Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Барыс Луцэнка, рэжысэр, які «зьмяніў тэатральную мову»


Барыс Луцэнка, архіўнае фота
Барыс Луцэнка, архіўнае фота

5 лютага на 83-м годзе жыцьця памёр рэжысэр Барыс Луцэнка. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага, якому творца прысьвяціў амаль паўстагодзьдзя сваёй дзейнасьці.​

Лашкевіч: «У тэатры пачала панаваць мэтафара, знак»

Драматург і тэатральны крытык Жанна Лашкевіч згадвае, што тэатральную мову Луцэнкі зразумелі не адразу, але рэжысэр выхаваў гледачоў — і тыя пачалі ўспрымаць яе вельмі станоўча.

«Барыс Луцэнка — гэта рэжысура вельмі высокага кшталту, гэта абсалютнае веданьне сцэны, абсалютнае веданьне людзей, зь якімі працуеш…

Скажам, малады актор прыходзіць — Луцэнка нават калі зь ім незнаёмы, але настолькі трапна, дакладна дае яму сцэнічныя заданьні, ставіць яго ў такія ўмовы, што кепска працаваць немагчыма. Ён меў пэўны ўзровень і ня тое каб падцягваў, а арыентаваў на свой узровень, і ты міжволі мусіў вучыцца і вучыцца.

Барыс Іванавіч са мной у зносінах быў вельмі лёгкі, добразычлівы і тактоўны. Я ня раз пісала пра ягоныя спэктаклі. А калі выказваеш меркаваньні, нават калі сто разоў падумаеш, усё адно на цябе могуць пакрыўдзіцца па-чалавечы: чалавек рабіў-рабіў, шмат празь якія перашкоды прайшоў, а ты прыйшла, села-паглядзела, табе не спадабалася. Дык вось Луцэнка казаў: давайце выключым слова „спадабалася“ з нашага лексыкону зусім, бо „спадабалася“ — гэта непрафэсійна. Давайце размаўляць прафэсійна: што ня так.

Калі ён прыйшоў у тэатар, то быў рэпэртуар, якога ня тое каб цураліся, але зь якім было цяжка працаваць тагачасным рэжысэрам. Я засьпела якраз той кавалак часу, калі Луцэнка цесна супрацоўнічаў з Валерыем Раеўскім — яны сапраўды мянялі тэатар. Перадусім мянялі тэатральную мову. Тое, што было вельмі пабытова, яны мянялі абсалютна: у тэатры пачала панаваць мэтафара, знак.

У Купалаўскім тэатры ў 1980-я яны зрабілі так, што спэктаклі выскачылі з пабытовага шэрагу — гэта не адразу, але вельмі станоўча ўспрыняў глядач. Яны выхавалі гледача пад новую тэатральную мову, і гэта вельмі каштоўна. Тое, што цяпер бабулі і дзядулі водзяць па тэатрах сваіх унукаў — гэта, несумненна, зьвязана з тым, што гэтыя людзі трапілі і ў тэатар імя Горкага, які двойчы ўзначальваў Луцэнка, і ў тэатар імя Купалы, дзе працаваў Луцэнка, і засьпелі, успрынялі, вывучылі гэтую мову, якую Луцэнка з Раеўскім прапанавалі.

Усе памятаюць тыя спэктаклі Барыса Іванавіча, якія проста ўзрушылі ў свой час тэатральны Менск. Мяне асабіста ў свой час вельмі ўразіў «Макбэт» зь Янкоўскім і Клімавай у галоўных ролях. Гэтыя ўражаньні незабыўныя, дайце веры: гэта якраз той непабытовы тэатар, дзе працавала мэтафара, а артыст вельмі далікатна і дакладна выконваў тое, што паставіў рэжысэр. Заля была ўражаная — я памятаю авацыю, якая доўжылася хвілін 15.

Са сьмерцю Раеўскага пайшла тэатральная эпоха, сьмерць Луцэнкі гэтую эпоху закрыла. Гэта натуральна для тэатру, што эпоха прыходзіць і адыходзіць. Але эпоха прыходзіць і адыходзіць разам зь вялікім творцам».

Барыс Луцэнка ў галоўнай ролі спэктаклю «Ён і яна» па ідэі п’есы «Гульня ў джын» Д. Кобурна, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага
Барыс Луцэнка ў галоўнай ролі спэктаклю «Ён і яна» па ідэі п’есы «Гульня ў джын» Д. Кобурна, у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага

Ракіцкі: «Савецкія цэнзары цкавалі яго»

Тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі згадвае, што рэысэра фактычна цкавалі савецкія цэнзары, абвінавачвалі ва ўсіх грахах, але ён адстойваў свае мастацкія пазыцыі.

«З адыходам Барыса Луцэнкі адыходзіць вельмі глыбокая і яскравая эпоха беларускага тэатру. Менавіта ён разам з Валерыем Раеўскім на пачатку 1970-х гадоў распачаў гэтую эпоху, калі прынесьлі новыя творчыя і мастацкія ідэі на беларускую сцэну, калі яны актыўна ўрываліся ў сучаснасьць і зьмянілі практычна цалкам эстэтыку беларускага тэатру.

Асабіста я вельмі ўдзячны Барысу Луцэнку, што меў магчымасьць глядзець ягоныя спэктаклі, думаць, разважаць. Зрэшты, як тэатральны крытык я адбыўся на спэктаклях Валерыя Раеўскага і Барыса Луцэнкі.

Я ніколі не забуду адзін зь першых спэктакляў Барыса Луцэнкі, пастаўлены ў 1972 годзе на сцэне Купалаўскага тэатру — «Раскіданае гняздо». Па сёньняшні дзень я лічу гэты спэктакль рэвалюцыйным, па сёньняшні дзень — найлепшым увасабленьнем клясычнай беларускай драматургіі на беларускай сцэне.

Немагчыма забыць і тыя спэктаклі, якія Луцэнка паставіў на сцэне тэатру імя Горкага — менавіта зь ягоным прыходам пачалася залатая эпоха гэтага тэатру. Менавіта Барыс Луцэнка зрабіў зь яго інтэлектуальны тэатар. Ягоныя «Макбэт», «Трохграшовая опэра», «Жыцьцё чалавека», «Пайсьці і не вярнуцца» вывелі гэты тэатар на эўрапейскі ўзровень.

Ён зрабіў гэтаксама вялікі ўнёсак у мастацтва Тэатру кінаактора. Дыямэнтам у тагачасным рэпэртуары быў ягоны «Гамлет».

Пік творчасьці Барыса Луцэнкі прыпаў на 1970-я і 80-я гады — час, калі мастацтва было пад вельмі моцнай цэнзурай. Барысу Луцэнку даводзілася пастаянна ня толькі ставіць спэктаклі, але і адстойваць перад уладай і цэнзарамі свае мастацкія і грамадзянскія пазыцыі.

Яго абвінавачвалі ў чым толькі магчыма! У абстрактным гуманізьме, у скажэньні рэальнасьці, у неразуменьні сацыялістычнага рэалізму. Вельмі многія цэнзары цкавалі яго ў часе абмеркаваньня спэктакляў, але Барыс Луцэнка ўсё ж мог адстаяць свае пазыцыі. І спэктаклі, нягледзячы на шматлікія перашкоды, даходзілі да гледачоў».

Барыс Луцэнка, партрэт работы Аляксея Кузьміча
Барыс Луцэнка, партрэт работы Аляксея Кузьміча

Шпакоўская: «Засьпела легендарнага, магутнага Луцэнку»

Акторка тэатру імя Горкага, сьпявачка Наста Шпакоўская цяжка падбірае словы: навіна пра сьмерць Луцэнкі дайшла да яе на могілках. Акторы Горкаўскага тэатру сабраліся там з нагоды дня нараджэньня актора Расьціслава Янкоўскага, які памёр у 2016 годзе.

«У мяне з Барысам Іванавічам было шмат спэктакляў, шмат знакавых роляў. Гэта быў чалавек надзвычайны, чалавек вялікага таленту, вялікага пачуцьця. Гэта вялікая страта для тэатру і для актораў, але вялікае шчасьце, што ён быў у жыцьці. Цеплыня ад яго адчуваньня сьвету, ад яго сэрца застанецца. Я засьпела легендарнага, магутнага Луцэнку. Ён часам сам ня ведаў, што рабіць са сваім талентам.

Яго „Паведамленьне Марыі“ было першым спэктаклем, на якім прысутнічаў мітрапаліт Філарэт — ён прыцягнуў царкву ў тэатар, гэта была надзвычайная падзея. Спэктакль „Ніначка“ — вельмі яскравы прыклад яго таленту. Цяпер у тэатры імя Горкага на Малой сцэне ідзе спэктакль „Эдып“ — там хоць малая форма, але адчуваецца, якая моц і глыбіня ў гэтага чалавека ў душы.

Ён заўсёды, усё сваё жыцьцё цікавіўся, што там будзе пасьля жыцьця. І сёньня мае думкі толькі пра тое, што вось, Барыс Іванавіч, цяпер ты ведаеш, як там што. Спадзяюся, ён быў падрыхтаваны да гэтага моманту. Хочацца верыць, што там яму будзе лепш, чым было тут».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG