Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан упершыню на пасадзе кіраўніка ўраду сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Бэрліне. Ён перасьцярог расейскага лідэра ад «агрэсіўных» дзеяньняў на брытанскай тэрыторыі.
Два лідэры сустрэліся ў перапынку міжнароднай канфэрэнцыі аб праблемах Лібіі.
Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі назваў атручэньне былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля «неасьцярожным выкарыстаньнем хімічнай зброі» і «нахабнай спробай забойства нявінных людзей», адзначае RFI. Джонсан папярэдзіў Пуціна, што пазыцыя Вялікай Брытаніі ў «справе Скрыпалёў» не зьмянілася, паведаміла прэс-служба прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі ў паведамленьні.
Нармалізацыі міждзяржаўных двухбаковых стасункаў ня будзе, пакуль Расея ня спыніць дзеяньні, якія пагражаюць Вялікай Брытаніі і яе саюзьнікам, сказаў Борыс Джонсан.