У Беларусі 2 сакавіка пачаліся супольныя беларуска-брытанскія вайсковыя вучэньні, у якіх удзельнічаюць 28 марскіх пяхотнікаў Вялікай Брытаніі.
Вучэньні пад кодавай назвай «Зімовы партызан» каля Віцебску працягнуцца да 14 сакавіка. Гэта першыя ў гісторыі вучэньні на тэрыторыі Беларусі з удзелам брытанскіх вайскоўцаў.
Пачаткова меркавалася, што на супольных вучэньнях брытанскія і беларускія вайскоўцы адпрацуюць навыкі выжываньня зімою. Аднак, як адзначае брытанская амбасада ў Менску, «надзеі на правядзеньне вучэньняў пры халодным надвор’і расталі са сьнегам».
Таму вайскоўцы будуць «праводзіць навучаньне ў складаных балотных і лясных умовах, абменьвацца досьведам апэрацый па падтрыманьні міру і праводзіць шэраг сумесных культурных захадаў».
Летась 27 беларускіх вайскоўцаў праходзілі стажыроўку ў Вялікай Брытаніі, беручы ўдзел у спаборніцтвах па вайсковых навыках, вывучаючы ангельскую мову і навыкі вайны ў горадзе.