Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім» чакае ўжо не 155, а 61 млн даляраў кампэнсацыі за брудную расейскую нафту


Прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандар Цішчанка 26 лютага сказаў БелТА, што канцэрн зафіксаваў 536 тысячы тон бруднай расейскай нафты, за якую чакае звыш 61 млн даляраў кампэнсацыі.

Пры тым месяц таму кіраўнік канцэрну Андрэй Рыбакоў называў удвая большыя аб’ёмы бруднай нафты: казаў, «на тэрыторыі краіны апынулася каля 1,2 млн тон нафты, забруджанай хлёрарганічнымі злучэньнямі».

Днём раней намесьнік Рыбакова Ўладзімер Сізаў казаў, што канцэрн чакае ад Расеі кампэнсацыі «па аналёгіі зь іншымі бакамі, якія «былі ўцягнутыя ў гісторыю з бруднай нафтай» — па 15 даляраў на барэль.

Калі лічыць, што ў краіну паставілі раней названыя 1,2 млн тон нафты, барэль якой важыць 0,1373 т, то выходзіла б, што Расея вінная каля 131,1 млн даляраў — у два зь лішкам разы больш, чым гаворыць Цішчанка.

«Белнафтахім» патрабаваў мінулым летам ад Расеі кампэнсацыі за брудную нафту ў памеры 155 млн даляраў

У красавіку 2019 году беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымалі партыю няякаснай нафты з Расеі. Сьцьвярджалася, што узровень хлярыдаў быў перавышаны ў 20 і больш разоў, ад гэтага сапсавалася абсталяваньне. Таксама беларускі бок заяўляў, што праз вымушанае прыпыненьне паставак нафтапрадуктаў на экспарт страціў некалькі сотняў мільёнаў даляраў.

Расейскі бок прызнаў факт паставак няякаснай нафты, у Расеі завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Але пра кампэнсацыю за брудную нафту дамовіліся толькі празь 10 месяцаў (пра мэтодыку падлікаў і падыходы да кампэнсацыі — празь 9) па здарэньні.

Урад Беларусі раней дапускаў, што можа зьвярнуцца ў суд, калі Расея адмовіцца кампэнсаваць выгаду, страчаную праз пастаўкі бруднай нафты.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG