Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея дамовіліся аб кампэнсацыі за брудную нафту

абноўлена

Прадстаўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся аб кампэнсацыі за брудную нафту з разьліку 15 даляраў на барэль, пішуць беларускае БелТА і расейскі ТАСС.

Пра дамоўленасьць паведаміў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізаў.

«Ідзе праца, накіраваная на ўстанаўленьне і пацьверджаньне тых кампэнсацыйных выплат, якія павінны будуць быць сплачаныя Мазырскаму нафтаперапрацоўчаму заводу», — сказаў Сізаў.

Паводле Сізава, гаворка ідзе пра суму «па аналёгіі зь іншымі бакамі, якія «былі ўцягнутыя ў гісторыю з бруднай нафтай» — гэта кантрагенты ў Польшчы, Чэхіі, Славакаіі, Венгрыі.

«З адкрытых крыніц стала вядома, што яны атрымалі кампэнсацыю памерам 15 даляраў на барэль пастаўленай нафты за павышаным утрыманьнем хлёрарганікі», — сказаў Сізаў.

У красавіку 2019 году беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымалі партыю няяканай нафты з Расеі. Сьцьвярджалася, што узровень хлярыдаў быў перавышаны ў 20 і больш разоў, праз гэта сапсавалася абсталяваньне. Таксама беларускі бок заяўляў, што праз вымушанае прыпыненьне паставак нафтапрадуктаў на экспарт страціў некалькі сотняў мільёнаў даляраў.

Расейскі бок прызнаў факт паставак няякаснай нафты, у Расеі завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Але пра кампэнсацыю за брудную нафту дамовіліся толькі празь 10 месяцаў (пра мэтодыку падлікаў і падыходы да кампэнсацыі — празь 9) па здарэньні.

Сьцьвярджалася, што ў Беларусь трапілі 1,2 млн тонаў бруднай нафты. Калі лічыць, што адзін барэль важыць 0,1373 т, то выходзіць, што ў Беларусь трапіла каля 8,74 млн «брудных барэляў», а кампэнсацыя мае скласьці каля 131,1 млн даляраў. «Белнафтахім» мінулым летам патрабаваў 155 млн даляраў.

Урад Беларусі раней дапускаў, што можа зьвярнуцца ў суд, калі Расея адмовіцца кампэнсаваць выгаду, страчаную праз пастаўкі бруднай нафты.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG