Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі Расею перастаць «ілжыва абвінавачваць» Сьведак Яговы


Расейскія выданьні Сьведак Яговы.
Расейскія выданьні Сьведак Яговы.

У ЗША занепакоеныя асуджэньнем у Саратаве шасьці членаў забароненых у Расеі Сьведак Яговы. Пра гэта заявіла кіраўніца прэсавай службы зьнешнепалітычнага ведамства ЗША Морган Ортэгус.

«Глыбока занепакоеныя рашэньнем расейскага суду пасадзіць у турму шасьцярых Сьведак Яговы за мірную рэлігійную практыку. Мы заклікаем Расею паважаць правы сваіх грамадзян на свабоду веравызнаньня і перастаць ілжыва вінаваціць Сьведак Яговы ў экстрэмізьме», — напісала ў твітэры Ортэгус.

20 верасьня стала вядома, што суд у Саратаве асудзіў да тэрмінаў ад двух да трох з паловай гадоў калёніі шасьцярых членаў Сьведак Яговы, абвінаваціўшы іх у арганізацыі экстрэмісцкай супольнасьці.

У пачатку верасьня 2019 году Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што ўвёў санкцыі супраць двух высокапастаўленых супрацоўнікаў Сьледчага камітэту ў Сургуце з прычыны справы, распачатай супраць членаў арганізацыі Сьведкі Яговы, арышту некалькіх чалавек і іх катаваньняў. Пад санкцыі трапілі кіраўнік сьледчага аддзелу па горадзе Сургут Уладзімір Ермалаеў, а таксама Сцяпан Ткач, якога Дзярждэпартамэнт называе старшым сьледчым.

Ад пачатку дзеяньня санкцый Ермалаеву і Ткачоў, а таксама іх найбліжэйшым сваякам забаронена ўяжджаць на тэрыторыю ЗША.

У лютым 2019 году сямёра Сьведак Яговы ў Сургуце паведамілі пра затрыманьні і катаваньні, якія былі да іх ужытыя 15 лютага ў будынку мясцовага Сьледчага камітэту. Паводле словаў вернікаў, падчас допытаў сілавікі патрабавалі ад іх разблякаваць мабільныя тэлефоны і агаварыць сябе і сваіх адзінаверцаў. Пасьля сыходу дзяжурнага адваката ім зьвязвалі скотчам рукі за сьпінай, зьбівалі, распраналі дагала, аблівалі вадой і ўжывалі электрашокер.

У лютым да шасьці гадоў калёніі быў асуджаны датчанін Дэніс Крыстэнсэн, ён узначальваў Арлоўскую суполку Сьведак Яговы.

У 2017 годзе Вярхоўны суд Расеі вынес рашэньне аб прызнаньні арганізацыі Сьведкі Яговы экстрэмісцкай і забараніў яе дзейнасьць. Пасьля гэтага сьледчыя ў некалькіх рэгіёнах Расеі, у тым ліку ў Сургуце, завялі справы на пасьлядоўнікаў Сьведак Іеговы.

  • Некалькі дзясяткаў сяброў арганізацыі ў розных рэгіёнах былі арыштаваныя, а сотні ўжо зьехалі з Расеі і спрабуюць атрымаць палітычны прытулак за мяжой.
  • Паводле дадзеных Дзярждэпартамэнту, у цяперашні час справы заведзеныя на больш чым 250 вернікаў Сьведак Яговы ў розных рэгіёнах Расеі, а больш за 60 з іх чакаюць прысуду.
  • У сьнежні 2018 году Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з членамі прэзыдэнцкай Рады правоў чалавека назваў прызнаньне Сьведак Яговы экстрэмістамі «лухтой».

У Беларусь дзейнасьць Сьведак Яговы дазволена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG