Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіхоўскі: І гэтым разам усё скончыцца палітычнай перамогай Лукашэнкі над Пуціным


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, 2019
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ, 2019

Расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі заяўляе, што Масква вымушаная будзе капітуляваць перад чарговым напорам Лукашэнкі, сьцьвярджае, што для Пуціна сустрэча Лукашэнкі з Пампэо — асабістая зьнявага, і тлумачыць, чаму для Крамля цалкам парваць з Лукашэнкам — гэта кепскі варыянт.

Сьцісла:

  • Ані Лукашэнка асабіста, ані актыўная частка беларускага грамадзтва ня хоча паглынацца
  • Ідэя пра тое, што нікуды «бацька» ад Масквы не падзенецца, кепская з тае прычыны, што «бацька», можа, і не падзенецца, але «бацьку» могуць падзець.
  • Сыход Беларусі да амэрыканцаў — аплявуха і асабіста Пуціну, і пуцінскаму рэйтынгу ўнутры Расеі.
  • Лукашэнка цяпер цяжарны выбарчай кампаніяй, а гэта значыць — максымальна ўразьлівы. І таму Масква будзе ціснуць.

— Гаворачы пра заплянаваную на 7 лютага сустрэчу з Пуціным, Лукашэнка ацаніў яе як «нейкі момант ісьціны». Сапраўды, Беларусь на гэты момант жыве без кантрактаў на пастаўкі расейскіх нафты і газу. Ці прывядзе, на вашую думку, сустрэча 7 лютага да нейкіх пагадненьняў, альбо канфлікт будзе працягнуты?

— Гэта называецца антаганістычная супярэчнасьць. Бо калі ачысьціць ад балбатні — братэрства па зброі, а раней Лукашэнка тлумачыў, што Беларусь абараняе Расею ад NATO, таго самага, зь якім цяпер Беларусь спрабуе сябраваць, — калі адкінуць гэтую балбатню, то застаецца простая гісторыя.

Пуцін (незразумела дзеля чаго, магчыма, дзеля ўвекавечваньня сваёй улады) робіць крокі, каб ліквідаваць дзяржаву Беларусь. «Аб’яднаць» з Расеяй. Але зразумела, што гэта не аб’яднаньне, а звычайнае паглынаньне, на тых ці іншых умовах. Але ані Лукашэнка асабіста, ані актыўная частка беларускага грамадзтва ня хоча паглынацца. Гэта пункт адзін.

Леанід Радзіхоўскі
Леанід Радзіхоўскі

Пункт два. Лукашэнка так пабудаваў беларускую эканоміку, што без датацый ад Расеі беларуская эканоміка жыць ня можа.

Пункт тры. Як можна злучыць гэтыя два першыя пункты? Не разумею. Не выконваць патрабаваньні Расеі можна. Расея ваяваць зь Беларусьсю ня будзе. Але для гэтага трэба адмовіцца ад падачак Масквы. А адмовіцца ад падачак нельга, бо тады абваліцца беларуская эканоміка. Я ня думаю, што гэта будзе нейкі катастрафічны крах маштабаў Вэнэсуэлы. Але краху будзе цалкам дастаткова, каб Лукашэнка мог страціць уладу. Калі на выбары ён прынясе выбарнікам такія «падарункі», як рост цэнаў на ЖКГ у два разы, скарачэньне пэнсій, то ў такой сытуацыі ўзьнікне рэальная апазыцыя і яго проста скінуць.

Таму Лукашэнка ў безнадзейным становішчы. Пагодзісься з умовамі Пуціна — прадасі сваю дзяржаву за нафтадаляры. Не пагодзісься — рызыкуеш страціць сваю ўладу ў барацьбе з апазыцыяй.

— Раней Лукашэнку ўдавалася знайсьці выхад з такога трохкутніка. Неяк знаходзіць сярэднюю пазыцыю, пагаджацца часткова з умовамі Масквы, часткова пашыраць свае. Чаму цяпер гэтага ня можа адбыцца? Яны ж зноў могуць памірыцца на нейкіх сярэдняўзважаных умовах?

— Безумоўна, так заўсёды і было. Я думаю, што і на гэты раз тым і скончыцца. Памірыцца на сярэдняўзважаных умовах — калі адкінуць слоўнае сьмецьце, гэта азначае адно: Пуцін капітулюе перад чарговым напорам Лукашэнкі.

Бо ў эканамічных спрэчках магчымы кампраміс, гэта нармальна. Але калі Пуцін ставіць пытаньне палітычнае — «мы вас хочам зьесьці, адзінае маё жаданьне — вас праглынуць», — то ў такім выпадку кампраміс немагчымы. Перамагае альбо пазыцыя Пуціна, альбо Лукашэнкі — «вы нас не праглынулі. Я застаўся незалежным, але грошы ты мне працягваеш плаціць». Гэта поўная палітычная перамога Лукашэнкі. Эканамічна — любыя кампрамісы магчымыя.

Я практычна ўпэўнены, што ўсё і гэтым разам скончыцца перамогай Лукашэнкі над Пуціным. Я перакананы, што паглынаньня Беларусі ня будзе, ліквідацыі беларускай дзяржавы ня будзе. З той простай прычыны, што, акрамя жаданьня Лукашэнкі захаваць асабістую ўладу, ёсьць яшчэ і беларускае грамадзтва. Так, яно неарганізаванае і слабое, але яно ня хоча ўлівацца ў Расею.

Па-першае, ім дарагая сама форма, сымбаль — «у нас свая дзяржава». Па-другое, беларуская моладзь і гарадзкая кляса ня бачаць сябе ў Расеі — яны бачаць сябе ў Эўразьвязе. Яны глядзяць не на Ўсход, а на Захад. І калі іх сілай загоняць на Ўсход, яны разьюшацца.

А для Пуціна парваць з Лукашэнкам, грымнуць кулаком у стол, сказаць: «Надакучыла мне аплачваць твае гістэрыкі, больш нічога не атрымаеш» — гэта варыянт, але кепскі. Бо гэта зь вялікай верагоднасьцю азначае крах Лукашэнкі і прыход да ўлады празаходняй і пралібэральнай сілы (Украіна-2) альбо канчатковы разрыў з Лукашэнкам. Тады ён пабяжыць на Захад кленчыць грошай, і, магчыма, нехта нешта дасьць. Зноў жа разрыў зь Беларусьсю і яе сыход на Захад.

Так, Пуцін ашчадзіць грошы, але грошы яго не турбуюць. Пуцін застаецца без адзінага саюзьніка і зь вялікай дзіркай у расейскай грамадзкай сьвядомасьці. Расейскае грамадзтва прывыкла, што Беларусь — гэта саюзьнік, братэрская краіна, васал і гэтак далей. І раптам — палаяліся. І з кім мы ў Расеі засталіся? Зусім адны? Непрыемна.

Таму я думаю, што ў гэтай спрэчцы Лукашэнка пераможа. Ягоныя пазыцыі эканамічна слабейшыя, а палітычна мацнейшыя.

— Але ёсьць і такая лёгіка. У Крамлі могуць вырашыць, што калі абрэзаць Лукашэнку эканамічныя прэфэрэнцыі, ён усё роўна застанецца ляяльны, бо нікуды не падзенецца. На Захадзе яго ўсё роўна ня прымуць, куды яму ўцякаць ад Масквы?

— Гэта магчымы варыянт. Грошы ня так важныя для Пуціна. Расея траціць шалёныя грошы на прэстыж, траціцца на ДНH, Сырыю, цяпер улезла і ў Лібію. Ня кажучы пра гіганцкія вайсковыя выдаткі, якія Расеі не патрэбныя з гледзішча бясьпекі, але патрэбныя толькі дзеля прэстыжу. На гэтым фоне выдаткі на Беларусь ня самыя вялікія.

Ідэя пра тое, што нікуды «бацька» ад нас не падзенецца, кепская з тае прычыны, што «бацька», можа, і не падзенецца, але «бацьку» могуць падзець. Калі рэзка зрэзаць датацыі — гэта азначае рэзка зьнізіць узровень жыцьця беларусаў. А гэта рэзкае падзеньне папулярнасьці якраз пад выбары. А калі «бацька» зьляціць, то Пуцін сам сабе зладзіць другі Майдан, другую Ўкраіну. Навошта?

— Нядаўна ў расейскіх СМІ прагучала інфармацыя, што Крэмль вырашыў зьняць забарону на крытыку Лукашэнкі ў прэсе. І апошнія дні, на фоне візыту дзяржсакратара ЗША Пампэо ў Менск, гэтая крытыка набыла нейкія зацятыя формы. Можа, Масква і не плянуе спрабаваць зрынуць Лукашэнку, але пашчыпваць і пакусваць яго будзе больш актыўна.

— Безумоўна. Увогуле, пуцінская замежная палітыка — гэта асабісты прэстыж, асабістыя крыўды, асабістыя амбіцыі. Грошы маюць другаснае значэньне, бо грошы казённыя, а прэстыж асабісты. Для Пуціна «дружба» Лукашэнкі з Пампэо — гэта зьнявага. Лукашэнка гэта разумее, і менавіта дзеля гэтага і ідзе на кантакты з Пампэо. Ён спрабаваў напалохаць Пуціна — калі што, я пайду да амэрыканцаў. Сыход Беларусі да амэрыканцаў — аплявуха і асабіста Пуціну, і пуцінскаму рэйтынгу ўнутры Расеі.

Лукашэнка як бы кажа — «А я магу, я пайду да амэрыканцаў. І што ты можаш? Вайну мне абвесьціш? Што ты можаш? Нічога ня можаш. Калі ня хочаш, каб я сышоў — плаці».

Пуцін ня любіць, калі зь ім гуляюць у такія гульні.

— Калі казаць пра беларускую прэзыдэнцкую кампанію, то ці будзе Расея дастаткова актыўна ў яе ўмешвацца? З аднаго боку, Маскве ня трэба тут непрадказальны хаос у выпадку «без Лукашэнкі». Зь іншага боку, пэўную нестабільнасьць, якая заўсёды ёсьць падчас такіх кампаній, можна выкарыстоўваць, каб выбіць з Лукашэнкі больш ляяльнасьці да Масквы.

— Лукашэнка цяпер цяжарны выбарчай кампаніяй, а гэта значыць — максымальна ўразьлівы. І таму Масква будзе ціснуць.

Але ёсьць рэчы, якія дзеляцца на часткі, і ёсьць — якія ня дзеляцца, і там трэба мець 100 працэнтаў, усё або нічога. На часткі дзеляцца — прыватызацыя, гульня з амэрыканцамі і гэтак далей. Тут «торг уместен». І Масква тут можа нешта з Лукашэнкі выціснуць, пакуль ён ва ўразьлівым становішчы.

А ёсьць пункты, па якіх торг немагчымы. Альбо вы ліквідуецеся і ўваходзіце ў склад Расеі, альбо не. Адказ — не, мы ня ўвойдзем у склад Расеі. І гэта галоўная стратэгічная перамога Лукашэнкі, якая яму гарантаваная.

А саступкі і адступленьні па астатніх пунктах магчымыя. Напрыклад, па тых пунктах, якія Лукашэнка сам прыдумаў менавіта дзеля таго, каб потым адступіць. Скажам, намёк на сяброўства з амэрыканцамі. Гэта Лукашэнка сам прыдумаў, і ён ад яго лёгка адступіцца, калі трэба. Гэтыя гульні зразумелыя, і яны раздражняюць Пуціна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG