Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню затрымалі сьведку Яговы з Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Расеі «Сьведкі Яговы» прызнаныя экстрэмісцкай арганізацыяй і перасьледуюцца паводле Крымінальнага кодэксу. Затрыманыя вернікі паведамляюць пра жорсткія катаваньні ў расейскай паліцыі.

Каардынатарка напрамку правоў чалавека замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства праваабарончай арганізацыі Human Constanta Эніра Браніцкая паведаміла, што 21 лютага ў Беларусі быў затрыманы сьведка Яговы з Расеі. Ён знаходзіцца ў СІЗА ў Віцебску. Гэта Мікалай М. Паводле сайта «Сьведак Яговы», крымінальную справу супраць яго завялі ў Расеі 31 студзеня 2019 году ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.

«Ягонае імя ёсьць у міждзяржаўным вышуку. У Расеі на яго заведзеная крымінальная справа і прынятае рашэньне аб утрыманьні яго пад вартай. Ён зьехаў, і яго затрымалі ў Беларусі, — кажа Эніра Браніцкая. — Цяпер разглядаецца пытаньне аб выдачы яго Расеі. Наша пракуратура будзе прымаць рашэньне, выдаць яго ці не».

Радыё Свабода зьвярнулася па пацьверджаньне гэтай інфармацыі ў прэс-службу МУС. Прадстаўніца прэс-службы сказала, што інфармацыя будзе правярацца.

Агульная практыка ў падобных выпадках паміж Расеяй і Беларусьсю — выдача затрыманага.

У Расеі «Сведкі Яговы» прызнаныя экстрэмісцкай арганізацыяй. У Беларусі грамада «Сьведак Яговы» афіцыйна зарэгістраваная. Вернікаў больш за 6000.

«Мы ўдакладняем інфармацыю пра тое, што ён мог падацца на статус уцекача. Гэта ў любым выпадку павінна прыпыніць яго выдачу, бо будзе разглядацца гэтае хадайніцтва. Хутчэй за ўсё, ён будзе падавацца, бо ёсьць палітычны матыў, які дае яму такія падставы», — тлумачыць сытуацыю праваабаронца.

Аднак Браніцкая папярэджвае, што за ўсю гісторыю беларускага заканадаўства аб уцекачах расейцам Беларусь ніколі статус уцекача не давала.

Паводле расейскага праваабарончага цэнтру «Мэмарыял», ня менш за 200 сьведак Яговы перасьледуюцца па артыкуле 282.2 КК РФ «Арганізацыя дзейнасьці рэлігійнай арганізацыі, у дачыненьні да якой прынята рашэньне аб ліквідацыі ў сувязі з ажыцьцяўленьнем экстрэмісцкай дзейнасьці». Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае да 10 год пазбаўленьня волі. Як паведамляе «Мэмарыял», на сёньня ня менш як 15 сьведак Яговы знаходзяцца пад вартай, 24 — пад хатнім арыштам. Яшчэ 163 мелі іншыя меры стрыманьня.

У што вераць Сьведкі Яговы

  1. Бог. Сьведкі Яговы вераць у адзінага праўдзівага і ўсёмагутнага Бога, чыё імя — Ягова.
  2. Біблія. Сьведкі Яговы вераць, што Біблія — гэта слова Бога. Яны засноўваюць усе свае вучэньні на 66 кананічных кнігах Бібліі. Пры гэтым яны прызнаюць, што частка Бібліі напісана вобразнай мовай і не павінна разумецца літаральна.
  3. Ісус Хрыстос. Яны вераць у тое, што Ісус Хрыстос — гэта Збаўца і Сын Бога, але лічаць, што вучэньне пра Тройцу не заснаванае на Сьвятым Пісаньні.
  4. Царства Бога. Яны вераць у тое, што адзіная надзея чалавецтва — Царства Бога як нябесны ўрад, які ў хуткім часе зьнішчыць сучасны парадак у сьвеце, у тым ліку ўсе чалавечыя ўрады, і створыць новы парадак, у якім будуць жыць толькі праведныя людзі.
  5. Збавеньне. Пазбаўленьне ад граху магчымае дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста. Для гэтага трэба верыць у Хрыста і хрысьціцца. Аднак збавеньне немагчыма заслужыць, яго можна атрымаць толькі дзякуючы Божай дабрыні.
  6. Нябёсы. Адносна невялікая колькасьць людзей, 144 000, уваскрэснуць для жыцьця нябеснага, каб кіраваць разам з Ісусам Хрыстом у Царстве Бога.
  7. Зямля. Сьведкі Яговы вераць, што Бог падорыць паслухмяным яму людзям дасканалае здароўе і вечнае жыцьцё ў раі на зямлі.
  8. Зло і пакуты. Паводле Сьведак Яговы, зло і пакуты зьявіліся, калі адзін з анёлаў паўстаў супраць Бога. Гэты былы анёл пасьля бунту быў названы Сатаной і Д’яблам. Ён спакусіў Адама і Еву, што мела для людзей жахлівыя наступствы.
  9. Сьмерць. Калі чалавек памірае, ён перастае існаваць. Бог не катуе людзей у пекле. Бог верне людзей да жыцьця праз уваскрашэньне. Тыя, хто пасьля ўваскрашэньня адмовіцца вучыцца Божым шляхам, будуць назаўжды зьнішчаныя.
  10. Сям’я. Сям’я разглядаецца як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, а развод лічыцца дапушчальным толькі ў выпадку сэксуальнай здрады мужа ці жонкі.
  11. Пакланеньне Богу. Сьведкі Яговы не ўшаноўваюць крыж ды іншыя выявы. Сярод іх формаў пакланеньня Богу — малітва, чытаньне і вывучэньне Бібліі, дапамога бедным і пацярпелым ад стыхійных бедзтваў.
  12. Арганізацыя. Сьведкі Яговы аб’яднаныя ў сходы, кожны зь якіх мае раду старэйшын. Аднак старэйшыны не атрымліваюць платы і не зьяўляюцца духавенствам. Дзейнасьць падтрымліваецца добраахвотнымі ахвяраваньнямі, якія робяцца ананімна.
  13. Адзінства. Сьведкі Яговы дэкляруюць, што робяць усё магчымае, каб сярод іх не было сацыяльных, этнічных, расавых ці клясавых падзелаў.
  14. Паводзіны. Сьведкі Яговы кажуць пра павагу да законаў любой краіны, калі тыя не пярэчаць законам Бога. Сярод забароненых Богам рэчаў яны называюць пераліваньне крыві. Сьведкі Яговы імкнуцца да міру і ня ўдзельнічаюць у войнах.
  15. Адносіны зь іншымі. Сьведкі Яговы спрабуюцца заставацца нэўтральнымі ў палітычных пытаньнях.

Паводле афіцыйнага сайту Сьведак Яговы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG