Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 2700 чалавек падпісаліся за амністыю для маладых людзей, асуджаных па наркатычных артыкулах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянская ініцыятыва «Наша права» сабрала больш за 2700 подпісаў пад зваротам да ўладаў з нагоды плянаванай сёлета амністыі. Падпісанты просяць прымяніць амністыю да маладых людзей, асуджаных па «наркатычным» артыкуле Крымінальнага кодэксу № 328.

Збор подпісаў стартаваў 4 студзеня. 18 студзеня зварот накіруюць у Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет бясьпекі, Генэральную пракуратуру, МУС і Палату прадстаўнікоў.

Асуджаныя па «наркатычных» артыкулах раней не падпадалі пад амністыі. Дзякуючы намаганьням рухаў «Маці 328» і «Наша права» летась да маладых людзей упершыню за доўгі час прымянілі амністыю, скараціўшы тэрміны на 1–2 гады. Таксама актывісты дамагліся зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства: мінімальны тэрмін пакараньня па частцы 2 артыкула 328 зьнізілі з 5 да 3 гадоў, па частцы 3 артыкула 328 — з 8 да 6 гадоў.

Паводле аўтараў звароту, амністыя і скарачэньне тэрмінаў «аказваюць станоўчы ўплыў на маладых людзей, асуджаных да працяглых тэрмінаў пакараньня, усяляюць у іх надзею, што яны не абыякавыя сваёй краіне, і спрыяюць кансалідацыі нашага грамадзтва ў цэлым».

Адна зь лідэрак ініцыятывы «Наша права» Джэсіка Цыдвінцава нагадала ў камэнтары Свабодзе, што многія маладыя людзі апынуліся за кратамі за «сотыя грама псыхатропных рэчываў ці наркотыкаў». Іх пакаралі вялікімі тэрмінамі (8–16 гадоў) пазбаўленьня волі.

«Знаходжаньне ў пэнітэнцыярнай сыстэме моладзі такі доўгі час не спрыяе яе разьвіцьцю і сацыялізацыі. Лягерная псыхалёгія атручвае ўсё грамадзтва, лік тых, хто прайшоў праз турэмную мясарубку, ідзе на тысячы», — выказваюцца аўтары звароту.

У звароце зазначаецца, што Крымінальна-выканаўчы кодэкс патрабуе карэкціроўкі, каб «адпавядаць духу часу і ідэям гуманізму, сучасным мэханізмам выпраўленьня».

«Хутка праводзіць адпаведныя рэформы праблематычна, у сувязі з чым у наша грамадзтва вяртаюцца азлобленыя пэсымісты, якім пры вызваленьні на практыцы не аказваецца ніякая дапамога», — пішуць заяўнікі.

Ініцыятыва «Наша права» просіць ня толькі ўключыць у законапраект аб амністыі-2020 моладзь, асуджаную па «наркатычных» артыкулах, але і перагледзець практыку прымяненьня часткі 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні з наркотыкамі ў складзе групы).

«У Беларусі ня можа быць такой колькасьці арганізаваных злачынных груп, а маладыя людзі, якія трапілі пад уплыў наркагандляроў праз глябальную сетку Інтэрнэт, не павінны ў адзіночку несьці павышаную адказнасьць за міжнародныя злачынныя групы», — напісалі аўтары звароту.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG