Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адклала разьмяшчэньне эўрабондаў у сувязі з каранавірусам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства фінансаў Беларусі адклала на няпэўны тэрмін разьмяшчэньне новага выпуску эўрабондаў з прычыны нестабільнасьці фінансавых рынкаў на фоне пашырэньня эпідэміі каранавірусу, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» знаёмая з сытуацыяй крыніца ў фінансавых колах.

«Разьмяшчэньня ня будзе. Дакладней, будзе, але пазьней. Рынкі з глузду зьехалі ад каранавірусу, — заявіў суразмоўца агенцтва. — Эмітэнт кажа, што выйдзе на рынак, як толькі сытуацыя наладзіцца».

У Міністэрстве фінансаў Беларусі агенцтву заявілі, што разьмяшчэньне эўрааблігацый адбудзецца цягам 2020 году.

«Road show у ЗША і Лёндане адбылося. Пагадненьне рушыць усьлед на працягу 2020 году з улікам рынкавых умоваў, як і было ўказана ў аб’яве ад 27 лютага 2020 году», — паведаміла агенцтву прэс-сакратарка Міністэрства фінансаў Ірына Комар.

Road Show — элемэнт практычнай падрыхтоўкі кампаніі-эмітэнта пры выпуску яе каштоўных папер (аблігацыі, акцыі, і г. д.), у тым ліку пры першым публічным разьмяшчэньні (IPO). Гэта сэрыя сустрэч з патэнцыйнымі інвэстарамі і аналітыкамі ў ключавых гарадах сьвету; як правіла, праводзіцца ў краінах з найбольш разьвітым фондавым рынкам — у ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне.

27 лютага Міністэрства фінансаў Беларусі паведаміла, што ўся падрыхтоўчая праца да разьмяшчэньня выпускаў завершылася, неабходныя дазволы атрымалі. Крыніцы ў банкаўскіх колах казалі, што Беларусь разглядае магчымасьць разьмяшчэньня эўрааблігацый, намінаваных у далярах ЗША, з пагашэньнем у 2035 годзе, і эўрааблігацый, намінаваных у эўра, з пагашэньнем у 2026 ці 2028 гадах.

Міністар фінансаў Максім Ермаловіч раней казаў, што Беларусь у першым квартале 2020 году можа разьмясьціць эўрабонды на 1-1,2 мільярда даляраў пры ўмове спрыяльнай канʼюнктуры рынку.

2 сакавіка Мінфін пачаў road show новага выпуску эўрабондаў з двух траншаў у далярах і эўра. Былі заплянаваныя сустрэчы з патэнцыйнымі інвэстарамі ў шэрагу гарадоў ЗША, Франкфурце і Лёндане.

Паводле ранейшай ацэнкі экспэртаў Sberbank CIB, даходнасьць новага выпуску эўрааблігацый Беларусі ў далярах ЗША можа скласьці каля 6,2% гадавых, у эўра — каля 3,25% гадавых.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG