Беларускі рубель працягвае страчваць пазыцыі. 10 лютага даляр ЗША на таргах Менскай валютнай біржы вырас да 2,1847 рубля. 1 студзеня 2020 году за амэрыканскую валюту давалі 2,1085 рубля.
Такім чынам, пабіты рэкорд мінулага году. Але найбольшы паказьнік датаваны лютым 2016-га, тады даляр каштаваў 2,2069 рубля. Згодна са сцэнаром уладаў, к 2025 году курс даляра складзе 2,35 рубля.
У наступныя пяць гадоў курс даляра ў Беларусі штогод будзе расьці на 4-5 капеек. Такі сцэнар, паводле зьвестак БелаПАН, закладзены пры падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2025 году.
Гэтая тэма ўздымалася падчас нядаўняга паседжаньня Рэспубліканскага клюбу дырэктараў. Намесьнік міністра эканомікі Дзьмітры Ярашэвіч, адказваючы на пытаньне прадстаўнікоў бізнэсу, якога валютнага курсу варта чакаць, даў зразумець, што «істотную карэкціроўку» закладаць не плянуецца.
Мэтавы сцэнар сярэднетэрміновага разьвіцьця прадугледжвае, што ў 2025 годзе валавы ўнутраны прадукт дасягне 234,8 млрд рублёў і ў валютным эквіваленце дасягне 100 млрд даляраў. Адпаведна, чакаецца, што празь 5 гадоў афіцыйны курс даляра складзе каля 2,35 рубля.
У пачатку 2020 году афіцыйны курс даляра складаў 2,11 рубля і вырас ад моманту дэнамінацыі ў сярэдзіне 2016-га прыкладна на 5%. Разам з тым ад пачатку года курс даляра ў Беларусі вырас прыкладна на 3% на фоне росту курсу даляра ў Расеі.
Улады Беларусі прадказваюць стабільнасьць валютнага курсу пры ўмове, што нафта ў наступныя гады на сусьветным рынку будзе каштаваць ня менш за 60 даляраў за барэль.
Акрамя гэтага, як мяркуюць аналітыкі фінансавага рынку, на ўстойлівасьць курсу беларускага рубля будуць рабіць уплыў умовы імпарту расейскіх энерганосьбітаў.
У канцы мінулага тыдня Расея пагадзілася пастаўляць Беларусі газ на ўмовах 2019 году, а нафту будзе прадаваць па сусьветных цэнах.