Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект аншлюсу Беларусі быў блефам, саміт у Сочы гэта даказаў, — расейскі палітоляг Бялкоўскі


Палітоляг Станіслаў Бялкоўскі
Палітоляг Станіслаў Бялкоўскі

Мінулы 7 лютага ў Сочы расейска-беларускі саміт канчаткова падкрэсьліў, што праект аншлюсу Беларусі быў блефам. Такую думку выказаў вядомы расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ў сваёй аўтарскай праграме на радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«Я заўсёды лічыў і лічу, што папраўдзе праекту аншлюсу Беларусі не было. Гэта былі такія пужалкі, таму што гэта вельмі дарагі праект, па-першае, для Расеі. А з пункту гледжаньня Беларусі, прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка ніколі не дапусьціць ліквідацыі беларускай незалежнай дзяржаўнасьці, пра што ён ня толькі неаднаразова казаў, але і рабіў шмат крокаў, каб даказаць сур’ёзнасьць сваіх выказваньняў на гэтую тэму», — заявіў Бялкоўскі.

Як лічыць палітоляг, пакуль сытуацыя разьвіваецца паводле прынцыпу «ні міру, ні вайны, армію распусьціць»: «Расея працягвае ціснуць на Беларусь, інтэграцыі не адбываецца», — адзначыў ён. Праект аншлюсу «зусім не патрэбен ні для пралангацыі паўнамоцтваў Пуціна, якая не плянуецца, (...) ні для таго, каб Уладзімір Пуцін мог заставацца гарантам транзыту ўлады ў сытуацыі, калі невядома, хто стане наступным прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі». «Для гэтага Беларусь зусім не патрэбна», — падкрэсьліў экспэрт.

На яго думку, Лукашэнка «ня хоча, натуральна, аніякай паглыбленай інтэграцыі»:

«І ён разыгрывае апошнюю карту, пра якую ня вельмі прынята казаць публічна. Гэта радыёлякацыйная станцыя „Волга“, важная частка расейскай сыстэмы папярэджаньня ракетнага нападу... І Аляксандар Рыгоравіч стаў намякаць на тое, што калі Расея будзе занадта ціснуць у частцы паглыбленьня інтэграцыі, а заадно павысіць цэны на газ зь цяперашніх 127 даляраў за тысячу кубічных мэтраў, то можна закрыць радыёлякацыйную станцыю, якая перададзена яшчэ ў 1995 годзе ў доўгатэрміновую арэнду Расеі. Пагадненьне ад 6 студзеня. Разам з зямельнымі ўчасткамі на 25 гадоў», — адзначыў Бялкоўскі.

«І 1 лютага сёлета, як вядома, у Менск прыяжджаў дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо, — нагадаў ён. — І там Аляксандар Рыгоравіч з Майкам Пампэо казаў, што калі нас будуць зусім душыць, то прыйдзе Амэрыка нам на дапамогу і мы наўзамен закрыем расейскую радыёлякацыйную станцыю пад Баранавічамі і тым самым асьлепім расейскую ж сыстэму раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе».

«Натуральна, у тое, што гэта здарыцца, на самай справе пакуль ніхто не верыць, але вы ведаеце, у дзяцінстве і юнацтве я таксама ня верыў, што разваліцца Савецкі Саюз», — сказаў палітоляг.

У красавіку 2019 году Бялкоўскі заявіў, што цяперашні этап расейска-беларускіх стасункаў — гэта «тролінг Беларусі», «спроба забраць яе актывы, а не незалежнасьць», таму «ніякага аншлюсу ня будзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG