«Будзем набываць нафту па сусьветных цэнах», — з такой фармулёўкай скончыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы. Свабода разабралася, што гэта значыць для беларускай эканомікі.
Вынік сочынскіх перамоў Лукашэнкі і Пуціна агучыў першы віцэ-прэмʼер беларускага ўраду Дзьмітры Круты.
«Калі казаць пра дамоўленасьці аб нафце, нафтавым рынку, то расейскі бок згадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасьці з расейскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусьветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабавалі наш прэзыдэнт, беларускі бок. Што Беларусі ня трэба ніякіх спэцыяльных эксклюзіўных умоў. Мы хочам купляць нафту па сусьветных цэнах і ня горшых», — сказаў чыноўнік.
Глядзім, што гэта за ўсясьветныя цэны.
«Ніякіх усясьветных цэнаў няма, гэта бессэнсоўна»
Цана на расейскую нафту складаецца з уласна кошту, экспартнага мыта і прэміяў для кампаній, якія гэтую нафту здабываюць. Экспартнага мыта Беларусь, у адрозьненьне ад іншых краін, ня плаціць. Вось так формулу тлумачыць старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.
«Фраза аб усясьветных цэнах бессэнсоўная. Пры экспарце з Расеі няма сусьветных цэнаў. Цана для ўсяго сьвету ўключае экспартнае мыта. Беларусі прадаюць за тую ж цану, але без экспартнага мыта. Пры падатковым манэўры экспартнае мыта зьніжаецца, таму і зьніжка для Беларусі становіцца меншай. Перамовы Беларусі і Расеі былі вакол прэміяў для расейскіх нафтавых кампаніяў, якія плаціць Беларусь. Праз гэтую фразу пра сусьветныя цэны вынік перамоваў абсалютна незразумелы», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.
У 2019 годзе Беларусь набывала ў Расеі нафту ў сярэднім па 49 даляраў за барэль, цана на расейскую нафту для іншых краін была на 13-15 даляраў вышэйшай.
Што будзе, калі Беларусь заплаціць за нафту, «як усе»
Калі Беларусь будзе набываць расейскую нафту па іншых цэнах, то гэта адабʼецца на беларускіх НПЗ, а пасьля і на грамадзянах. Падаражэе паліва для ўнутранага рынку, а за ім і тавары з паслугамі.
«Гэта зьніжэньне рэнтабэльнасьці нафтаперапрацоўкі і экспарту нафтапрадуктаў. Вырастуць цэны на паліва і павялічыцца цана на сыравіну для беларускай нафтахімічнай галіны. Пры той жа глыбіні нафтаперапрацоўкі, як цяпер, сфэра стане менш рэнтабэльнай, магчыма, трэба будзе зьніжаць абʼёмы перапрацоўкі», — лічыць Вадзім Іосуб.
Але ўсё гэта можа адбыцца хіба пасьля 2024 году, калі ў Расеі завершыцца падатковы манэўр.
У такой сытуацыі Беларусі давядзецца пераглядаць сваю эканамічную мадэль, што, на думку эканаміста, кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука якраз пазытыўна.
«Будзе нармалізацыя паліўнага рынку, Беларусь зможа плянаваць дзяржаўныя і карпаратыўныя фінансы, як і патрабуе таго эканоміка. Беларускія ўлады вымушаныя будуць разьлічваць на іншыя рэсурсы эканамічнага росту. Дагэтуль Расея давала Беларусі крыніцы эканамічнай дапамогі, і гэта здымала неабходнасьць рэфармаваць дзяржаўны сэктар. Пытаньне, на каго лягуць праблемы з нафтай: на нафтаперапрацоўчую галіну ці на людзей. Бо ў апошнім выпадку вырастуць цэны для людзей», — разважае Яраслаў Раманчук.
Дзе Беларусь цяпер купляе нафту
Да перамоваў з Пуціным Беларусь сёлета набывала нафту толькі ў расейскіх прыватных кампаній Міхаіла Гуцэрыева. Таксама партыю нафту Беларусь закупіла ў Нарвэгіі. Нафтаперапрацоўчыя заводы, з улікам спыненьня паставак з Расеі, былі вымушаныя працаваць на мінімальнай магутнасьці.
Таксама Беларусь спрабавала шукаць нафту ў іншых крыніцах, вяліся перамовы з Казахстанам, Літвой, Латвіяй.
«Альтэрнатыўныя пастаўкі прапрацоўваюцца. Ня буду анансаваць, але ёсьць ужо практычна гатовыя кантракты. Гэта тычыцца ня толькі самой нафты, але і лягістычных каналаў яе паступленьня. Гэта ўжо будзе не па парта́х ці чыгунцы, гэта будуць ужо іншыя кірункі. Гэта значыць, мы цяпер працуем у розных напрамках і адпрацоўваем розныя гатункі [нафты]», — так ахарактарызаваў пошук альтэрнатыўных крыніц нафты кіраўнік «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў 22 студзеня.
Падчас свайго візыту ў Беларусь дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо прапанаваў Беларусі зьвярнуцца па нафту ў ЗША.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі