Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвал прарасейскіх настрояў. Чаму ён адбыўся?


Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, Менск, 20 сьнежня 2019
Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, Менск, 20 сьнежня 2019

Сьцісла:

  • З пачатку 2018 году да сьнежня 2019 году колькасьць прыхільнікаў саюзу з Расеяй зьменшылася з 64% да 40%
  • Прарасейскія настроі упалі ніжэй за «дакрымскі» ўзровень
  • Фактары, якія вызначылі зьніжэньне прарасейскіх настрояў — расейскі ціск, пазыцыя беларускай улады, тон дзяржаўных мэдыя, агітацыя і пратэсты супраць інтэграцыі
  • Спраўдзіўся прагноз сацыёляга Вардамацкага — на расейскі ціск беларускае грамадзтва адказала зьніжэньнем прарасейскі настрояў
  • Колькасьць рэспандэнтаў, якія выступаюць за адносіны з Расеяй з адкрытымі межамі, бязь візаў і мытняў, не зьмянілася і складае 75%

Менавіта пра абвал прарасейскіх настрояў сьведчаць дадзеныя апытаньня, якое правяла ў Беларусі ў сьнежні 2019 году Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ).

Былі апытаныя 1061 чалавек ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, гранічная памылка рэпрэзэнтатыўнасьці 3.2%, кантроль выбаркі ажыцьцяўляўся паводле ўзросту, рэгіёну і месца пасяленьня (горад/вёска).

Апытаньне праводзілася з 18 па 31 сьнежня 2019 году, пасьля першых акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі 7-8 сьнежня. Падчас апытаньня 40.4% рэспандэнтаў аддалі перавагу саюзу Беларусі і Расеі, пры гэтым 32% выказаліся за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз.

У апытаньні ў жніўні мінулага году суадносіны былі іншымі: 54.8% — за саюз з Расеяй, 24.4% — за далучэньне да ЭЗ.

Пікам прарасейскіх настрояў у Беларусі быў 2017 год, тады доля прыхільнікаў саюзу з РФ складала паводле апытаньняў складала ажно 70%.

Але з 2018 году пачалося зьніжэньне, са студзеня 2018 году па жнівень 2019 году колькасьць прыхільнікаў беларуска-расейскага саюзу зьменшылася прыкладна на 10 адсоткавых пунктаў, з 63.9% да 54.8%.

За апошняе паўгодзьдзе 2019 году тэмп зьніжэньня прарасейскіх настрояў рэзка павялічыўся, доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расеяй пераадолела псыхалягічна важную мяжу ў 50%.

Ніжэй за ўзровень да анэксіі Крыму

Варта заўважыць, што ў сьнежні 2019 году колькасьць тых, хто выступаў за саюз з Расеяй, упала ніжэй за ўзровень, на якім гэты паказьнік быў у пэрыяд да анэксіі Расеяй Крыму — у 2013 годзе. Тады гэты паказьнік складаў 54%. Анэксія Крыму, вайна на ўсходзе Ўкраіны, узмацнілі прарасейскія настроі, цяпер ківач масавых настрояў пайшоў у адваротны бок, перакрочыўшы даваенны ўзровень.

Прычыны рэзкага падзеньня прарасейскіх настрояў напрыканцы 2019 году відавочныя. Гэта канфлікты паміж Менскам і Масквой наконт паглыбленьня інтэграцыі, абмежаваньні расейскай эканамічнай дапамогі, рэзкія заявы беларускага кіраўніцтва наконт замахаў на беларускі сувэрэнітэт, агітацыя супраць інтэграцыі з боку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Гледзячы па ўсім, не апошнюю ролю адыграла і зьмена тону беларускіх афіцыйных СМІ. Паводле маніторынгу БАЖ у 2019 годзе дзяржаўныя мэдыя Беларусі сталі істотна менш прарасейскімі.

Супольнае ўзьдзеяньне гэтых фактараў і дала такі эфэкт.

Такім чынам акцыі пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі ў сьнежні 2019 году адлюстроўвалі ня толькі меркаваньні некалькіх тысячаў іх удзельнікаў, але і істотны зрух у масавых меркаваньнях, ва ўстаноўках сотняў тысячаў і мільёнаў беларусаў.

Гэтую ж тэндэнцыю ў масавай сьвядомасьці адлюстроўвалі і дзеяньні беларускай улады, Аляксандра Лукашэнкі, які не падпісаў праграму паглыбленьня інтэграцыі.

Як мяккая беларусізацыя зьмянілася цьвёрдай

Apriori рэакцыя беларускага грамадзтва на канфлікты паміж Менскам і Масквой, на расейскі ціск, магла быць і адваротнай: ай, як мы будзем жыць без Расеі, яны ж браты, ня дасьць Расея танных газу і нафты — прападзем, Лукашэнка ўпарціцца, а ў выніку мы зьбяднеем.

Такая лёгіка прывяла б не да зьніжэньня, а да росту прарасейскіх настрояў. І шмат якія чыньнікі дзейнічалі на карысьць гэтай лёгікі: Беларусь вельмі залежная ад Расеі, шмат беларусаў працуе на прадпрыемствах, якія працуюць на расейскі рынак, у мэдыйнай прасторы краіны калі не дамінуюць, то маюць велізарную вагу расейскія мэдыя, якія рэтрансьлююць расейскі погляд, у тым ліку і на двухбаковыя адносіны.

Гэтыя чыньнікі маглі б стаць вызначальнымі, схіліць шалі вагаў геапалітычнага выбару ў бок Расеі. Але не схілілі, схіліліся яны ў другі бок. Трэба сказаць, што кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні прафэсар Андрэй Вардамацкі яшчэ год таму прадказваў менавіта тую рэакцыю грамадзкай думкі, якую пазьней зафіксавалі апытаньні: паводле яго тагачаснага прагнозу інтэграцыйнае дужаньне выкліча падзеньне прарасейскіх настрояў. Мяккая беларусізацыя можа стаць цьвёрдай у выпадку вонкавага ціску — казаў тады Вардамацкі.

Год таму апытаньні не дэманстравалі выразна гэтай тэндэнцыі, тагачасны свой прагноз Вардамацкі рабіў на падставе папярэдняга досьведу.

Паводле яго ў 2006 годзе канфлікты ў двухбаковых адносінах прывялі да зьніжэньня ўзроўню прарасейскіх настрояў. Сёлетнія апытаньні цалкам пацьвердзілі прагноз сацыёляга.

За адмысловыя адносіны, супраць зьліцьця

Аднак варта заўважыць, што грамадзкая думка — зьява складаная і супярэчлівая.

У сьнежаньскім 2019 году апытаньні БАМ задавалася таксама пытаньне пра розныя варыянты стасункаў з Расеяй:

  • «Беларусь і Расея павінны быць незалежнымі, але дружалюбнымі краінамі — з адкрытымі межамі, бязь віз і мытняў»,
  • «Адносіны Беларусі і Расеі павінныя быць такімі ж, як зь іншымі краінамі — з закрытымі межамі, зь візамі, мытнямі»
  • «Аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў саюзную дзяржаву»
  • «Уваходжаньне Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю ў якасьці субʼекта фэдэрацыі».

У пытаньні пра выбар паміж саюзам з РФ і ўваходжаньнем Беларусі ў ЭЗ — зьмены кардынальныя. У адказах на пытаньне пра варыянты стасункаў з РФ зьменаў амаль не адбылося. Як і раней прыкладна тры чвэрці апытаных — за першы варыянт, бяз візаў і мытняў, прыкладна 7% — за стасункі, як з астатнім сьветам, за саюзную дзяржаву — каля 13%, за далучэньне да РФ — каля 4%.

Крыху зьмянілася толькі апошняя лічба, раней за аншлюс было 2%, цяпер стала 4%. Гэта ў межах памылкі рэпрэзэнтатыўнасьці выбаркі. Іншымі словамі, зьменаў у адказах на гэтае пытаньні па сутнасьці не адбылося.

Так што з адказаў на пытаньне пра геапалітычны выбар паміж РФ і ЭЗ не вынікае, што беларусы адвярнуліся ад Расеі, што ня хочуць ніякіх адмысловых сувязяў з усходнім суседам. У большасьці хочуць.

Але распушчэньня ў Расеі, страты сувэрэнітэту, істотнага паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй — не, ня хочуць. І ціск выклікае жаданьне не падпарадкоўвацца, а супраціўляцца яму. Хай сабе і не выходзячы на вуліцу, але прынамсі не згаджацца.

І гэта важная зьмена ў масавай сьвядомасьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG