Падзеі 7 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
7 лютага 2018 году памёр народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. З 1962 году і да самай сьмерці Гарбук працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.
Партфоліё актора налічвае больш за сотню роляў у тэатры і кіно. Генадзь Гарбук — гэта Васіль у спэктаклі і фільме «Людзі на балоце» паводле Івана Мележа, Сымон у «Раскіданым гнязьдзе» Янкі Купалы, Зёлкін у «Хто сьмяецца апошнім» паводле Кандрата Крапівы і дзясяткі іншых роляў.
Таксама ў гэты дзень
1909 — у Пецярбургу пачалося выданьне культурніцка-асьветніцкага часопісу «Белорусский учитель» на беларускай і расейскай мовах.
1926 — адбыўся першы ўсебеларускі краязнаўчы зьезд.
1992 — пачаўся ўстаноўчы зьезд Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій.
У гэты дзень нарадзіліся
1546 — Фёдар Еўлашоўскі, аўтар аднаго зь першых узораў старабеларускай мэмуарнай літаратуры — «Дзёньніка».
1812 — Чарльз Дыкенс, ангельскі пісьменьнік, аўтар раманаў «Олівэр Твіст» і «Дэйвід Копэрфілд».
1881 — Рамуальд Зямкевіч, беларускі бібліёграф, гісторык літаратуры, публіцыст, перакладчык.
1892 — Антон Сокал-Кутылоўскі, вайсковы і грамадзкі дзяяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, вязень ГУЛАГу.
1893 — Рыгор Рак, беларускі краязнаўца, у 1938 годзе рэпрэсаваны як сябар «контрарэвалюцыйнай арганізацыі».
У памяці
1891 — памёр Вінцэсь Каратынскі, беларускі і польскі літаратар.