Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьведку Яговы ў Расеі асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня


Расейскія выданьні Сьведак Яговы.
Расейскія выданьні Сьведак Яговы.

Cуд у расейскім Томску прысудзіў мясцоваму пасьлядоўніку рэлігійнай арганізацыі «Сьведкі Яговы» Сяргею Клімаву шэсьць гадоў калёніі за арганізацыю экстрэмісцкай суполкі.

У сваім апошнім слове Сяргей Клімаў прызнаў сябе сьведкам Яговы, паведамляе томскае выданьне ТВ2. Клімаў, аднак, заявіў, што суд неабгрунтавана палічыў яго кіраўніком рэлігійнай арганізацыі.

«Уся мая дзейнасьць зьвязана з маімі рэлігійнымі перакананьнямі як фізычнай асобы, што гарантавана мне Канстытуцыяй РФ і не забаронена ніводным судом», — цытуе Клімава ТВ2.

  • У 2017 годзе Вярхоўны суд Расеі прызнаў рэлігійную арганізацыю «Сьведкі Яговы» экстрэмісцкай, забараніўшы яе дзейнасьць на тэрыторыі краіны. Пры гэтым, як адзначаў праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», у рашэньні суду «не было прыведзена ніводнага факту парушэньня вернікамі грамадзкага парадку, праяваў агрэсіі або гвалту зь іх боку, а таксама сьведчаньняў, што іхная дзейнасьць пагражала бясьпецы Расейскай Фэдэрацыі».
  • У сьнежні 2018 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з чальцамі прэзыдэнцкай Рады ў правах чалавека назваў прызнаньне Сьведак Яговы экстрэмістамі «лухтой», заявіўшы, што яны таксама хрысьціяне і перасьледаваць іх няма за што.
  • Тым ня менш з часу забароны ў Расеі некалькі соцень Сьведак Яговы трапілі пад крымінальны перасьлед, дзесяткі былі асуджаныя на рэальныя тэрміны зьняволеньня праз абвінавачаньне ў арганізацыі экстрэмісцкай дзейнасьці. Многія з арыштаваных вернікаў скардзіліся на катаваньні і зьдзекі падчас допытаў.

У што вераць Сьведкі Яговы

  1. Бог. Сьведкі Яговы вераць у адзінага праўдзівага і ўсёмагутнага Бога, чыё імя — Ягова.
  2. Біблія. Сьведкі Яговы вераць, што Біблія — гэта слова Бога. Яны засноўваюць усе свае вучэньні на 66 кананічных кнігах Бібліі. Пры гэтым яны прызнаюць, што частка Бібліі напісана вобразнай мовай і не павінна разумецца літаральна.
  3. Ісус Хрыстос. Яны вераць у тое, што Ісус Хрыстос — гэта Збаўца і Сын Бога, але лічаць, што вучэньне пра Тройцу не заснаванае на Сьвятым Пісаньні.
  4. Царства Бога. Яны вераць у тое, што адзіная надзея чалавецтва — Царства Бога як нябесны ўрад, які ў хуткім часе зьнішчыць сучасны парадак у сьвеце, у тым ліку ўсе чалавечыя ўрады, і створыць новы парадак, у якім будуць жыць толькі праведныя людзі.
  5. Збавеньне. Пазбаўленьне ад граху магчымае дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста. Для гэтага трэба верыць у Хрыста і хрысьціцца. Аднак збавеньне немагчыма заслужыць, яго можна атрымаць толькі дзякуючы Божай дабрыні.
  6. Нябёсы. Адносна невялікая колькасьць людзей, 144 000, уваскрэснуць для жыцьця нябеснага, каб кіраваць разам з Ісусам Хрыстом у Царстве Бога.
  7. Зямля. Сьведкі Яговы вераць, што Бог падорыць паслухмяным яму людзям дасканалае здароўе і вечнае жыцьцё ў раі на зямлі.
  8. Зло і пакуты. Паводле Сьведак Яговы, зло і пакуты зьявіліся, калі адзін з анёлаў паўстаў супраць Бога. Гэты былы анёл пасьля бунту быў названы Сатаной і Д’яблам. Ён спакусіў Адама і Еву, што мела для людзей жахлівыя наступствы.
  9. Сьмерць. Калі чалавек памірае, ён перастае існаваць. Бог не катуе людзей у пекле. Бог верне людзей да жыцьця праз уваскрашэньне. Тыя, хто пасьля ўваскрашэньня адмовіцца вучыцца Божым шляхам, будуць назаўжды зьнішчаныя.
  10. Сям’я. Сям’я разглядаецца як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, а развод лічыцца дапушчальным толькі ў выпадку сэксуальнай здрады мужа ці жонкі.
  11. Пакланеньне Богу. Сьведкі Яговы не ўшаноўваюць крыж ды іншыя выявы. Сярод іх формаў пакланеньня Богу — малітва, чытаньне і вывучэньне Бібліі, дапамога бедным і пацярпелым ад стыхійных бедзтваў.
  12. Арганізацыя. Сьведкі Яговы аб’яднаныя ў сходы, кожны зь якіх мае раду старэйшын. Аднак старэйшыны не атрымліваюць платы і не зьяўляюцца духавенствам. Дзейнасьць падтрымліваецца добраахвотнымі ахвяраваньнямі, якія робяцца ананімна.
  13. Адзінства. Сьведкі Яговы дэкляруюць, што робяць усё магчымае, каб сярод іх не было сацыяльных, этнічных, расавых ці клясавых падзелаў.
  14. Паводзіны. Сьведкі Яговы кажуць пра павагу да законаў любой краіны, калі тыя не пярэчаць законам Бога. Сярод забароненых Богам рэчаў яны называюць пераліваньне крыві. Сьведкі Яговы імкнуцца да міру і ня ўдзельнічаюць у войнах.
  15. Адносіны зь іншымі. Сьведкі Яговы спрабуюцца заставацца нэўтральнымі ў палітычных пытаньнях.

Паводле афіцыйнага сайту Сьведак Яговы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG