многіх азэрбайджанскіх палітвязьняў, а ў 2019 годзе была пазбаўленая ўладамі статусу адваката.

Сайрагуль Саўытбай была дзяржаўным службоўцам у Кітаі, чальцом камуністычнай партыі і сама працавала ў «лягеры палітычнага перавыхаваньня», таму далёка не адразу вырашылася на ўцёкі.

«Яе разлучылі зь сямʼёй, катавалі, заключалі ў турму, ёй пагражала сьмяротнае пакараньне праз тое, што яна мела мужнасьць казаць праўду, — сказаў на ўручэньні ўзнагароды Майк Пампэо. — Яна стала адной з першых ахвяраў, якія адкрыта пачалі казаць пра рэпрэсіі камуністычнай партыі Кітаю ў дачыненьні да мусульманскіх меншасьцяў. Яна сьмела паведамляла інфармацыю аб сіньцзянскіх лягерах і працягвае натхняць іншых былых вязьняў і іх семʼі на тое, каб яны распавялі сьвету свае гісторыі ».

У 2016 годзе ў Казахстан пераехалі яе муж і дзеці. Сама жанчына зьбегла з Кітаю ў красавіку 2018 году, яна здолела перасекчы мяжу і папрасіла прытулку ў Казахстане.

У судзе ў Алмацінскай вобласьці яна дала паказаньні аб тым, што тысячы этнічных казахаў, уйгураў і іншых мусульманаў у правінцыі на паўночным захадзе Кітаю зазнаюць «ідэалягічную апрацоўку» у «лягерах палітычнага перавыхаваньня» і што яе самую прымусілі навучаць інструктараў для такіх лягераў.

Нягледзячы на яе паказаньні і словы пра тое, што ўлады Кітаю не выпускалі яе з краіны, а ў выпадку дэпартацыі ў Кітай яе чакаюць катаваньні, у кастрычніку 2018 году ўлады Казахстану адмовіліся даць Сайрагуль Саўытбай статус уцякачкі і прызналі яе вінаватай у незаконным перасячэньні мяжы. Казахстан працягвае займаць падкрэсьлена нэўтральную пазыцыю ў адносінах да таго, што адбываецца ў Кітаі з уйгурскімі і казахскімі меншасьцямі, заяўляючы, што гэта унутраная справа краіны.

Аднак казахстанскі суд таксама ня стаў дэпартаваць актывістку ў Кітай. Гэта пасьля дало сямʼі магчымасьць зьехаць у Швэцыю, якая дала Сайрагуль Саўытбай прытулак.

Сёлета прэмія «За мужнасьць» была прысуджаная прадстаўніцам 11 краінаў. У сваёй прамове Мэлані Трамп сказала, што кожная з узнагароджаных жанчын «праявіла сьмеласьць і рызыкавала сваім жыцьцём, каб дапамагчы іншым».

У 2018 годзе такую ж узнагароду атрымала казахстанская праваабаронца Айман Умарава, а ў 2011 годзе — былая прэзыдэнт Кіргізстану Роза Атунбаева.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG