Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне ў калёніі ня выжыць». Як 18-гадовую дзяўчыну асудзілі за наркотыкі па наводцы сяброўкі


Кастрычніцкі суд Магілёва асудзіў на 6 гадоў калёніі 18-гадовую навучэнку мясцовага каледжа Дарʼю Н. за незаконны абарот наркатычных рэчываў. У выраку судзьдзі Жанны Пушкінай гаворыцца, што абвінавачаная набывала, перавозіла, захоўвала і збывала псыхатропныя рэчывы.

Напярэдадні, 20 лютага, пракурор прасіла пакараць дзяўчыну 9 гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Сваёй віны Дарʼя Н. не прызнала. Паводле дзяўчыны, на супрацьпраўныя дзеяньні яе падбіла сяброўка, якая супрацоўнічала зь міліцыяй і была завэрбаванай закупшчыцай наркотыку.

Сьцісла пра абвінавачаную

  • 18 гадоў. Сама з Воршы Віцебскай вобласьці.
  • Вучылася ў Магілёўскім эканамічным прафэсійна-тэхнічным каледжы.
  • Скончыла мастацкую школу і два гады адвучылася ў музычнай школе.
  • Марыць стаць майстрам тату і мець свой салён.

Дзьве таблеткі экстазі і пагроза быць пакаранай на 15 гадоў

Па словах родных, Дарʼя трапіла пад увагу супрацоўнікаў наркакантролю пасьля таго, як на 9 гадоў асудзілі яе хлопца за тое самае незаконнае абарачэньне наркотыкаў. Ён быў уладальнікам інтэрнэт-крамы, дзе прадавалі наркатычныя рэчывы. Сачылі за ёй з красавіка 2019 году.

У матэрыялах справы адзначаецца: пра тое, што Н. незаконна збывае наркотыкі, міліцыі паведаміла яе аднагрупніца Кацярына А., якая «добраахвотна» пагадзілася ўдзельнічаць у «праверачным закупе».

Паводле сьледзтва, 28 верасьня 2019 году падазраваная набыла дзьве таблеткі экстазі, адну аддала А., якая на той момант ужо была закупшчыцай у апэратыўна-вышуковым мерапрыемстве. Адну таблетку пакінула сабе. Грошы на наркотык А. выдалі апэратыўнікі.

Будынак Кастрычніцкага суду Магілёва
Будынак Кастрычніцкага суду Магілёва

Пазьней А. давяла сьледзтву, што Н. не аднойчы прапаноўвала ёй набыць у яе наркотыкі. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, паказаньні закупшчыцы падмацаваныя сьведчаньнямі апэратыўнікаў. А. у судзе выступала ў закрытым рэжыме.

Затрымалі Дарʼю Н. 25 кастрычніка. Падчас вобшуку на найманай кватэры ў торбе дзяўчыны знайшлі яшчэ іншы наркотык.

Сьледзтва выставіла ёй абвінавачаньне ў незаконным з мэтаю збыту набыцьці, захоўваньні, перавозцы асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў мэдыцыне — так званага MDMA, а таксама ў незаконным бяз мэты збыту набыцьці і захоўваньні рэчыва, якое ўтрымлівае асабліва небясьпечны псыхатроп α-PVP (ч. 1, 3 арт. 328). Ёй пагражала да 15 гадоў калёніі.

Абвінавачаная: «Мне ня выжыць у калёніі»

У судзе Дарʼя Н. час ад часу зрывалася на плач. Казала, што ў зьняволеньні многае зразумела і гатовая адказваць, але не за тое, чаго не рабіла. Прасіла суд аб літасьці.

«Мне 18 гадоў, я маладая. Я не такім бачыла сваё жыцьцё, — казала яна. — Мне ў калёніі ня выжыць. Я ведаю, што вінаватая ў тым, што пагадзілася, паддалася эмоцыям і набыла рэчыва для сумеснага ўжываньня, але я не зьбіралася за яго мець узнагароду і ў мяне не было злачынных намераў. А цяпер на судзе я выглядаю, нібыта жахлівы нарказбытчык. Я ня думала, што мая сяброўка так усё падасьць».

Сваёй віны яна не прызнала. Пацьвердзіла, што разам з А. сапраўды набылі дзьве таблеткі экстазі, каб спажыць іх, але сказала, што набыць наркотык прапанавала сяброўка. Падсудная сама замовіла і зьезьдзіла па яго, потым адну таблетку аддала сяброўцы.

У апошнім слове дзяўчына сказала, што раней ужывала наркотыкі зь сяброўкай, але кінула задоўга да затрыманьня. Заявіла, што ня можа паверыць, каб «блізкі, родны ёй чалавек» справакаваў яе на супрацьпраўныя дзеяньні дзеля ўласнай карысьці.

«Страшна, што прага грошай можа падбіць аднаго чалавека на дзеяньні, якія зломяць жыцьцё і лёс іншаму чалавеку», — сказала суду Дарʼя.

З А. асуджаная доўгі час жыла ў адным пакоі інтэрнату каледжа. Калі Дарʼя пераехала на найманую кватэру, то Кацярына часта гасьцявала ў яе. Кацярына сірата, таму Дарʼя давала ёй насіць свае рэчы, у тым ліку торбу, у якой падчас вобшуку знайшлі псыхатропнае рэчыва «α-PVP». Абвінавачаная сьцьвярджала, што доўга не карысталася торбай і ня ведае, як у ёй апынуўся наркотык.

Маці абвінавачанай: Маё дзіця павінна несьці адказнасьць толькі за ўжываньне наркотыкаў, але не за распаўсюд

Апошняе слова абвінавачанай прысутныя ў залі сустрэлі плачам. Пачуўшы зварот пракурора, які запатрабаваў пакараць Дарʼю 9 гадамі, заля заціхла. Маці падсуднай Натальля сказала, што ня можа паверыць у пачутае, бо сябру дачкі за наркатычную інтэрнэт-краму далі гэтулькі ж.

Пасьля прысуду маці сказала, што да апошняга спадзявалася на тое, што суд перакваліфікуе абвінавачваньне на 1 частку 238 артыкула — зь мякчэйшым пакараньнем.

Малюнак, які намалявала Дарʼя ў сьледчым ізалятары. На ім адна зь сябровак
Малюнак, які намалявала Дарʼя ў сьледчым ізалятары. На ім адна зь сябровак

«Гэтая справа — вынік відавочнай правакацыі найлепшай сяброўкі дачкі, — сказала Натальля Н. — Што да прысуду, то гэта ня самае горшае, чаго я чакала, але мы будзем змагацца. Я лічу, што маё дзіця павінна несьці адказнасьць толькі за ўжываньне наркотыкаў, але не за распаўсюд».

Паводле суразмоўніцы, сьледзтва спрабавала знайсьці падставы, каб абвінаваціць Дарʼю ў тым, што яна зарабляла на наркотыках, але гэтага не ўдалося зрабіць. Жанчына прадставіла дакумэнты, якія пацьвярджалі, што бацькі ўтрымлівалі дачку. Каб аплаціць паслугі адваката, яны прадалі лецішча.

Пра Кацярыну А. Натальля Н. расказала, што маці ў яе памерла, а бацьку пазбавілі бацькоўскіх правоў. Дачку папярэджвалі пра падазроныя паводзіны Кацярыны, але Дарʼя ўсё роўна дапамагала сяброўцы. Натальля зьбіралася аформіць апякунства над А., але кіраўніцтва каледжу параіла ёй гэтага не рабіць.

Такое ананімнае паведамленьне прыйшло маці Дарʼі Несьцеравай на вайбэр. Дачка была ўжо ў зьняволеньні
Такое ананімнае паведамленьне прыйшло маці Дарʼі Несьцеравай на вайбэр. Дачка была ўжо ў зьняволеньні

Родныя абвінавачанай сьцьвярджаюць, нібыта Кацярына А. атрымала ўзнагароду за «выкрыцьцё злачыннай дзейнасьці Дарʼі».

Дарʼя Н. мае 10 дзён, каб абскардзіць прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG