Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі і ягоная сяброўка, былая кіраўніца аддзелу камунікацыяў Кансэрватыўнай партыі Кэры Саймандз, абвясьцілі, што чакаюць дзіця, перадае BBC.
55-гадовы Джонсан і 31-гадовая Саймандз таксама заручыліся ў канцы мінулага году, паведаміла Саймандз у закрытым Instagram-акаўнце. Дзіця мае нарадзіцца ў пачатку лета.
Джонсан і Саймандз сталі першай нежанатай парай, што заняла прэм’ерскі офіс на Даўнінг стрыт, 10. Калі яны ажэняцца, Саймандз стане наймаладзейшай жонкай прэм’ера Брытаніі за 174 гады, а Джонсан — першым за 251 год прэм’ерам, які разьвёўся і ажаніўся на пасадзе.
Борыс Джонсан у 2018 годзе разышоўся з Марынай Уілер, зь якой быў жанаты з 1993 году. У пары засталіся дзьве дачкі і два сыны. У мінулым месяцы стала вядома, што Джонсан і Ўілер нарэшце завершаць разводны працэс, бо пагадзіліся ў фінансавых пытаньнях. Акрамя дзяцей ад Уілер, Джонсан мае таксама пазашлюбную дачку.
У колькасьці дзяцей Джонсана ня ўпэўненае выданьне Daily Mail — піша, іх «прынамсі» пяць. Газэта сьцьвярджае, што толькі падчас шлюбу з Уілер палітык меў трох каханак.