Кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў заяўляе, што сумесныя беларуска-брытанскія манэўры — рэч прарыўная, нагадвае, што Масква не пакінула ідэю пашырэньня сваёй вайсковай прысутнасьці ў Беларусі, і лічыць, што ўсё больш краінаў NATO прызнаюць Беларусь як самастойнага, хаця і непасьлядоўнага, гульца.
Сьцісла:
- Афіцыйны Менск ня бачыць пагрозы з боку NATO.
- Лукашэнка можа прыняць эмацыйнае рашэньне не працягваць знаходжаньне ў Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў.
- Масква не хавае, што пытаньне пашырэньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі ня вырашана раз і назаўсёды, яно проста адкладзена.
- Захаду не зразумела, наколькі Менск «добрасумленны гулец», наколькі можна давяраць уладам Беларусі, наколькі яны незалежныя ад Масквы.
— У Беларусі 2 сакавіка пачаліся супольныя беларуска-брытанскія вайсковыя вучэньні, у якіх удзельнічаюць 28 марскіх пяхотнікаў Вялікай Брытаніі. Вучэньні пад кодавай назвай «Зімовы партызан» каля Віцебску працягнуцца да 14 сакавіка. Гэта першыя ў гісторыі вучэньні на тэрыторыі Беларусі з удзелам брытанскіх вайскоўцаў. Наколькі важная гэта падзея? Ці гэта дробязь, на якую ня варта зьвяртаць вялікай увагі, ці гэта знак, невялікі, але які шмат пра што гаворыць?
— Гэта сапраўды знак. І я б не сказаў, што ён невялікі, ён сапраўды шмат пра што гаворыць. Лёндан ёсьць найбліжэйшым партнэрам Вашынгтону на эўрапейскім кантынэнце, там вельмі шчыльная вайсковая інтэграцыя, значна мацнейшая за беларуска-расейскую.
Па-другое, брытанскія пяхотнікі прыбылі ў Беларусь з уласным узбраеньнем. Два тыдні — гэта даволі працяглы час. Гэта азначае, што праграма гэтых вучэньняў даволі маштабная.
Па-трэцяе, гэта першае за ўсю гісторыю прыбыцьцё у Беларусь вайскоўцаў з краінаў NATO са зброяй для сумесных практыкаваньняў. Таму гэта рэч прарыўная.
— І на гэта ўжо адрэагавалі ў Расеі — у пэўных выданьнях і тэлеграм-каналах. Аднак афіцыйнай рэакцыі Крамля не было і, найхутчэй, ня можа быць у такой сытуацыі. Але як, на вашую думку, можа адрэагаваць на гэта Масква — публічна і непублічна?
— Безумоўна, гэта выкліча пэўную напружанасьць у Крамлі. Не праз самыя вучэньні, вядома. Але трэба разумець, што вайсковае супрацоўніцтва выводзіцца з палітычнай сфэры. Калі няма пэўнага ўзроўню палітычнага даверу, то такія рэчы папросту немагчымыя. У гэтым выпадку, з улікам асаблівага статусу амэрыканска-брытанскіх адносінаў, у Маскве гэтыя вучэньні могуць ацаніць як вельмі сур’ёзны вынік працы афіцыйнага Менску на заходнім кірунку. І для Масквы, вядома, гэта дастаткова сур’ёзны раздражняльнік.
— Ці могуць у Маскве ацаніць гэтыя вучэньні як пэўную вайскова-палітычную поўху з боку Менску?
— Насамрэч не. Бо глядзім на гэта з пэўнай беларускай пэрспэктывы, але калі паглядзець на ўзровень узаемадзеяньня з NATO Армэніі ці Казахстану, то яны значна глыбейшыя і больш інтэнсіўныя.
Але ў маскоўскіх назіральнікаў узьнікае пытаньне, што ж там, у Беларусі, адбываецца і наколькі сур’ёзныя гэтыя пужалкі пра магчымасьць геапалітычнага развароту Менску на Захад. Таму, я думаю, на нейкім палітычным нефармальным узроўні Менск мусіў даць нейкія тлумачэньні Маскве. І хачу зьвярнуць увагу, што нядаўна адбыліся сустрэчы новапрызначанага сакратара Савету бясьпекі, былога міністра абароны Беларусі Раўкова з амбасадарам Расеі ў Беларусі. А днямі з расейскім амбасадарам сустрэўся і новы міністар абароны. Думаю, гэтыя пытаньні там абмяркоўваліся.
— Гэтымі тыднямі ўжо адбываюцца вучэньні NATO “Абаронца Эўропы 2020» (DEFENDER Europe 20) — адны з найбуйнейшых манэўраў за апошнія 20 гадоў. Яны праходзяць у тым ліку і ў суседніх зь Беларусьсю кранах — Літве і Польшчы. Адрозна ад ранейшых гадоў, калі праходзілі вучэньні каля межаў Беларусі, на гэты раз Менск асабліва нэгатыўна не рэагуе. Як гэта варта патлумачыць?
— Хачу зьвярнуць увагу, што Менск усё ж адрэагаваў. Калі пачаліся беларуска-брытанскія вучэньні, было афіцыйна заяўлена, што гэтыя двухбаковыя вучэньні праводзяцца бяз сувязі зь любымі іншымі вучэньнямі ў рэгіёне. Безумоўна, гэта быў намёк на DEFENDER Europe 2020.
Што да рэакцыі ўладаў Беларусі на вайсковую актыўнасьць NATO, яна дастаткова спакойная, афіцыйны Менск ня бачыць пагрозы з боку NATO. Заклапочанасьць выклікае тое, што такая актыўнасьць Менску можа выклікаць нейкія рэакцыі з расейскага боку, у тым ліку спробы націснуць на Менск, каб ён заняў больш антызаходнюю пазыцыю. Трэба зьвярнуць увагу, што была спроба Аляксандра Лукашэнкі перакінуць мосьцік у бок Крамля, маўляў, давайце мы неяк сумесна адрэагуем на натаўскія вучэньні. Масква гэта праігнаравала.
Мабыць, у Беларусі і Расеі ўяўленьне пра “сумесную рэакцыю” вельмі разыходзіцца. Масква не хавае, што пытаньне пашырэньня расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі ня вырашана раз і назаўсёды, яно проста адкладзена, і пашырэньне расейскай вайсковай прысутнасьці — гэта і ёсьць тое сумеснае адэкватнае рэагаваньне, якое магло б задаволіць Маскву.
— Але на сёньня відавочна, што Менск не зацікаўлены ў такім пашырэньні вайсковай прысутнасьці Расеі на беларускай тэрыторыі.
— Безумоўна, не зацікаўлены. У Масквы дастаткова абмежаваныя магчымасьці, каб праціснуць такое рашэньне. Але давайце памятаць, што ў свой час пад рашэньнем стварыць расейскую вайсковую авіябазу ў свой час падпісаліся Пуцін, Мядзьведзеў і Шойгу. Таму для іх гэта ў тым ліку і захаваньне аблічча.
— Калі нядаўна чарговы раз разгарэлася энэргетычная спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй, то некаторыя назіральнікі зьвярталі ўвагу, што сярод козыраў Менску ёсьць на крайні выпадак магчымасьць паставіць пад пытаньне знаходжаньне ў Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў. Наколькі рэалістычна, што цяперашнія ўлады Беларусі могуць рашыцца паставіць гэтае пытаньне?
— Пытаньне працягу дамовы аб арэндзе гэтых вайсковых аб’ектаў мусіла быць вырашана яшчэ ў 2018 годзе. Безумоўна, афіцыйны Менск паспрабуе прывязаць пытаньне расейскай вайсковай прысутнасьці з агульным парадкам дня, палітычнымі і гандлёвымі дачыненьнямі. Але наўрад ці спроба будзе пасьпяховай, бо Масква вельмі жорстка разводзіць гэтыя пытаньні.
У гэтым выпадку, мне падаецца, ёсьць пэўная імавернасьць (зараз цяжка ацаніць, наколькі яна значная), што Лукашэнка прыме эмацыйнае рашэньне не працягваць арэнду гэтых аб’ектаў. Адпаведна гэта дасьць Маскве стымулы, каб перайсьці да сыстэмнага ціску на Беларусь.
— Можна ўзгадаць, што фармальна Расея ня плаціць арэндную плату за гэтыя аб’екты ў Беларусі, але аказвае сустрэчныя паслугі і прадастаўляе Беларусі маёмасьць і амуніцыю расейскага войска. Ці гэтая схема задавальняе Беларусь? Можа, Менск у адказ на зьмены стаўленьня Масквы да энэргетычных пытаньняў можа запатрабаваць за вузел у Баранавічах жывыя грошы?
— Гэта вялікае пытаньне — ці мэтазгодна патрабаваць грошы за працу гэтых аб’ектаў і пачаць у сваю чаргу аплочваць тыя паслугі, якія Расея надае Беларусі ў вайсковай сфэры. Бо можа так атрымацца, што ў выніку Беларусь згубіць. Сёньня мы ня маем дакладнай калькуляцыі магчымых дакладных коштаў арэнды гэтых аб’ектаў і магчымых коштаў тых паслугаў, якія Расея прадстаўляе беларускаму войску.
Але трэба памятаць дзьве рэчы. Першае — гэтыя аб’екты энэргаёмістыя, а Беларусь мае лішак электраэнэргіі. Другое — працоўныя месцы: там працуюць некалькі сотняў грамадзянаў Беларусі, якія атрымліваюць някепскі на беларускую мерку заробак. То бок тут неабходны комплексны падыход. Трэба зрабіць адэкватную калькуляцыю. Можа быць, і ня варта працягваць арэнду гэтых аб’ектаў і паступова пачаць працэдуру іх вываду.
— Калі экспэрты кажуць пра магчымасьць узмацненьня расейскага ціску на Беларусь, то ў якасьці процівагі ўзгадваюць паляпшэньне адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам. Але дыпляматычныя і палітычныя адносіны не канечне азначаюць зьмены для Беларусі ў вайскова-стратэгічным сэнсе. Дагэтуль беларускае войска ёсьць часткаю агульнае групоўкі з расейскім войскам. Ці зьмянілася нешта ў стаўленьні вайскоўцаў NATO да Беларусі?
— Вайскоўцы зыходзяць з тых пасылаў, якія ім даюць палітыкі. Але можна сказаць, што сытуацыя мяняецца і ўсё больш заходніх краінаў прызнаюць Беларусь як самастойнага гульца ў сфэры рэгіянальнай бясьпекі. Гульца вельмі незразумелага, непасьлядоўнага, зь якім цяжка выбудоўваць адносіны. Але тое, што гэта не Расея, — гэта дакладна.
Ёсьць праблема ў тым, што афіцыйны Менск спрабуе паводле сваёй старой звычкі сядзець на двух крэслах адначасова. Адной рукой робіць нейкія новыя захады даверу і дыялёгу з NATO, зь іншага — працягвае гуляць на баку Расеі ў нейкіх непрынцыповых пытаньнях. І гэта дэманструе, што Беларусь застаецца ў шчыльных кантактах з Масквой, і выклікае падазрэньне афіцыйнага Менску ў падвойнай гульні.
Так што для Захаду незразумела, наколькі Менск добрасумленны гулец, наколькі можна давяраць уладам Беларусі, наколькі яны незалежныя ад Масквы. Тут зь беларускага боку пакуль правальваецца камунікацыя. Беларускі бок пакуль ня можа давесьці да сваіх заходніх партнэраў, дзе тыя чырвоныя рысы, якіх яны ня могуць пераступіць. Каб было зразумела, дзе тут сапраўды беларуская пазыцыя, якая недзе можа супадаць з расейскай, а дзе вымушаныя крокі ў другасных пытаньнях на карысьць Расеі.
То бок пакуль праблема з камунікацыяй існуе, але існуе і разуменьне таго, што Менск — гэта не Масква.