За ўвесь год валавы ўнутраны прадукт павінен вырасьці на 2,8%, лічыў урад. Бюджэт разьлічвалі з росту на 1,9% за год. Тым часам за месяц ВУП упаў прыблізна на 2%.
Афіцыйных зьвестак пра аб’ёмы валавога ўнутранага прадукту за студзень Белстат пакуль не публікаваў. Але, як перадае Tut.by заяву прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, урад «прагназуе ВУП на ўзроўні 98%» — то бок падзеньне на 2% да сьнежня.
Гэтае падзеньне Румас зьвязаў з «нафтахіміяй» (верагодна, маюцца на ўвазе наступствы нафтавага канфлікту з Расеяй і спыненьня паставак расейскай нафты), а таксама з вытворчасьцю калійных угнаеньняў (праз успышку каранавірусу попыт на іх скараціўся).
Пры тым, дадаў ён, «большасьць галін» эканомікі дзейнічае адпаведна прагнозным паказьнікам, а сельская гаспадарка — нават лепей за прагнозы.
Колькі мусіў быць ВУП?
На 2020 год беларускія ўлады спачатку заплянавалі рост ВУП на 2,5%, але пасьля крытыкі Лукашэнкі павялічылі гэтую лічбу да 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП усяго на 1,9% — гэта «базавы» сцэнар эканамічнага разьвіцьця.
Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе ўсяго на 0,3%.
За 2019 год ВУП Беларусі вырас усяго на 1,2% — гэта было горш за кепскі прагноз уладаў і далёка ад заданьня Аляксандра Лукашэнкі «ня менш за 4%».
За першы квартал, прагназаваў раней міністар эканомікі, ВУП складзе «99–100% ад узроўню аналягічнага пэрыяду 2018 году». Гэта значыць, што ВУП упадзе (за І квартал 2019-га ВУП вырас да І кварталу 2018-га на 1,1% у рэальным выражэньні).
Стаўку рэфінансаваньня панізілі недастаткова, мяркуе Румас
З 19 лютага 2020 году стаўка рэфінансаваньня зьніжаецца з 9 да 8,75% гадавых — і ранейшая была рэкордна нізкай у гісторыі Беларусі, цяпер рэкорд абновяць.
Прэм’ер Румас у камэнтары Tut.by заявіў, што ўрад чакаў «большага кроку ў яе зьніжэньні з улікам запаволеньня інфляцыі і тэндэнцыяў, што адбываюцца ў суседніх краінах». Інфляцыя пры тым невялікая, але памалу паскараецца: у студзені склала 0,9%, у сьнежні была 0,5%, у лістападзе — 0,2%.
Як адзначыў Румас, сытуацыя са стаўкай рэфінансаваньня такая:
🇧🇾 У Беларусі — панізілі на 0,25% да 8,75%.
🇷🇺 У Расеі — панізілі на 0,25% да 6%.
🇺🇦 Ва Ўкраіне — панізілі на 2,5% да 11%.
Стаўку рэфінансаваньня вызначае не прэм’ер ці ўрад, а Нацыянальны банк. Большае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня, як мяркуе Румас,
- «стымулявала б інвэстыцыйную актыўнасьць»;
- «паслала б выразны сыгнал рынку, што, нягледзячы на зьнешнія выклікі, сытуацыя ў эканоміцы стабільная»;
- «дазволіла б зэканоміць бюджэтныя сродкі пры кампэнсацыі працэнтных ставак банкам».